Ярмошына: У Duty Free набыла сабе парфюм ад Dolce & Gabbana. 21.by

Ярмошына: У Duty Free набыла сабе парфюм ад Dolce & Gabbana

16.07.2012 21:14 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ярмошына: У Duty Free набыла сабе парфюм ад Dolce & Gabbana

           


Старшыня ЦВК распавяла Еўрарадыё, як патрапіла ў Вену, колькі мела сутачных і чаму расіянін Чураў паводзіў сябе побач з ёй, як леў.

 
 
Еўрарадыё: Вярнуліся вы з Вены, дзе былі на канферэнцыі АБСЕ, і адразу ў Беларусь едзе місія БДІПЧ АБСЕ. Супадзенне, ці гэта вы іх падчас канферэнцыі да нас запрасілі?

Лідзія Ярмошына: Гэта звязана толькі з атрыманнем імі запрашэння ад нашай краіны, яны не цягнуць, бо хутка доўгатэрміновая місія павінна пачаць працу. Да мяне ў Вене падышлі і сказалі, што з 16 па 18 плануецца гэта місія. Я папасіла сустрэцца са мной у першы ж дзень, 16-га. Адзінае, чым Вена дапамагла – аператыўна дамовіцца.

Еўрарадыё: З людзьмі, якія прыедуць ацаніць, які неабходны склад місіі назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі, вы раней сустракаліся?

Лідзія Ярмошына: Аднаго з іх бачыла ў Вене. Вельмі прыемны, прыгожы малады чалавек – маё жаночае сэрца трапіла ў палон! І Вена паланіла маё сэрца – самы прыгожы горад, які я бачыла. Проста грандыёзны!

Еўрарадыё: Пра што вы казалі ў выступе і як ўспрынялі вашы словы?

Лідзія Ярмошына: Шчыра кажучы, у мяне было больш падрыхтавана для выступу, чым удалося сказаць. Гэта быў троххвілінны выступ. Паколькі калегі з краін СНД да мяне выступалі і шмат сказалі з таго, што я збіралася, я скараціла свой выступ. Да ўсяго, я выступала ў самым канцы. Усё з-за таго, што раней была заява, што ў знак пратэсту за тое, што беларускія ўлады не выпусцілі на канферэнцыю спадара Карняенку, амбасадары Еўрасаюза і ЗША пакінуць залу падчас выступу афіцыйнага беларускага прадстаўніка. Таму я спецыяльна папрасіла слова ў канцы, каб не падвесці калег. Каб мае калегі выступалі перад поўным складам удзельнікаў. У выступе я ўнесла прапанову, каб быў прыняты парадак аспрэчвання вынікаў заключэння назіральнікаў. Каб краіна магла абараняцца такім жа чынам, як і грамадзянін, калі яго правы парушаныя.

Еўрарадыё: Амбасадары-такі выканалі сваю пагрозу?

Лідзія Ярмошына: Ну, нейкая частка сышла, не шмат... можа быць, некалькі чалавек. Але далёка не ўсе – частка ўвогуле не зразумела, што адбываецца. У прынцыпе, гэта значна не збядніла шэрагі той аўдыторыі, якая знаходзілася ў гэтай вялікай зале.
 

Еўрарадыё: Вашая ідэя атрымала падтрымку ў прадстаўнікоў ЦВК іншых краін?

Лідзія Ярмошына: Ідэя можа і мела б падтрымку, але выступіць можна было толькі адзін раз. Па вялікім рахунку, можна дабіцца нейкай рэплікі, але кожны найперш адстойвае сваё. Але магу сказаць, што за мяне, як леў, змагаўся спадар Чураў і ўся расійская дэлегацыя. Я атрымлівала ад іх магутную падтрымку. Больш за тое, расійскі бок выказаў пратэст і амбасадар па асобых даручэннях МЗС Расіі спадар Азімаў увогуле сказаў, што такога не было ў практыцы АБСЕ, і не можа быць у практыцы дэмакратычнага органа.

Еўрарадыё: А чаго Чураву было за вас ільвом кідацца – у Вену вы патрапілі, слова вам далі?..

Лідзія Ярмошына: У сувязі з заявай аб магчымасці такога вось дэмарша амбасадараў ЕС і ЗША. Расійская дэлегацыя вельмі жорстка выказалася па гэтым пытанні, нагадаўшы, што маё права на свабоду перасоўвання парушаецца ўжо працяглы час.

Еўрарадыё: Апроч вас быў яшчэ прадстаўнік Беларусі – кіраўніца Інфармацыйнага Офіса салідарнасці з Беларуссю Юлія Слуцкая. У вас была нейкая спрэчка?

Лідзія Ярмошына: Першы дзень, дзе не было прадстаўніка беларускага НГА, складаўся з афіцыйных дакладаў, там не было дыскусій – гэта пратакольная частка. І ёй двойчы давалі слова. Напэўна тыя, хто палічыў яе пацярпелым бокам. А так усім НГА далі слова толькі адзін раз – у канцы пасяджэння. Былі такія прадстаўнікі з Казахстана, Кіргізіі, Азербайджана. Звярніце ўвагу: тэма – выбары, запрошаныя толькі прадстаўнікі СНД, а прадстаўнікі НГА толькі з 4 ці 5 краін. Гэта такі эксклюзіўны падыход, няроўны! Пра што ў вельмі рэзкай заяве выказаўся прадстаўнік казахстанскага МЗС.

Што тычыцца выступаў Слуцкай, то яны былі вельмі спакойныя, узважаныя – яна ні ў чым мяне не абвяргала. Першы раз яна казала пра тое, што ў Беларусі неабходна мяняць працэдуру падліку галасоў. Баюся, што яе не зразумелі. Бо ў еўрапейскіх краінах лічаць, як у нас. Падчас другога выступу яна сказала, што апазіцыя даўно прадставіла ў парламент і Цэнтрвыбаркам прапановы пра змену заканадаўства. Каб у выбарчыя камсіі абавязкова ўваходзілі прадстаўнікі апазіцыі, прадстаўнікі кандыдатаў.

Еўрарадыё: І як вы ўсё гэта ўспрынялі?

Лідзія Ярмошына: Нармальна, абсалютна спакойна.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што вы пагаварылі з калегамі, магчыма, заклалі падмурак для будучага сяброўства?

Лідзія Ярмошына: Ну, не ведаю... Бо я не магу сказаць, што мяне прымалі як сябра. Таму не магу замахвацца на такія прагнозы. Калі табе двойчы паведамляюць, якая Беларусь дрэнная, ладзяць дэмарш падчас твайго выступу... Няхай гэта ўсё дробна, не гучна і ўсё гэта не выглядала як... Да, яшчэ і наша апазіцыя арганізавала пікет, які, дарэчы, таксама зусім не выглядаў... Спачатку гэта была маладая дзяўчына, якая хадзіла і раздавала ўлёткі, а потым яна з маладым чалавекам сустракала нас на выйсці. З плакатам. Але паколькі гэта турыстычнае месца, там згубіцца невялікая дэманстрацыя. Пэўныя меры прымаліся, каб мне было дрэнна. Але, паколькі ў мяне была падтрымка, за мяне заступаліся, абаранялі, абураліся, а віны маёй у тым, што адбывалася ніякай не было, то гэта мяне не вельмі выводзіла.

Еўрарадыё: Вы з такім жалезным спакоем пра гэта кажаце?

Лідзія Ярмошына: Я гэта з пачуццём гумару ўспрыняла. Больш за тое, я сказала: “Так, напэўна, выглядае слава!”. Да ўсяго – хто гэтыя людзі?! Мяне зневажае негатыўная рэакцыя толькі людзей значных, якіх я паважаю і чыім меркаваннем я даражу. А ці не ўсё адно, што пра мяне кажуць незнаёмыя людзі?! Можа, у іх яшчэ больш грахоў, чым у мяне? Як у Шэкспіра: “Да, грешен я, но не грешнее вас, мои шпионы, мастера злословия”.

Еўрарадыё: У дзень вашага ад’езду з’явілася інфармацыя, што і запрашэнне вам афіцыйнае не дасылалі з АБСЕ, і візу вы невядома дзе ставілі...

Лідзія Ярмошына: Фармальна, усе правыя. Афіцыйнага запрашэння мне ад АБСЕ не было – было запрашэнне для краіны ўзяць удзел. МЗС звярнуўся да нас з адпаведным лістом. Мы ўказалі мяне ў якасці прадстаўніка, а калі я не змагу, то – Лазавіка. Праз некаторы час я атрымала з АБСЕ па электроннай пошце ліст ад тэхнічнага супрацоўніка, дырэктара якіх-небудзь праграм, дзе было напісана: “Спадарыня Ярмошына, вы зарэгістраваныя ў якасці ўдзельніка нарады. Гэты ліст з’яўляецца падставай для атрымання візы”. Вось, як гэта ўсё выглядала.

Таму, прэс-сакратар АБСЕ правы, калі скажа, што мы ніякіх запрашэнняў Ярмошынай не дасылалі. І мы правыя, калі кажам, што запрашэнне было. Па-сутнасці-то гэта было запрашэннем, хоць па форме ім не выглядала. Гэта было запрашэнне ў парадку выключэння з боку Ірландыі, якая зараз старшынствуе ў АБСЕ, і Аўстрыі, як прымаючага боку.

Еўрарадыё: А дзе візу атрымлівалі?

Лідзія Ярмошына: Усё афармляў МЗС, я нават не ведаю. Здала пашпарт і фотаздымкі ў міністэрства замежных спраў, а як там далей было – не ў курсе. Але ў Маскве ставілі – гэта дакладна.

Еўрарадыё: Значыцца, самі вы па візу не ездзілі?

Лідзія Ярмошына: Што вы! Гэта занадта вялікі гонар! Уявіце сабе: чыноўнік майго ўзроўню прыязжае ў Маскву і стаіць у чарзе за візай!

Еўрарадыё: Калісці вы казалі, што ваша галоўная мара – патрапіць з томікам Хэменгуэя ў Парыж, каб там выпіць кавы. Пасля Вены Парыж застаецца ў прыярытэтах?

Лідзія Ярмошына: Заўсёды імкнешся да таго, чаго не хапае. Вена ўжо ёсць – Парыжа не хапае. Але Вена мне вельмі спадабалася. У мяне была магчымасць яе добра патаптаць ножкамі. Жылі мы ў цэнтры, і была магчымасць шмат пахадзіць, што мы і рабілі штовечар. Было ўсё тое, што я люблю: гуляць, прысаджвацца ў вулічныя кавярні, піць кубачак кавы, глядзець на жыццё.

Еўрарадыё: Не танная ў Вене кава...

Лідзія Ярмошына: Кубак кавы – 2 еўра, камандзіровачныя – 43. Уклалася! Мы там не шыкавалі. А ў першы дзень мяне ўвогуле Чураў карміў, як і ўсіх старшынь ЦВК краін СНД шыкоўным ланчам. Так што – усё нармальна!

Еўрарадыё: Спадзяецеся, што Вена толькі пачатак? Што дзверы ў Еўропу адчыняцца?

Лідзія Ярмошына: Я была б шчаслівая! Больш за тое, мяне падтрымліваюць мае калегі. Той жа малдаўскі калега сказаў, што гэта контрпрадуктыўна, нельга ізаляваць людзей. Але ж мы разумеем, што гэта рашэнне палітычнае, у спісе шмат службовых персон. Гэта неабходна вырашаць у прынцыпе. Было б нармальна і добра.

Еўрарадыё: У Duty Free аэрапорта заходзілі? Што набылі?

Лідзія Ярмошына: Абавязкова! Гэта святое! Набыла парфюм, які мне падабаецца. Называецца ён “Блю лайт” ад “Дольча энд Габана”.
 
Фота: Змітра Лукашука

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня ЦВК распавяла Еўрарадыё, як патрапіла ў Вену, колькі мела сутачных і чаму расіянін Чураў паводзіў сябе побач з ёй, як леў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика