Дзяўчаты з характарам. 21.by

Дзяўчаты з характарам

18.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе трымае планку. У 2007 годзе нашы дзяўчаты здзівілі баскетбольную Еўропу і насуперак усім заваявалі бронзу кантынентальнага першынства. Каб пацвердзіць той вынік, сённяшняй камандзе яшчэ доўга працаваць. Аднак выхад з першай пазіцыі ў групе на чарговы чэмпіянат Еўропы — дасягненне, якое выклікае павагу і гонар за характар беларусак. І гэта пры тым, што дзяўчатам прыйшлося змагацца не толькі з моцнымі венгеркамі, ізраільцянкамі, украінкамі, але і з масавай "эпідэміяй" траўмаў, якая літаральна звалілася на каманду. Між іншым, з новага адборачнага цыкла ў зборнай новы трэнер. Выдатнага Анатоля Буяльскага на трэнерскім месцы змяніў літовец Рымантас ГРЫГАС. І калі для большасці заўзятараў ён заставаўся загадкай, яго біяграфія выдавала ў ім цудоўнага спецыяліста.

Баскетбол для Літвы — што футбол для Бразіліі: "хвароба" масавая і сапраўды невылечная. У Рымантаса не было баскетбольных каранёў. Не, ягоны бацька не гуляў за "Жальгірыс", а працаваў на заводзе, а маці — у гандлёвай сферы. Ён проста закахаўся у баскетбол так, як і іншыя літоўскія хлапчукі. У яго трэнерскай хроніцы — клубы з традыцыямі. Імёны кіеўскага "Будзівельніка" і славутага "Жальгірыса" скажуць многае для любога балельшчыка. І распавесці цікаўнаму журналісту ён сапраўды можа шмат што. Але гутарку са спадаром Грыгасам мы пачалі з пытанняў актуальных, якія найбольш клапоцяць нашых заўзятараў.

— Ведаеце, першае, што неабходна зрабіць дзяўчатам і трэнерам — гэта добра адпачыць, — кажа Грыгас. — Падрыхтоўка да адборачных матчаў першынства Еўропы пачалася адразу пасля завяршэння клубных чэмпіянатаў, а таму дзяўчаты амаль не мелі перапынку. Дарэчы, зараз няшмат часу засталося да старту Алімпіяды, у якой будуць удзельнічаць наймацнейшыя мужчынскія і жаночыя баскетбольныя зборныя. А таму трэба спланаваць час так, каб паглядзець трансляцыі і "хварэць" за свае каманды.

— Рымантас, у плане вынікаў зборная групавы турнір правяла выдатна. З трэнерскага пункту гледжання як ацэніце выступленне? Ці цалкам задаволеныя якасцю гульні?

— Вынік мяне вельмі задавальняе: мы занялі першае месца і выйшлі ў фінальны этап. Кожны трэнер хоча, каб каманда ў пэўных кампанентах згуляла лепш. Аднак у нас былі пэўныя моманты, якія не дазволілі нам згуляць у поўную моц. Многія гульцы атрымалі траўмы. Але ў тых матчах, дзе нас перамаглі, мы саступілі з маленькім вынікам. Гэта давала шанц на першае месца.

— Каманда сапраўды добра стартавала, але пасля саступіла і Венгрыі, і Ізраілю. Што здарылася?

— Мы выступалі ў вельмі моцнай падгрупе, у якой было чатыры зборныя з добрай гульнёй. Мы саступілі ў гасцях, але змагаліся да апошняга. Было і нешанцаванне, і неаб'ектыўнасць з боку суддзяў, якія крыху падтрымлівалі гаспадароў. У матчы з Венгрыяй напрыканцы было 6 спрэчных свісткоў. Але галоўная прычына — тое, што з асноўнай абоймы выпалі 5 дзяўчат асноўнага складу.

— Зборная хоць загадзя і забяспечыла выхад на чэмпіянат Еўропы, але каштавала гэта вялікіх фізічных і маральных высілкаў.

— Так, калі ты губляеш столькі гульцоў, ты губляеш ратацыю ў камандзе. І нам ад гэтага было гуляць больш складана.

— Вернемся крыху назад. Калі вам прапанавалі ўзначаліць зборную Беларусі, што ведалі пра наш баскетбол?

