Цераз мяжу — на байдарцы!. 21.by

Цераз мяжу — на байдарцы!

21.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гродзеншчына і Сувальшчына імкнуцца на сучасным узроўні выкарыстаць свой турыстычны патэнцыял

На гэта скіраваны праекты, якія на працягу трох апошніх гадоў пры фінансавай дапамозе Еўрасаюза рэалізуюцца сумесна Сувальскай палатай земляробства і турызму, Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскага аб'яднання "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" і ўпраўленнем фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Даведнікі, карты, турцэнтры...

У рамках праекта "Невядомая Еўропа" па развіцці турыстычнай інфраструктуры ў раёне Аўгустоўскага канала і ракі Нёман у Гродне адкрыты турысцка-інфармацыйны цэнтр, выдадзены даведнікі і карты па беларуска-польскім памежжы, папоўнілася байдаркамі, веласіпедамі і адпаведнай амуніцыяй база актыўнага адпачынку. Азначылі і прамаркіравалі, згодна з еўрапейскай турыстычнай практыкай, каля 200 кіламетраў водных, веласіпедных і пешаходных маршрутаў. Урокі сучасных падыходаў да турыстыкі атрымалі ўладальнікі аграсядзіб, менеджары турфірмаў, студэнты.


І вось — новы праект "Камунікацыя без межаў — стварэнне трансгранічнай турысцка-інфармацыйнай сеткі". З ім на свае вочы, у складзе групы прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і журналістаў Гродзеншчыны азнаёміўся карэспандэнт "Звязды". Прычым мы падарожнічалі не толькі аўтобусамі і пешым ходам — арганізатары прапанавалі яшчэ і... байдаркі. Многія з нас, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, упершыню сталі турыстамі-воднікамі ў якасці не пасажыра судна, а весляра.

Наша падарожжа пачынаецца з вышэйзгаданага турцэнтра ў Гродне. Намеснік старшыні абласнога аддзялення ГА "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" Сяргей Каляда тлумачыць мэту праекта "Камунікацыі без межаў":

— Турысцка-інфармацыйны цэнтр, які быў створаны дзякуючы праекту "Невядомая Еўропа", сам па сабе мала што вырашае. Бо там ёсць інфармацыя ў асноўным толькі па Гродне, а раёны вобласці застаюцца па-за ўвагай. Таму патрэбна сетка турцэнтраў з агульным банкам звестак, каб ішоў абмен інфармацыяй — дзеля турыстычнай прывабнасці раёнаў і Гродзеншчыны ў цэлым.

І другая праблема — трэба падрыхтаваць для гэтых цэнтраў спецыялістаў з жаданнем і ўменнем займацца турызмам па-сучаснаму. Давайце ўбачым, як гэта робіцца на Сувальшчыне.

Мы размяшчаемся ў аўтобусе і едзем да беларуска-польскай мяжы. Каля вёскі Лясная на Аўгустоўскім канале, за чатыры кіламетры ад памежнага шлюза "Кужынец" нас ужо чакаюць калегі Сяргея Каляды па захапленні воднымі падарожжамі. Сюды на бераг ужо дастаўлены байдаркі-двойкі. Выслухоўваем інструктаж па тэхніцы бяспекі, парады па кіраванні плаўсродкам, нацягваем выратавальныя жылеты. Пасля чаго спускаем на ваду байдаркі і ў суправаджэнні інструктараў накіроўваемся да дзяржаўнай мяжы. А нашы рэчы пярамяшчаюцца мікрааўтобусам.

Уражанні ад водных падарожжаў (увогуле з улікам сплаву па рацэ Чорная Ганча на Сувальшчыне мы пераадолелі каля 20 кіламетраў) асабіста ў мяне засталіся проста цудоўныя. Аднак ці атрымаецца гэта зноў, ужо не ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, а ў прыватным парадку?

Лепшыя ўмовы на мяжы  — больш турыстаў

— Мы ўжо гадоў пяць гаворым на розных узроўнях: каб Аўгустоўскі канал пачаў працаваць на турызм і вяртаць укладзеныя ў яго сродкі, неабходна паляпшаць умовы для вандроўнікаў, адкрываць новыя пункты пропуску, — зазначае Сяргей Каляда.

Памежны пераход "Лясная — Рудаўка" дзейнічае ў сезонным рэжыме, з пачатку мая па канец верасня. Як мы пераканаліся, беларускія службы афармляюць дакументы турыстаў даволі хутка, а вось у палякаў атрымліваецца даўжэй, бо не працуе камп'ютар і ўсё робіцца ў ручным рэжыме. З іншага боку, польскія службы працуюць у сезон пастаянна, а іх беларускія калегі прыязджаюць толькі ў сувязі з атрыманай заяўкай на перасячэнне мяжы.

— З боку памежных службаў нармальныя, пазітыўныя адносіны да турыстаў. Аднак сама працэдура вельмі грувасткая, — лічыць Сяргей Каляда.

Вось і ў гэтым выпадку яму трэба было загадзя пісаць заявы да памежнікаў і мытнікаў, а яго польскім партнёрам звяртацца па дазвол да сваіх службаў. Звычайны турыст гэта зможа?

Да таго ж "Лясная — Рудаўка" мае статус толькі воднага перахода — пехатой альбо на веласіпедзе рухацца немагчыма. Турысты не могуць выйсці на бераг, афармленне дакументаў адбываецца тут жа, з вады, патрэбен спецыяльны дазвол на перамяшчэнне паклажы.

Фактычна гэтым памежным пераходам цяпер могуць скарыстацца толькі турысты-экстрэмалы, якія ідуць на байдарках, маючы пры сабе ўсе рэчы. Камусьці гэта, можа, і падабаецца, але падобным экстрымам не зацікавіш шмат турыстаў.

— Трэба адкрыць аўтадарожны пераход "Сафіёва — Ліпшчаны". Гэтая прамая дарога паміж Гродна і польскім Аўгустовам стала б вельмі важным элементам памежнай інфраструктуры: турысты сплаўляюцца на байдарках, а іх рэчы перамяшчаюцца аўтамабілем, — зазначае Сяргей Каляда.

— А хіба ж не хапае памежнага перахода "Брузгі"?

— "Брузгі" сёння з'яўляюцца, так бы мовіць, аўтадарожным монстрам: там і легкавы транспарт, і аўтобусы, і грузавікі, "зялёны" і "чырвоны" каналы. Не падзяляюцца тыя, для каго мяжа ўжо даўно ператварылася ў прыватны бізнэс на перавозцы саляркі і цыгарэт і хто едзе з мэтай турызму. Пакуль не вырашана задача, каб па абодва бакі мяжы былі "зялёныя" каналы для турыстаў.

Дарэчы, вышэйзгаданыя праблемы не засталіся па-за ўвагай у зацверджанай урадам Праграме развіцця спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал" на 2012—2015 гады. Хочацца спадзявацца, што яны будуць вырашаны.

Ёсць праблемы па выкарыстанні трансгранічнага патэнцыялу Аўгустоўскага канала і ў нашых суседзяў. У Польшчы больш вопыту па прыцягненні да гэтай воднай жамчужыны турыстаў, лепшая інфраструктура, аднак... Далейшы сплаў пасля памежнага шлюза "Кужынец" немагчымы, паколькі чатыры шлюзы на польскім баку ў рамонце. Наступны за "Кужынцам" шлюз "Мікашуўка", паводле пашпарта аб'екта, плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 28 верасня 2012 года...

Пашпарт вандроўніка і вулей для дзікіх пчол

На Сувальшчыне ўмовы надвор'я — адзін у адзін з намі, але там не спасылаюцца, што Гасподзь не даў ні мора, ні шматмесячнага цяпла. Не скардзяцца, што ў нашых рэаліях, маўляў, немагчымы нармальны еўрапейскі турызм, а вельмі дынамічна яго развіваюць. Вось толькі некаторыя "фішкі".

Намеснік старшыні Сувальскай палаты земляробства і турызму Рэната Закрэўска выдае кожнаму з нашай дэлегацыі так званы прывітальны пакет для турыста, які складаецца з трох частак. Першая — даведнік з прадстаўленнем 60 аб'ектаў Сувальшчыны. Другая — пашпарт вандроўніка, дзе пазначаны 24 з гэтых месцаў. Прычым у кожным з іх ёсць пункт, дзе ў пашпарце прастаўляецца пячатка — арыгінальная для кожнага аб'екта. Акрамя таго, у пашпарце пазначаны 15 мясцін, наведванне якіх спалучаецца з нейкімі забавамі, загадкамі.

— Гэтая акцыя разлічана на любога вандроўніка, але найперш — на сем'і, каб зацікавіць іх у вывучэнні славутасцяў Сувальшчыны. Узнагароды для дзяцей звязаны з гісторыяй нашага краю — гэта прыгожы дамок з постацямі герояў аповесці пісьменніцы, ураджэнкі Сувалак Марыі Канапніцкай "Пра гномаў і сіротку Марысю", — апавядае Рэната Закрэўска.

У прывітальным пакеце ёсць таксама картка члена інтэрнэт- клуба — шукальніка прыгод на Сувальшчыне. Дапусцім, чалавек ніколі тут не быў, але ёсць інтэрнэт-старонка, якая прапануе гульню, што заснавана на карце, гісторыі гэтага рэгіёна. Дайшоў да пятага ўзроўню, аднак каб прадоўжыць, то павінен прыехаць на Сувальшчыну, каб пашырыць веды пра яе.

— А ці ёсць у польскіх турыстаў інтарэс да наведвання суседняй Гродзеншчыны?

— Ёсць, але не хапае інфармацыі. Нядаўна размаўляла з турыстам, які прайшоў на каяку ўсе польскія рэкі і шукае іншыя магчымасці. Ён быў здзіўлены, што існуе варыянт сплаву на беларускі бок Аўгустоўскага канала і далей да Нёмана. Таму мы з гродзенскімі партнёрамі і спрабуем як мага шырэй распаўсюдзіць такія звесткі. Дарэчы, я яшчэ не сустракала чалавека, які, пабываўшы на Гродзеншчыне, сказаў, што яму ў вас было дрэнна.

Падчас знаходжання на Сувальшчыне мы бачылі шмат "дробязяў", якія пры жаданні і дзелавой хватцы можна напоўніць турыстычным патэнцыялам. Напрыклад, каля вёскі Смольнікі ёсць пляцоўка, адкуль воку адкрываюцца цудоўныя краявіды. Імі здаўна любаваліся турысты, і пры гэтым, на жаль, не абыходзілася без пакінутага смецця. Але цяпер тут парадак, бо ў агляднай пляцоўкі "У пана Тадэвуша" ёсць гаспадар. Прычым, можна не толькі за чыста сімвалічную плату паўзірацца на тутэйшы прыродны ландшафт, але і набыць у кіёску краязнаўчую літаратуру, карты, узяць напракат веласіпед, адпачыць каля вогнішча.

На турыстаў працуе і пабудаваная немцамі вузкакалейная чыгунка: гаспадарчага значэння яна ўжо даўно не мае, але затое запатрабаваная дзецьмі, якія з задавальненнем падарожнічаюць па ёй у невялікіх вагончыках. А ў Сувальскім ландшафтным парку адным з элемента турыстыкі з'яўляюцца... вуллі для дзікіх пчол. Пра іх клапоцяцца па той прычыне, што гэта найлепшыя апыляльнікі для тутэйшых раслін. Акрамя таго, моладзі прапануюцца так званыя "зялёныя лекцыі" — падарожжы па тэрыторыі парку разам з правадніком.

Не паасобку, а разам

Аснова развіцця інфраструктуры і арганізацыі турыстыкі на Сувальшчыне — сумесная праца мясцовых улад і грамадскіх аб'яднанняў. А сувязным звяном паміж імі з'яўляюцца турысцка-інфармацыйныя цэнтры. Прычым мы не ўбачылі ніводнага прыватнага цэнтра — усе яны пры гміне, павеце альбо нейкім грамадскім аб'яднанні. У такіх цэнтрах акумулюецца рэальная інфармацыя (што найбольш цікавіць турыстаў, чаго не хапае), якую ўлады аналізуюць і рыхтуюць адпаведныя планы развіцця. Потым праводзіцца іх грамадскае абмеркаванне, вызначаюцца прыярытэты, праграмы. Пры гэтым грошы на развіццё турызму (у тым ліку па розных еўрапейскіх праграмах) не рэалізуюцца самімі ўладамі: аб'яўляецца рэгіянальны конкурс, у якім могуць удзельнічаць са сваімі праектамі ўсе ахвотныя.

Вось, напрыклад, як працуе цэнтр турыстычнай інфармацыі ў Старым Фальварку — курортным мястэчку на беразе возера Вігры. Абслугоўванне турыстаў — галоўны занятак тутэйшых жыхароў. Прычым, кожны не рэкламуе свае паслугі паасобку: 30 уладальнікаў аграсядзіб аб'ядналіся і ўзялі ўнаём невялікі будынак, дзе створаны турыстычны цэнтр.

— Кожны дае сюды сваю інфармацыю — пра каякі, веласіпеды, коней, рамесніцкія вырабы і іншае, а таксама ёсць матэрыялы наконт усяго рэгіёна, — расказвае кіраўнік гэтага аб'яднання Марэк Равіньскі. — Рэкламуем, дарэчы, і Гродзеншчыну.

— Якім чынам?

— Важна, каб турыст, які да нас прыехаў, застаўся задаволены. А гэта магчыма, калі ў яго шмат інфармацыі — не толькі пра нашы мясціны. І каб таксама ведаў, што адсюль даволі блізка да Вільні і Гродна. Таму мая задача — пераканаць турыстаў, каб яны паехалі і да вас. На гэтым зарабляе ў асноўным перавозчык, але ёсць і мой бізнэс — за прадастаўленую інфармацыю. А галоўнае, бадай, каб як мага больш убачылі турысты. Тады, магчыма, яны прыедуць зноў.

— А візы?

— У беларускім консульстве ў Беластоку турыстычная віза афармляецца за пяць дзён, прычым па жаданні турыстаў я бяру на сябе дастаўку пашпартоў. Патрэбна толькі жаданне паехаць на Гродзеншчыну, — перакананы Марэк Равіньскі.

...Па вяртанні на радзіму (зноў жа байдаркамі) той, хто ўпершыню ўдзельнічаў у сплаве, праходзіць адпаведны абрад, які завяршаецца дакрананнем вясла да "пятай кропкі". Такі вось фініш нашага падарожжа. Зрэшты, які фініш? Усё толькі пачынаецца — і па стварэнні на Гродзеншчыне сеткі турысцка-інфармацыйных цэнтраў (ужо аб'яўлены тэндар на закупку абсталявання), і ўвогуле па арганізацыі сучаснай турыстыкі.

Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота аўтара.

Гродна — Сувалкі — Гродна

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гродзеншчына і Сувальшчына імкнуцца на сучасным узроўні выкарыстаць свой турыстычны патэнцыял На гэта скіраваны праекты, якія на працягу трох апошніх гадоў пры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика