З надзеяй на Лондан
17.07.2012
—
Новости Общества
|
Мінскі этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы адметны не толькі цудоўнай арганізацыяй, але і добрым вынікам айчынных грацый: падапечныя Ірыны Ляпарскай 9 разоў узыходзілі на п'едэстал пераможцаў у Палацы спорту! На апошняй прэс-канферэнцыі людзей сабралася столькі, што не было дзе праціснуцца. 16-гадовая расіянка Аляксандра Мяркулава, якую яшчэ ў раннім дзяцінстве пачалі параўноўваць з Алінай Кабаевай, сядзела ў "прэзідыуме", ззяла ўсмешкай і перагаворвалася з сяброўкамі. Таленавітая Саша ў чарговы раз узяла "серабро" этапа Кубка свету ў практыкаванні з булавамі, але была вельмі ўсцешаная, прасіла, каб сфатаграфавалі на памяць, і адказвала на жартачкі расійскіх калег-гімнастак. Так, заключны этап Кубка свету парадаваў жыхароў сталіцы цудоўным мастацкім шоу і пазнаёміў нас з тымі, хто ўжо ў бліжэйшай будучыні, магчыма, будзе задаваць тон у сусветнай гімнастыцы. У практыкаванні з булавамі Любоў Чаркашына і Меліціна Станюта падзялілі трэці радок. Вядомых асоб на спаборніцтвах сапраўды хапала. Пагаворваюць, што галоўны трэнер зборнай Расіі Ірына Вінэр наогул у Мінск прыляцела на прыватным самалёце. Дарэчы, пасля турніру Ірыну Аляксандраўну ўжо не бачылі: тая паспяшалася ў аэрапорт. Каманду Украіны таксама трэніруе заслужаны чалавек — Ірына Дзяругіна, двухразовая чэмпіёнка свету і, між іншым, былая жонка славутага футбаліста Алега Блахіна. На трыбуне — таксама россып талентаў. Вось па прыступках спрытна бяжыць Анатоль Буяльскі, былы трэнер жаночай зборнай Беларусі па баскетболе, а ў фае Палаца спорту наш карэспандэнт нос у нос сутыкнуўся з Аляксеем Грышыным, чэмпіёнам Алімпіяды ў Ванкуверы па фрыстайле. — Якім ветрам мяне сюды прынесла? Мая жонка (Святлана Рудалава — Аўт.) былая гімнастка. Таму я і не першы год прыходжу на падобныя спаборніцтвы "пахварэць" за нашых, — кажа Грышын. — І мяне ніхто не прымушае гэта рабіць. Мне самому цікавы гэты від спорту. У нас моцныя дзяўчаты, і трэба падтрымаць іх. Прыйшоў у Палац спорту разам з жонкай, таксама гімнасткай Валерыяй Курыльскай, хакеіст "Дынама" Андрэй Стась. — Гэта, напэўна, самы прыгожы від спорту ў дзяўчат, — разважае Стась. — Мы з камандай у час Алімпіяды вылятаем на зборы ў Швейцарыю, але, па магчымасці, я з задавальненнем пагляджу алімпійскі турнір па мастацкай гімнастыцы. Завалодаць беларусам хоць адным першым месцам на хатнім этапе не атрымалася. Усё золата старту заслужана заваявалі расійскія "мастачкі". А Яўгенія Канаева перамагла ў чатырох практыкаваннях. Мінскія спаборніцтвы — генеральная рэпетыцыя перад чаканай Алімпіядай, якая сабрала найлепшыя сілы сучаснай гімнастыкі. Таму ўдвая прыемна, што на фоне лепшых беларускія дзяўчаты выглядалі таксама выдатна. Мяркуйце самі. У групавых практыкаваннях зборная Беларусі (Марына Ганчарова, Настасся Іванькова, Наталля Лешчык, Ксенія Санковіч, Аліна Туміловіч, Аляксандра Наркевіч) тройчы была другой. А ў індывідуальных выступленнях Любоў Чаркашына і Меліціна Станюта на дваіх 6 разоў падымаліся на "бронзавую" прыступку. — Гэта быў неблагі прагляд падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў, — прызналася Марыя Шышкоўская, прэзідэнт тэхнічнага камітэта Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі. — Безумоўна, трэба яшчэ папрацаваць дзяўчатам над выкананнем, але на выступленні паўплывала нервовасць. Вынікі, якія прадэманстравалі гімнасткі ў Мінску, вельмі важныя. Я ўпэўнена, што на Алімпіядзе будзе цікавая барацьба. — Я задаволена вынікамі, і ў нас ёсць яшчэ час, каб бліскуча падрыхтавацца, — коратка падсумавала Ірына Ляпарская, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы. Адметнасць падобных спаборніцтваў яшчэ і ў тым, што беларускі балельшчык на свае вочы можа пабачыць гатоўнасць айчынных грацый да Алімпіяды. Згадзіцеся, летам не так часта можна наведаць буйныя спартыўныя форумы і ацаніць годнасць спартсменак. "Мне вельмі важна, каб нашы гледачы ўбачылі наколькі мы падрыхтаваныя, — развівае думку гімнастка Любоў Чаркашына. — У іх не атрымліваецца ездзіць за намі на спаборніцтвы. І хочацца парадаваць хоць бы дома, каб шукалі магчымасць і ездзілі за намі. Глядацкая падтрымка часам творыць цуды". Адзін з галоўных натхняльнікаў спаборніцтваў, Ірына Ляпарская атрымала апошнімі днямі шмат кампліментаў. І гэта менавіта той выпадак, калі казаць пра традыцыйныя рэверансы нельга. Турнір падрыхтавалі выдатна, густоўна, а нашых гімнастак — з добрай перспектывай на Алімпійскія гульні. Будзем у гэта верыць. Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі БУЖАН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы адметны не толькі цудоўнай арганізацыяй, але і добрым вынікам айчынных грацый: падапечныя Ірыны Ляпарскай 9 разоў...
|
|