— Я рос у Савецкім Саюзе, калі ў Беларусі быў добры жаночы і мужчынскі баскетбол. Шкада, што цяпер традыцыі падтрымліваюць толькі жанчыны. Але, думаю, мужчынскі баскетбол уздымецца таксама. Добра, калі б былі каманды са сваім тварам накшталт вядомага РТІ. Федэрацыя стараецца, каб клубы развіваліся і баскетбол рос. У жаночай зборнай Беларусі былі вельмі добрыя вынікі. Калі я працаваў у Екацярынбургу, там гуляла беларуска Алена Леўчанка. З ёй я ў добрым кантакце і яна прасіла, каб я дапамог зборнай: дала мне шмат інфармацыі пра каманду, яе баскетбалістак. І я неяк спытаў у яе пра характар каманды. Яна сказала: "У іх такія характары, што вам іх яшчэ спыняць давядзецца. Яны змагацца заўжды будуць да апошняга". Так і ёсць.

— Вы — спецыяліст, які працаваў з шэрагам мужчынскіх камандаў, але цяпер працуеце з жаночай. Лічыце, што баскетбольны трэнер павінен быць універсалам і паспець папрацаваць з рознымі калектывамі?

— Мяркую, што добры трэнер можа працаваць паўсюль. І ў жаночым баскетболе, у дзіцячым, і ў мужчынскім. Моцны трэнер адразу разумее гульню. І ніякай складанасці ў працы з жаночай зборнай у мяне не ўзнікае.

— Рымантас, вы неяк прызналіся, што хочаце змяніць філасофію беларускай зборнай. Што мелі на ўвазе?

— Я не збіраўся змяніць філасофію пад сябе, характар гульцоў. Беларускія дзяўчаты па-спартыўнаму агрэсіўныя, змагаюцца за кожны мяч. Я хацеў агрэсіўную абарону адаптаваць пад іх характар. І гэтага мы ў многіх момантах дасягнулі. Жаночы баскетбол таксама рушыць да таго, што менавіта абарона стане адным з асноўных кампанентаў гульні. Абарона будзе прыводзіць да перамогі, а атака ёй у гэтым дапамагаць.

— Па падборы выканаўцаў у нас даволі моцная зборная. Але наш чэмпіянат мае толькі некалькі добрых калектываў па інфраструктуры і гульні. У якім кірунку трэба развівацца?

— Але гэтыя клубы ніжэй за сярэдні ўзровень еўрапейскіх камандаў. Самі ведаеце, як "Гарызонт" згуляў з курскім "Дынама" ў Еўракубку. Гэта крыўдна — саступаць 30 балаў дома і ў гасцях. І гэта не ў Еўралізе, а ў другім па знакавасці турніры. Галоўнае — праца ў клубах. І менавіта ў іх трэба як мага лепш працаваць. Літоўскія каманды таксама не маюць вялікіх бюджэтаў. Яны маюць невялікія фінансавыя магчымасці, але гуляюць у Еўракубку лепей за беларускія клубы.

*   *   *

— Рымантас, пытанне з шэрагу неспартыўных. Беларусь і Літва маюць агульнае мінулае. І беларускія турысты наведваюць не толькі літоўскія гіпермаркеты, але і замак у Тракаі, і Вострую браму ў Вільні. А самі дзе любіце бавіць час?

— Люблю бываць у бацькоў у Клайпедзе. Альбо еду на лецішча, каля якога ёсць возера, лес...

— У грыбы ходзіце?

— Часам і грыбы збіраю, але я вельмі люблю рыбу павудзіць.

— Цікава, а што з нацыянальнай кухні любіце? Ведаю, што ў нас шмат хто прывозіць ад вас пірог шакоціс.

— Так, гэта наша нацыянальная страва. А я вось нядаўна чуў, як літоўцам сказалі, што дужа любімыя ў нас цэпеліны прыйшлі да нас з Беларусі. Але гэтаму ніхто не паверыў!

Тарас ШЧЫРЫ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе трымае планку. У 2007 годзе нашы дзяўчаты здзівілі баскетбольную Еўропу і насуперак усім заваявалі бронзу кантынентальнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика