Мой дом — мая... турма?. 21.by

Мой дом — мая... турма?

12.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зрабіць нас маладымі і здаровымі ніхто не ў сілах. А вось пазбавіць ад адзіноты і страху перад заўтрашнім днём можна. так лічыць пенсіянер са Жлобіна. І прапаноўвае стварыць у кожнай вобласці пансіянаты для адзінокіх старых.

"Інтэрнат — не тое месца, дзе хацелася б правесці апошнія дні свайго жыцця..."

Барыс Макоўскі жыве ў славутым горадзе металургаў. У дыхтоўным доме, які калісьці пабудаваў уласнымі рукамі. Штомесяц, без затрымак, атрымлівае пенсію. Чаго б, здавалася, яму не хапае?.. Падчас гутаркі зразумела: гэты чалавек, які ўжо размяняў сёмы дзясятак і не першы год жыве адзін, занепакоены бяспекай такіх жа адзінокіх пенсіянераў, як сам.

— Толькі зірніце, — развязвае Барыс Рыгоравіч тоўстую папку, з якой на стол высыпаюцца газетныя выразкі. — Старыя практычна штодзень становяцца лёгкай здабычай махляроў і іншых несумленных людзей. Вось бабулю наведалі людзі пад выглядам сацработнікаў, а пасля іх сыходу як у ваду канулі 2 млн рублёў. А тут, чытайце, далёкія сваякі ўвялі старому ў вушы, што будуць яго даглядаць. Самі ж, калі той аформіў кватэру ў спадчыну, пачалі шукаць яму месца ў інтэрнаце. У дамах-інтэрнатах, бясспрэчна, вырашаны ўсе бытавыя пытанні старых. Але гэта не тое месца, дзе кожнаму з нас хацелася б правесці апошнія дні свайго жыцця...

Жыць аднаму (і гэта Барыс Макоўскі цудоўна разумее) — таксама не найлепшае рашэнне праблемы. Хваробы і цяжар адзіноты робяць жыццё ва ўласных сценах сапраўдным зняволеннем....

— Большасць старых акружаны клопатам дзяцей і ўнукаў. За такіх можна толькі парадавацца. Але ж ёсць і такія, у якіх няма дзяцей альбо яны сваім дзецям не патрэбны... Так склалася, што я практычна ўвесь час адзін. Гляджу тэлевізар, чытаю кнігі, думаю нешта... У мяне ёсць цудоўны субяседнік — мой Бой. Ён мяне слухае, ніколі не пярэчыць (<І>сумна ўсміхаецца ). Я абмежаваны ў свабодзе, прывязаны да гэтага дома. Калі б і хацеў, не магу яго кінуць і паехаць хай сабе ў той самы санаторый. Ноччу прыйдуць і вынесуць усё, і ніхто не пачуе. А раптам захварэю? І, не дай Бог, памру? Дык мяне ж спахопяцца толькі праз дні 3-4. Адзін чалавек расказваў, што, калі ён быў падлеткам, у яго сусед па лесвічнай пляцоўцы памёр. Дзверы ў кватэру адчынілі, калі ўжо пах на лесвіцу пайшоў. Дык вось, дзед проста паслізнуўся ў ваннай, зламаў нагу і не змог дабрацца да тэлефона, каб "хуткую" выклікаць. Урачы тады гаварылі, што паміраў ён, хутчэй за ўсё, доўга і пакутліва... Чуеш падобныя гісторыі і думаеш: а чаму гэта так? А што трэба зрабіць, каб было лепш? Вось і прыйшоў да высновы, што выратаваннем для адзінокіх старых могуць стаць так званыя пансіянаты.

"А чым беларускія старыя горшыя за японскіх?"

Барыс Рыгоравіч прапаноўвае пабудаваць ці прыстасаваць будынкі, якія пустуюць, да сумеснага пражывання адзінокіх старых. І для гэтага, мяркуе ён, не спатрэбіцца нейкіх завоблачных сум.

— Усе ж старыя эканамічна незалежныя, атрымліваюць пенсію. У кожнага ёсць ложак, шафа, халадзільнік, тэлевізар — усё, што неабходна для жыцця. Застаецца толькі сабраць чалавек 10 ахвотных і пасяліць разам. Галоўнае, каб пры гэтым дзяржава не ўмешвалася, каб людзі жылі самі, аўтаномна. Многія з задавальненнем пераехалі б, мне здаецца. Вось Шура, да прыкладу... Яна жыве ў 2-пакаёвай кватэры з 2 дарослымі дочкамі і малымі ўнукамі. Старой нічога не застаецца, як спаць на кухні на раскладушцы. А калі б быў такі дом, яна б сказала: "Жывіце, дачушкі, а я пайду туды". Яна б жыла ў такім доме, плаціла б за камунальныя паслугі і з задавальненнем кантактавала б з людзьмі свайго ўзросту.

Колькасць адзінокіх людзей з кожным годам расце. Калі чалавек зусім аслабне, да яго прыходзіць сацработнік і дапамагае яму. І гэта добра, гэта клопат дзяржавы пра сваіх старых. Але ж да кожнага асобнага работніка не прыставіш, таму, лічыць мой суразмоўца, трэба ствараць дамы сумеснага пражывання і тым самым не толькі даваць людзям права выбару, але і змяншаць нагрузку на сацыяльную сферу.

— З велізарнай хуткасцю растуць плацяжы за камунальныя паслугі — лішнія квадратныя метры аплачваць складана. Павялічваецца кошт прадуктаў харчавання. А калі б мы жылі разам, то затраты неслі б значна меншыя. Пенсіянер змог бы прадаць сваю кватэру — якую б, у сваю чаргу, купілі маладыя сем'і — і пакласці грошы ў банк. За год працэнты б набягалі, і беларускія старыя маглі б дазволіць сабе паехаць раз у год недзе адпачыць нармальна. Паглядзіце на немцаў, японцаў. Як толькі пайшлі на пенсію, так і паехалі падарожнічаць. Чаму нашы людзі так не могуць? Могуць!

Усё ў руках мясцовай улады?

— А вы звярталіся са сваёй ідэяй да мясцовых улад? — цікаўлюся ў Барыса Рыгоравіча.

— Звяртаўся, і ўжо не раз...І вусна, і пісьмова. На што атрымаў наступны адказ за подпісам старшыні Жлобінскага райвыканкама Л.М. Апанасюка (зачытвае): "Разгляд і рэалізацыя гэтага праекта патрабуюць істотных дадатковых фінансавых сродкаў, лічым разгляд пытання ў цяперашні час немэтазгодным".

Набіраю нумар прыёмнай Жлобінскага райвыканкама, але старшыня ў адпачынку, і мне раяць звярнуцца да яго намесніка.

— Я ведаю гэтага чалавека, прыходзіў да нас, кансультаваўся, — імгненна ўключаецца ў гаворку Аляксандр ГУБАРЭВІЧ. — Але на той момант мы пры ўсім жаданні не маглі нічым дапамагчы. Проста ў горадзе не было прыдатнага памяшкання. Сёлета ж закрываецца Жлобінская школа-інтэрнат. Думаю, што асобныя спальныя памяшканні і можна было б адвесці пад гэты пансіянат... Але гэта на словах проста, а на справе... Ёсць шмат юрыдычных нюансаў, трэба, каб гэтым нехта займаўся. Тым больш, мы не бачым сёння нейкай крызіснай сітуацыі з адзінокімі пенсіянерамі. На тэрыторыі Гомельскай вобласці ёсць  ажно 4 дамы-інтэрнаты агульнага тыпу для састарэлых...

Звязваюся з начальнікам аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццянай ФЁДАРАВАЙ:

— Памяшканнямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна і вызваляюцца, распараджаюцца — у адпаведнасці з законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні — мясцовыя органы ўлады. Мы нічога ім не навязваем. Вядома ж, формаў і відаў рашэння праблем адзінокіх людзей, зыходзячы з эканамічнай магчымасці рэгіёна, павінна быць як мага больш. Каб з "калейдаскопа" кожны мог выбраць нешта па душы і па фінансах. Што датычыцца ідэі вашага чытача, то ў Смаргонскім раёне па ініцыятыве мясцовых улад у 2011 годзе такі дом самастойнага сумеснага пражывання для адзінокіх старых адкрылі.

"Яны знайшлі сям'ю на старасці год"

— Што ўяўляе ваш дом сумеснага пражывання? — цікаўлюся ў начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Смаргонскага райвыканкама Святланы НОРЫК.

— Наш дом самастойнага сумеснага пражывання нічога агульнага з сацыяльнымі ўстановамі, якія функцыянавалі дагэтуль, не мае. Ён для актыўных старых. Там, што немалаважна, няма казёншчыны. Жывуць бабулі і дзядулі абсалютна самастойна, гаспадараць на агульнай кухні, плацяць за камунальныя паслугі, а сацыяльны работнік прыходзіць і дапамагае па неабходнасці. У доме тры жылыя пакоі: у двух жывуць па чатыры чалавекі, у адным — двое. Праз дарогу ад дома — крама і пошта, ёсць ФАП, аўтобусны прыпынак недалёка, да райцэнтра — усяго 9 кіламетраў.

— Як прыйшла ідэя?

— Жыццё падказала. Колькасць адзінокіх старых, якія пражываюць у нашым раёне, складае 731 чалавек. Асобныя жывуць на хутарах, дзе магчымасць зносін моцна абмежавана. Многія з іх яшчэ рухомыя і актыўныя, самі могуць сябе абслугоўваць, але сацыяльнага работніка чакаюць з нецярпеннем — пераважна, каб пагаварыць. Адлегласць жа ад аднаго хутара да другога немалая, часу на зносіны ў сацработніка застаецца няшмат. Ды і каб прывесці ў парадак хаты адзінокіх старых, пабудаваныя ў 50-я гады, трэба шмат грошай укласці. Бюджэт жа дзяржавы не гумовы. Вось мы і вырашылі паспрабаваць стварыць дом сумеснага пражывання.

— Мінула больш за год. Ці можна сёння сказаць, што эксперымент удаўся?

— Адназначна. Пры засяленні з кожным з пенсіянераў заключаецца дагавор на адзін год. І, як правіла, усе жыхары яго прадоўжылі. Нашы бабулі і дзядулі не нарадуюцца. І капейку яны тут могуць нейкую зэканоміць. Многія ўпершыню за апошнія гады змаглі сабе дазволіць новы халат і тапачкі. І бытавыя зручнасці ў аграгарадку адрозніваюцца ад тых, якія мелі старыя на хутарах: тут газавае ацяпленне, душ, гарачая вада кругласутачна. Яны знайшлі сям'ю на старасці год, ціск адзін аднаму мераюць. І, самае цікавае, зусім не ўзгадваюць пра свае пакінутыя хаты.

— Вось у Жлобінскім раёне, як мне сказалі, вырашэнне пытання ўпіраецца ў памяшканне? А ў вас з гэтым праблем не было?

— Паверце мне, памяшканне знойдзецца — было б жаданне. Мы разглядалі некалькі варыянтаў. У выніку ж спыніліся на будынку ў Белкаўшчыне: апошнія год-два ён пуставаў пасля таго, як адсюль выехаў сельвыканкам. За два месяцы разабралі яго і сабралі нанова. Прызнаюся, і сіл, і сродкаў было ўкладзена нямала. Вельмі важна, што нашу ідэю падтрымаў старшыня райвыканкама, бо, вядома ж, без яго згоды нічога б не атрымалася.

Штораз, калі даводзіцца пісаць пра адзінокіх старых, здзіўляюся, як жа асобныя дзеці не любяць сваіх бацькоў... Адхрышчваюцца. Не даглядаюць іх. Адна справа, калі дзяцей няма, — рознае здараецца ў жыцці. А ёсць жа і такія дзеткі, ад якіх праблем больш, чым дапамогі. П'юць, б'юць старых, забіраюць у іх пенсію...

Думаю, што ў кожным раёне знойдуцца людзі, якія, як і Барыс Макоўскі, жывуць у трывозе перад заўтрашнім днём. І ў сілах мясцовых улад пазбавіць іх гэтага страху, прадоўжыць актыўнае жыццё...

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зрабіць нас маладымі і здаровымі ніхто не ў сілах. А вось пазбавіць ад адзіноты і страху перад заўтрашнім днём можна. так лічыць пенсіянер са Жлобіна. І прапаноўвае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика