Пытанні і арыенціры каманды Кандрацьева. 21.by

Пытанні і арыенціры каманды Кандрацьева

12.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алімпіяда — падзея, значная для нас не толькі чарговай прысутнасцю на ёй беларускай дэлегацыі. Гэтым разам да галоўных стартаў чатырохгоддзя ўпершыню рыхтуецца наша футбольная алімпійская зборная. Карэспандэнт "Звязды" наведаў адмысловую прэс-канферэнцыю Георгія Кандрацьева, галоўнага трэнера зборнай, і пабываў на заключнай трэніроўцы каманды перад вылетам у Злучанае Каралеўства.

У адрозненне ад іншых спартсменаў, для футбалістаў гульні распачнуцца раней афіцыйнага адкрыцця Алімпіяды. Ужо 26-га ліпеня беларусы ў Ковентры сустрэнуцца з камандай Новай Зеландыі, а пасля згуляюць з яшчэ двума прадстаўнікамі квартэта "С" — са зборнымі Бразіліі і Егіпта. Рыхтавацца да адказных матчаў наша "алімпійка", у складзе якой 22 футбалісты, будзе ў брытанскім мястэчку Калчэстар.

— Безумоўна, мы ведаем базу, на якой будзем рыхтавацца да Алімпіяды, — адказвае на пытанне карэспандэнта "Звязды" Кандрацьеў. — Я на ёй не быў, аднак Ілья Беланоўскі, менеджар зборнай, усё знайшоў у інтэрнэце. І ўсе патрабаванні, якія мы прад'яўлялі да гэтага комплексу, рэалізаваны на вельмі добрым узроўні. Не горш, чым у Германіі, дзе мы рыхтаваліся раней, а можа, нават і лепш.

Галоўная адметнасць алімпійскага футбольнага першынства — узроставы цэнз. Кожны ўдзельнік на матч павінен прадставіць заяўку, у якой 15 з 18 гульцоў павінны быць народжанымі не раней чым 1-га студзеня 1989 года.

— Дакрануся да хваравітай тэмы "Абяцаў і не ўзяў". На кожным зборы я казаў: "Хлопцы, я еду — у мяне кантракт. А вы яшчэ не гарантавалі сабе месца ў складзе", — кажа Кандрацьеў. — Ім трэба гуляць, але яны не гуляюць. Менавіта таму і не трапілі ў заяўку. На Алімпіяду едуць тыя, хто гатовы гуляць і выконваць задачу, якая стаіць перад намі. І я ўзяў тых, хто мае гульнявую практыку.

Закранулі на прэс-канферэнцыі і тэму Рэнана Брэсана. Паўабаронца БАТЭ нядаўна атрымаў беларускае грамадзянства, за моладзевую зборную раней не выступаў, але трапіў у спіс як адзін з трох вопытных футбалістаў. Гэта выклікала абурэнне і ў БАТЭ, якому хутка гуляць у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

— Для мяне падобная рэакцыя была поўнай нечаканасцю, — працягвае трэнер. — Але чаму? Бо закрануты кантакт "зборная — клуб". Я казаў, што, калі мы хочам нечага дасягнуць разам са зборнай, мы павінны аб'яднацца. Мне неабходны футбаліст, і я яго выклікаў. Аднак, калі гулец патрэбны камандзе, дашліце паперу, што мы яго не адпускаем. Крыўды з майго боку не будзе. Але нічога не дасылаюць, пачынаецца ціск на футбаліста.

Хлопцы разумеюць, што нам патрэбны падобны гулец. Нам трэба не толькі абараняцца, але і атакаваць. Менавіта таму я і запрасіў Брэсана і Карніленку.

Пра задачы, якія паставілі перад камандай, Кандрацьеў выказаўся шчыра, нічога не ўтойваючы:

— Задача — выйсці з групы. Яна вельмі цяжкая. Будзем аб'ектыўна глядзець на рэчы. Адно месца, мяркую, забраніравала сабе Бразілія — галоўны фаварыт турніру. А на другую пуцёўку ў нас, Новай Зеландыі, Егіпта шанцы роўныя. Ёсць шмат матэрыялу па гэтых камандах. І, шчыра кажучы, асабліва ўражвае Егіпет. Калі выканаем задачу, буду лічыць: зрабілі ўсё, што маглі.

***

Напярэдадні вылету футбалісты не толькі прымалі ўдзел у афіцыйных провадах алімпійцаў, але цёплым вечарам правялі сваю заключную трэніроўку ў Мінску перад адлётам. Пасля занятку, які цягнуўся крыху больш за гадзіну, хлопцы адказалі на пытанні журналістаў.

— Мінулы тыдзень быў цяжкім. Але я дамовіўся з БАТЭ і прыехаў у зборную ў добрым настроі, — тлумачыць сітуацыю Рэнан Брэсан. — У мяне, як і ва ўсіх, матывацыя вялікая. Таму будзем узмоцнена рыхтавацца, каб дасягнуць поспеху. Алімпіяда? Зразумела, я заўжды "хварэў" за Бразілію. Не ведаў, што ў жыцці будуць перамены і я буду гуляць за Беларусь. Аднак цяпер я гуляю тут і буду рабіць усё магчымае, каб мы перамаглі бразільцаў. Летась з БАТЭ атрымалася сапернічаць з "Барселонай" і "Міланам", аднак, напэўна, паядынак супраць Бразіліі будзе пакуль галоўным матчам маёй кар'еры.

Дарэчы, капітанам зборнай абралі мінскага "дынамаўца" Станіслава Драгуна. Менавіта ён разам з іншымі хлопцамі заваяваў у мінулым годзе "бронзу" моладзевага чэмпіянату Еўропы, што дазволіла беларускаму футболу трапіць на Алімпіяду.

— Мы едзем у Англію і спадзяёмся, што зможам выйсці з групы, прайсці далей у плэй-оф, — кажа Станіслаў. — Адказнасці зараз больш, чым перад чэмпіянатам Еўропы, але хвалявання — менш. Калі казаць пра сапернікаў, бачыў толькі склад бразільцаў. Няма чаго расказваць. Што ні прозвішча — "зорка".

Тарас ШЧЫРЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алімпіяда — падзея, значная для нас не толькі чарговай прысутнасцю на ёй беларускай дэлегацыі. Гэтым разам да галоўных стартаў чатырохгоддзя ўпершыню рыхтуецца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика