Абітурыентам горш за ўсё даюцца матэматыка і фізіка. 21.by

Абітурыентам горш за ўсё даюцца матэматыка і фізіка

09.08.2012 10:50 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Абітурыентам горш за ўсё даюцца матэматыка і фізіка

           


Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Расійскія педагогі, прааналізаваўшы вынікі адзінага дзяржаўнага экзамену, прыйшлі да несуцяшальнай высновы: без арфаграфічных памылак піша толькі трэцяя частка выпускнікоў, а з прасцейшымі арыфметычнымі задачкамі не могуць справіцца абітурыенты, якія лёгка спраўляюцца з лагарыфмамі і заданнямі на тэорыю верагоднасці.

Для прыкладу, кожны дзясяты выпускнік расійскай школы не змог знайсці правільны адказ да наступнай задачкі: "Цягнік адпраўляецца ад вакзала пункта А ў 20.52 і прыходзіць у пункт В у 16.40 наступнага дня. Колькі часу ён праводзіць у дарозе?" Дарэчы, двойкі па матэматыцы атрымалі 9% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў экзамену, а па фізіцы не справіліся з заданнямі 12,5% удзельнікаў. Найбольшыя цяжкасці ў выпускнікоў выклікалі якасныя пытанні на тлумачэнне сутнасці фізічных з'яў і працэсаў. Упэўнена рашалі задачы павышанага і высокага ўзроўню складанасці не больш як чвэрць удзельнікаў АДЭ па фізіцы. І сёння ўсіх цікавіць: хто праз пяць, дзесяць, пятнаццаць гадоў будзе праектаваць караблі, самалёты і гідратурбіны, будаваць масты і запускаць касмічныя караблі?

Менавіта матэматыка і фізіка горш за ўсё даюцца абітурыентам і ў Беларусі. І хоць аналіз вынікаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання яшчэ ідзе поўным ходам, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў таксама могуць прывесці аналагічныя прыклады, калі маладыя людзі не могуць справіцца з задачамі практычнага зместу.

Так, у гэтым годзе абітурыентам на ЦТ была прапанавана наступная задачка. На адной чашы ўраўнаважаных вагаў ляжаць 3 яблыкі і 1 груша. На другой — 2 яблыкі, 2 грушы і гірка вагой 20 грамаў. Колькі важыць адзін яблык (у грамах), калі ўся садавіна разам важыць 780 грамаў? А побач былі прадстаўлены пяць варыянтаў адказаў: 1) 95; 2) 105; 3) 100; 4) 125; 5) 115.

— Прыкладна 60% абітурыентаў задачу не рашылі. І гэта ў сітуацыі, калі даведацца пра вагу яблыка можна было як з дапамогай сістэмы двух ураўненняў з двума невядомымі, так і шляхам элементарных лагічных разважанняў, — здзіўляецца дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў. — У іншай задачы трэба было вызначыць на малюнку раўнабедраны трохвугольнік. Два вуглы былі вядомыя, а трэці трэба было вылічыць. Элементарнае заданне, але абітурыент павінен быў ведаць, што сума вуглоў трохвугольніка — 180°, а ў раўнабедраным трохвугольніку два вуглы — роўныя.

Каля 6% удзельнікаў тэсціравання па фізіцы не змаглі пазнаць прыбор, прызначаны для вымярэння хуткасці, 10% — прыбор для вымярэння вільготнасці, 12% — барометр, а 25% абітурыентаў не ведалі, што прыборам для вымярэння аб'ёму цела з'яўляецца мензурка.

Для тлумачэння многіх з'яў навакольнага свету неабходна разуменне фізічных і хімічных працэсаў, але далёка не ўсе абітурыенты могуць прыгадаць, у якіх адзінках вымяраецца электрычнае напружанне... Арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання заўважылі, што, як толькі задача ў тэсце абапіраецца на эксперымент, там абавязкова будуць няправільныя адказы. Напэўна, ёсць прадметы (фізіка, хімія, біялогія), якія не могуць выкладацца ў школе толькі на тэарэтычным узроўні, і для авалодання імі ў поўнай меры школьнікам патрабуюцца практычныя навыкі, правядзенне школьных эксперыментаў і лабараторных доследаў. На гэтую праблему звяртаюць увагу і выкладчыкі, якія рыхтуюць беларускіх школьнікаў да ўдзелу ў міжнародных школьных алімпіядах.

Заўважана, што многія не могуць прымяніць свае веды ў сітуацыі, якая нават нязначна адрозніваецца ад стандартнай. Крыху змяняецца фармулёўка задання — і абітурыенты не разумеюць, чаго ад іх чакаюць стваральнікі тэста. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ.

Рэальна ацаніць здольнасць навучэнцаў карыстацца атрыманымі ў школе ведамі і ўменнямі дапамагло б далучэнне нашай краіны да міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў PІSA. У яе аснове ляжыць меркаванне, што мала проста ведаць факты і правілы. Трэба ўмець іх выкарыстоўваць — напрыклад, для таго, каб зразумець газетны артыкул пра глабальнае пацяпленне ці разгледзець маніпуляцыю з лічбамі. Таму ў тэстах PІSA 15-гадовым падлеткам прапануюцца не тыповыя задачы па фізіцы, хіміі ці матэматыцы, да якіх усе прызвычаіліся на постсавецкай прасторы, а блізкія да рэчаіснасці праблемныя сітуацыі, звязаныя з рознымі аспектамі нашага жыцця. Па меркаванні экспертаў PІSA, атрыманне ў школе канкрэтных ведаў, безумоўна, вельмі важнае, але выкарыстанне гэтых ведаў у дарослым жыцці залежыць ад набытых у школьныя гады навыкаў. У жыцці канкрэтныя веды (скажам, такія, як назвы раслін і жывёлін) маюць меншую каштоўнасць, чым разуменне глабальных праблем, звязаных са спажываннем энергіі, біялагічнай варыятыўнасці і чалавечым здароўем. Вельмі важныя для школьнікаў такія навыкі, як уменне ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, уменне здабываць веды, уменне адаптавацца і самастойна прымаць рашэнні, а на постсавецкай прасторы, як вядома, галоўны акцэнт робіцца, пераважна, на акадэмізм і трансляцыю ўжо гатовых ведаў...

PІSA ўкаранілі 65 краін, у тым ліку Расія, Азербайджан і краіны Балтыі. Дарэчы, па выніках даследавання, праведзенага ў 2009 годзе (а такія даследаванні праводзяцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў), Расія аказалася толькі на 41-м месцы сярод 65 краін. А ў 2006 годзе Расія была на 36-м месцы сярод 57 краін.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч падтрымлівае думку, што Беларусі трэба таксама ўдзельнічаць у праграме PІSA, але далучэнне да міжнароднага тэсціравання звязана з сур'ёзнымі фінансавымі выдаткамі: гэта і немалы ўступны ўзнос, і неабходнасць стварэння асобнай структуры, якая будзе ажыццяўляць гэтую дзейнасць са штатам нават большым, чым штат Дэпартамента кантролю ведаў. Таму ў Міністэрстве адукацыі не выключаюць, што ў рамках сённяшніх інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы можа быць створана ўласная, больш прывабная для нас і нашых суседзяў сістэма ацэньвання. Вось толькі каго і з кім мы будзем у гэтым выпадку параўноўваць?

А пакуль што ў беларускіх ВНУ вымушаны ўводзіць спецыяльныя курсы — каб хоць крыху падцягнуць слаба падрыхтаваных першакурснікаў да ўніверсітэцкага ўзроўню. Студэнты нярэдка прыходзяць ва ўніверсітэт з "дзявяткай" ці "дзясяткай" у атэстаце, але рашыць прасцейшую задачу не могуць. Прычым нярэдка менавіта школьны атэстат дазваляе абітурыенту дацягнуцца да прахаднога бала: у агульнай суме балаў будучага студэнта яго "вага" аказваецца вырашальнай. Але ўжо першая экзаменацыйная сесія ўсё расстаўляе па месцах — колькасць адлічаных з ВНУ студэнтаў ідзе на дзясяткі і нават сотні, а ў межах краіны за навучальны год пазбаўляюцца сваіх студэнцкіх білетаў да 15 тысяч чалавек.

Вынікі ЦТ 2012 года

Менш як 7 балаў атрымалі па фізіцы 9,45% удзельнікаў тэсціравання, а па матэматыцы — 10,39%.

З нулявым вынікам прыйшлі на фініш 856 чалавек (па ўсіх дысцыплінах).

Колькасць удзельнікаў, адхіленых ад праходжання выпрабаванняў па прычыне парушэння ўстаноўленых правілаў правядзення ЦТ (за выкарыстанне мабільных тэлефонаў, шпаргалак і даведачнай літаратуры), — 44.

100 балаў абітурыенты атрымалі ў 193 выпадках па 10 прадметах: 97 абсалютных вынікаў па профільных прадметах і 26 — па абавязковых (19 — па рускай мове і 7 — па беларускай).

Большасць уладальнікаў стабальных сертыфікатаў з'яўляецца выпускнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі 2012 года: 36 чалавек закончылі сярэднюю школу, 49 — гімназію, 25 — ліцэй і 11 — іншыя навучальныя ўстановы.
 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля 6% удзельнікаў тэсціравання па фізіцы не змаглі пазнаць прыбор, прызначаны для вымярэння хуткасці, 10% - прыбор для вымярэння вільготнасці, 12% - барометр, а 25%...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика