Дзмітрый Буронкін, каардынатар Энергетычнай кампаніі Цэнтра экалагічных рашэнняў: — Студэнтам я станавіўся двойчы. Першы раз — пасля дзявятага класа, калі паступіў вучыцца ў лінгвістычны каледж. Гэта была сапраўдная падзея. Узгадваю, як радаваўся: пасля залічэння дадому ледзь не бег. А ў галаве круціліся думкі пра тое, як зменіцца маё жыццё, як цікава будзе ездзіць на вучобу ў цэнтр горада.
Другі раз я паступіў ужо ва ўніверсітэт. Туды я трапіў адразу на трэці курс. Паступаць было ўжо прасцей. Пасля каледжа я меў добрую падрыхтоўку, ды і "канкурэнты" мае ў большасці аказаліся былымі аднакурснікамі. Але і той дзень мне запомніўся. Па-першае — радасць ад таго, што экзамены ўжо здадзеныя, а наперадзе яшчэ ёсць колькі тыдняў лета, каб адпачыць, а па-другое — пасля залічэння мы з сяброўкамі (у каледжы вучыўся пераважна ў жаночай кампаніі) пайшлі ў кавярню, дзе цудоўна правялі час, размаўляючы і ўспамінаючы розныя вясёлыя моманты.
Кацярына Крыніца, архітэктар: — Вой, гэта было даўнавата — прайшло шэсць гадоў. З эмоцый, якія ўзгадваюцца — па-першае, шчасце, бо дасягнула патрэбнай на той момант мэты. Па-другое — добра памятаю момант эйфарыі, калі проста ходзіш па вуліцы з пастаяннай усмешкай на твары і не можаш нічога з гэтым зрабіць. Болей дэталёва эмоцыі, што адчувала тады, цяпер ужо цяжкавата ўспомніць. Думаю, галоўная асацыяцыя з момантам паступлення ва ўніверсітэт — звычайны і зразумелы добры настрой, як і ў большасці тых, хто на гэтае пытанне адказваў бы. А вось думкі і праблемы, якія накрываюць выпускнікоў пасля атрымання дыплома і прыходу на працу, чамусьці такой прыемнасцю не вылучаюцца, што вельмі шкада. Вольга Белая, спецыяліст па рабоце з персаналам замежнага таварыства "СІБ софтвар": — Памятаю, што было добра і весела. На самой справе, перад экзаменам (мне давялося здаваць іспыты ва ўніверсітэце) зусім не хвалявалася. Паступаць паехалі разам з сяброўкай, жылі ў інтэрнаце, разам гатавалі снеданне, абед і вячэру і асабліва не турбаваліся з-за будучых сур'ёзных перамен у жыцці. Калі даведаліся вынікі, аказалася, што паступілі абедзве: я на англійскую, а яна на нямецкую філалогію. Але, сказаць па праўдзе, я часта мела адчуванне, што паступіла не туды, куды хацела. Так пасля і аказалася. Ды нічога, з часам уцягнулася ў навучальны працэс.
Кацярына Крыніца, архітэктар: — Добра памятаю момант эйфарыі, калі проста ходзіш па вуліцы з пастаяннай усмешкай на твары і не можаш нічога з гэтым зрабіць.