Мінская, Лідская, Слуцкая.... 21.by

Мінская, Лідская, Слуцкая...

10.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускае паходжанне назваў вуліц Вільнюса

Успомніліся радкі з верша Янкі Купалы, прысвечаныя Якубу Коласу. У іх — прапанова сябру і паплечніку сустрэцца ў Вільнюсе, дзе абодва доўга дзяліліся хлебам-соллю. Успомніліся гэтыя радкі беларускага класіка, калі ішоў па ўтульнай вуліцы, названай імем Янкі Купалы. Тады і прамільгнула ў галаве пытанне: а колькі ў маім родным горадзе вуліц, названых імёнамі, якія маюць беларускае паходжанне?

У Вільнюскім гарадскім самакіраванні пытанню карэспандэнта "Звязды" перш трохі здзівіліся, але паставіліся з разуменнем і нават з цікавасцю. Пасля аднаўлення незалежнасці Літвы вярнулі вуліцам сталіцы старыя назвы, якія былі цесна звязаны з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. А тут без суседзяў і паплечнікаў беларусаў нельга абысціся.

Высветлілася, што вуліц з назвамі, якія маюць беларускае паходжанне, у горадзе 23. Яны розныя і па ўзросце, і па паходжанні, і па значнасці.

Мінская і цяпер адпавядае сваёй назве. Яна прасторная, шматвосевая і вядзе, як ні дзіўна, у бок Мінска. Цяпер яна — адна з самых ажыўленых вуліц горада.

У Вільнюсе засталося нямала вуліц, якія зараз ужо згубіліся ў цэнтры горада, а ў старыя часы былі вельмі важнымі артэрыямі, што злучаюць горад з бліжэйшымі паселішчамі і далёкімі гарадамі. Калёсамі, конна, а яшчэ часцей пешшу, сюды сцякаўся люд. Гэтыя вуліцы старога горада тады былі вельмі важныя, таму і нашмат шырэйшыя за іншыя. Трэба дзякаваць лёсу, які захаваў аблічча гэтых вуліц, хоць цяпер іх "шырыня" можа выклікаць не толькі паблажлівую ўсмешку, але і транспартныя пробкі.

Такая вуліца, напрыклад, Полацкая. Яна пачынаецца з цэнтра старога горада, амаль у два разы шырэйшая, чым вулачкі, якія ў яе "ўцякаюць". І сёння, як і ў былыя часы, праехаўшы Полацкую вуліцу да канца і рухаючыся далей, патрапіш у выніку ў слаўны горад Полацк.

У Радунь можна патрапіць, праехаўшы Радунскую вуліцу. Падобнае прызначэнне мелі вуліцы Лідская, Гродзенская, Наваградская, Віцебская, Слуцкая, але сёння яны захавалі толькі свае старыя назвы. Праехаць па іх да гарадоў, імёнамі якіх яны названы, цяпер немагчыма. Горад, які разросся, даўно іх "праглынуў". Яны цяпер у цэнтры і сваімі імёнамі нагадваюць аб гістарычных сувязях з Беларуссю.

Цікава і тое, што Вільнюс захаваў нямала вуліц, якія названы імёнамі бліжэйшых раней больш вядомых селішчаў, якія цяпер сталі маленькімі гарадкамі, нават вёскамі. Дагэтуль ёсць вуліцы Альшанская, Астравецкая, Ашмянская, Кены, Смаргонская, Дзятлаўская, Нарачанская і іншыя.

Недалёка ад вакзала пачынаецца вуліца Беларусаў. Гэта больш новая вуліца, бо чыгунка ў Вільнюс была працягнута толькі ў 1862 годзе.

Некалькі вуліц Вільнюса носяць імёны знакамітых беларусаў. У цэнтры горада ёсць вуліца Францішка Скарыны, беларускага першадрукара, філосафа-гуманіста, які ў 1520 годзе прыязджаў у Вільнюс, сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, і заснаваў тут першую на тэрыторыі дзяржавы друкарню. У ёй Скарына ў 1522 годзе выдаў "Малую падарожную кніжыцу", а ў 1525 годзе "Апостал".

Цікава тое, што тры вуліцы ў Нававільнюскім раёне носяць імёны беларускіх паэтаў. Гэты раён горада параўнальна малады, ён стаў расці толькі ў канцы 19 стагоддзя. Але ён цесна звязаны з жыццём Алаізы Пашкевіч (Цёткі), беларускай паэткі, рэвалюцыянеркі, якая ў 1904 годзе пачала працаваць фельчарам у Нававільнюскай бальніцы, адначасова займаючыся рэвалюцыйнай працай. Удзельнічала яна і ў выданні першай легальнай газеты на беларускай мове "Наша доля". Сёння яе імем названа вільнюская вуліца.

Гэты раён цесна звязаны і з жыццём і творчасцю беларускага класіка Якуба Коласа. Ён тут жыў у 1907—1908 гадах. У Вільнюсе выдаў свае першыя кнігі на беларускай мове. Недалёка ад вуліцы А. Пашкевіч (Цёткі) ёсць і вуліца Я. Коласа.

Трэці беларускі паэт, чыім імем названа вуліца ў Нававільнюскім раёне, — Янка Купала. Гэты ў будучыні знакаміты паэт прыехаў у Вільнюс у 1908 годзе. Ён працаваў у рэдакцыі "Наша Ніва", напісаў шмат вядомых вершаў — "Маладая Беларусь", "Выклятая кветка", "Адцвітанне" і іншыя. З Нававільняскім раёнам яго наўрад ці што звязвала. Купала працаваў у самай старой частцы горада. Там вуліцы мелі вельмі старыя назвы. А жаданне ў тагачаснай гарадской улады ўвекавечыць знаходжанне ў Вільнюсе Купалы было вялікае. Напэўна, таму і было вырашана назваць яго імем вуліцу, якая была недалёка ад тых, што носяць імёны яго паплечнікаў.

Пра што сведчаць гэтыя назвы? Думаю, па-першае, пра вялікі ўплыў беларусаў у жыцці і гісторыі Вільнюса. Немалаважная і павага, жаданне захаваць гістарычную спадчыну, пакінутую беларусамі. Бо памяняць таблічкі з назвамі вуліц дорага не каштуе, і розуму шмат не трэба.

І яшчэ хачу падкрэсліць адзін важны момант. Назвы вуліц А. Пашкевіч (Цёткі), Я. Коласа і Я. Купалы з'явіліся ў савецкі час. Практычна ўсе вуліцы савецкага перыяду былі перайменаваны, а вось назвы гэтых вуліц, прызначаныя ўвекавечыць імёны трох славутых беларусаў, якія жылі ў Вільнюсе, — пакінулі, хоць псеўдапатрыётаў у тую пару было дастаткова. Перамог розум, старое сяброўства паміж літоўскім і беларускім народамі, перамагло разуменне велічы таленту гэтых беларускіх паэтаў.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Фота аўтара.

Вільнюс.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускае паходжанне назваў вуліц Вільнюса Успомніліся радкі з верша Янкі Купалы, прысвечаныя Якубу Коласу. У іх — прапанова сябру і паплечніку сустрэцца ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика