Будучыню краіны забяспечыць інтэлект нацыі. 21.by

Будучыню краіны забяспечыць інтэлект нацыі

21.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Эканоміка ведаў і яе кадравае забеспячэнне — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам Л. Заікам.

— Леанід Фёдаравіч, хоць да пачатку рашучых змен у ВНУ, якія маюць на мэце максімальна наблізіць адукацыю да вытворчасці, яшчэ ёсць час, але ў прафесарска-выкладчыцкіх колах ды і ў студэнцкім асяроддзі гэтая тэма адна  з самых дыскусійных. Чым выклікана яе злабадзённасць?

— Непазбежным надыходам трэцяй прамысловай рэвалюцыі. Яе наступствы могуць быць у значнай ступені непрадказальныя, а таму нам трэба загадзя рыхтавацца да змен у глабальнай эканоміцы. Сучасная вытворчасць становіцца вельмі складанай і ў недалёкай будучыні ператворыцца ў эканоміку ведаў. Прыкладна праз 20 гадоў у эканоміцы будуць працаваць, вобразна кажучы, не рукі і ногі, а пераважна розум (ці, інакш кажучы, веды). Невыпадкова сёння паміж развітымі краінамі і краінамі, якія дынамічна развіваюцца, набіраюць тэмп, ідзе жорсткае спаборніцтва за тое, хто хутчэй створыць больш эфектыўны разумовы складнік нацыянальнай эканомікі.

— Пакуль тая эканоміка ведаў сфарміруецца... А прадпрыемствам ужо сёння патрэбны маладыя і кваліфікаваныя кадры, якія адразу, з першых дзён на вытворчасці, як гаворыцца, бралі б быка за рогі. Кіраўнікі заводаў і фабрык скардзяцца на тое, што выпускнікоў ВНУ даводзіцца яшчэ амаль год давучваць прафесіі.

— Так, задача прывіцця студэнтам любові і павагі да працы на прадпрыемстве па абранай спецыяльнасці стаіць востра. Пра гэта вам скажуць на любым прадпрыемстве. У кожнага боку свой практычны інтарэс. Дырэктары і галоўныя інжынеры прадпрыемстваў хочуць адразу мець гатовых спецыялістаў. Дык няхай начальнікі самі варушацца дзеля гэтага. Ва ўсім свеце буйныя прамыславікі загадзя думаюць пра змену. А для гэтага не трэба выдумляць што-небудзь асаблівае. Дастаткова прадстаўнікам прадпрыемства стаць сваімі людзьмі ў той ВНУ, якая рыхтуе спецыялістаў па іх профілі. Прыкмячаць здольных студэнтаў другога-трэцяга курсаў, запрашаць на вытворчую практыку, можа, нават часткова аплачваць навучанне з умовай наступнага размеркавання на прадпрыемства. А можна пайсці і на больш радыкальныя крокі. Яшчэ ў сярэдзіне вучобы браць перспектыўнага студэнта на пастаянную працу ў якасці стажора, выплачваць штомесяц, скажам, 500 тысяч рублёў, прадастаўляць іншыя прэферэнцыі — у прыватнасці, гарантаваць пасля заканчэння ВНУ цікавую работу з высокай аплатай.

Карацей, ужо ў час навучання маладога чалавека ўдзельнічаць у яго фарміраванні як спецыяліста з улікам спецыфікі пэўнай вытворчасці. Дарэчы, так робяць вядомыя англійскія, амерыканскія і іншыя замежныя карпарацыі. Іх топ-менеджары не скардзяцца ўніверсітэцкім прафесарам на тое, што іх выхаванцаў даводзіцца потым давучваць. Прыкмячаюць здольнага студэнта і "лепяць" з яго высакакласнага спецыяліста. Між іншым, па такім прынцыпе працуе з маладым папаўненнем наша беларуская "сіліконавая даліна" — Парк высокіх тэхналогій. Там, як я чуў, таленавітую моладзь шукаюць ужо ў школах. А як жа інакш? Наша будучыня — у моцным развітым інтэлекце. А разважаць увогуле аб тым, што вышэйшая школа, маўляў, недапрацоўвае ў справе практычнай падрыхтоўкі для пэўнага завода ці галіны, — дарэмная справа.

— Што замінае хутчэйшай адаптацыі айчыннай вышэйшай адукацыі да цяперашніх і будучых інтарэсаў нацыянальнай эканомікі?

— Тут некалькі прычын. Адна з іх — адсутнасць шырокай дыскусіі па гэтай тэме. Я не стаў бы рабіць кавалерыйскую атаку на ўніверсітэты. Спачатку варта было б разабрацца з сітуацыяй у вышэйшай школе. У нас ёсць ВНУ, дзе за апошнія 10 гадоў адбылося пагаршэнне інтэлектуальнай сітуацыі. Ёсць ВНУ, дзе на кафедрах засталіся пераважна пенсіянеры, нярэдка вельмі паважанага ўзросту. Моладзь не імкнецца працаваць у ВНУ, а гэта значыць, што над навуковымі школамі навісла пагроза паступовай самаліквідацыі. Калі знікае навуковая школа, то ўніверсітэт нібы страчвае сваю значнасць, прывабнасць. А самае небяспечнае ў тым, што ўзнікае пагроза пераемнасці пакаленняў навукоўцаў. Якасць адукацыі залежыць ад якасці прафесарска-выкладчыцкага саставу ўніверсітэтаў.  Гэта аксіёма. Сёння выкладчыкі празмерна загружаны папяровай работай, складаннем шматлікіх справаздач, даведак і г. д. Значыць, менш часу прысвячаецца жывой навуковай дзейнасці, даследаванням, павышэнню выкладчыцкай кваліфікацыі. Мне здаецца, што такога валу папер у ВНУ не было нават у часы Брэжнева.

— І што можна зрабіць, каб без асаблівых фінансавых інвестыцый істотна палепшыць навучальны працэс?

— Ды хоць бы прыцягнуць увагу грамадскасці і ўлады да дзейнасці навукоўцаў, іх дасягненняў, памкненняў, шматлікіх праблем... Раней у абкамах партыі першыя сакратары рэгулярна сустракаліся з прафесарамі вядучых ВНУ, ажыццяўлялі, як сёння сказалі б, сумесныя праекты. Я не памятаю, каб цяпер губернатары запрашалі да сябе знакамітых навукоўцаў абмеркаваць за кубачкам кавы надзённыя праблемы вобласці, намеціць шляхі іх вырашэння агульнымі намаганнямі.

У нас, напрыклад, якіх толькі конкурсаў не існуе. Адных толькі конкурсаў прыгажосці некалькі, якія актыўна падтрымліваюцца і асвятляюцца тэлебачаннем, іншымі СМІ. Не шкадуецца ні эфірнага часу, ні газетнай плошчы для папулярызацыі часам дзіўнаватых амбіцыйных маладых мужчын і жанчын, якія самі сябе называюць "зоркамі", вядуць банальныя і часам вельмі неразумныя размовы з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Але я не ведаю сур'ёзных конкурсаў на лепшага маладога навукоўца сярод таленавітых фізікаў, эканамістаў, біёлагаў і г.д. Няма цікавых перадач па навуковай тэматыцы.

— І што, лекцыі ў эфіры чытаць?

— Чаму б і не? Я адносна нядаўна адкрыў для сабе "Радыё Расіі". У адным расійскім горадзе выпадкова ўключыў гэта радыё і з задавальненнем праслухаў лекцыі па касмагоніі (галіна навукі, у якой вывучаецца паходжанне і развіццё касмічных целаў і іх сістэм, зорак і галактык, туманнасцяў), гісторыі культуры, якія чыталі знакамітыя расійскія вучоныя. Чаму і нам не пераняць гэты досвед?

— Пры ўсіх відавочных і не бачных воку недасведчанага чалавека недахопах нашай вышэйшай адукацыі да нас едуць вучыцца з-за мяжы. І колькасць замежных студэнтаў расце. Як вы ацэньваеце гэты факт?

— І добра, што едуць. Іх будзе яшчэ больш, калі мы здолеем паспяхова правесці рэформу вышэйшай школы, дапаможам ёй пазбавіцца ад фармалізму, шэрасці і непрафесіяналізму ў навучальным працэсе, празмернай паператворчасці. Я б увогуле на тры гады забараніў пісаць выкладчыкам ВНУ справаздачы. Толькі перадаваць у інстанцыі самую неабходную інфармацыю, а таксама інфармаваць аб колькасці спасылак у інтэрнэце на першую пяцёрку кіраўнікоў універсітэта, дакладней, іх навуковыя працы, публічныя выступленні. На гэтую акалічнасць хочацца звярнуць увагу. Існуе так званы індэкс цытуемасці аўтара навуковых артыкулаў, выданняў. Аднак рэктары і прарэктары нашых ВНУ настолькі загружаны адміністрацыйнымі паўсядзённымі клопатамі, што не маюць часу весці навуковую работу. Значыць, і цытуюць іх мала. І не дзіўна, бо яны паступова адыходзяць ад навукі, даследаванняў. І гэта не іх віна. Памятаю, былы рэктар інстытута народнай гаспадаркі Фёдар Баравік казаў нам, тады маладым аспірантам, што ён на кіруючай пасадзе страціў магчымасць займацца навукай.

— Як жа тады разгрузіць рэктараты ад паўсядзённых гаспадарчых і адміністрацыйных клопатаў?

— Зноў звярнуцца да лепшых прыкладаў замежнай практыкі. Скажам, зрабіць так, каб рэктар узначальваў (кажу прыблізна) сенат універсітэта ці навуковы савет і адказваў пераважна за навуку і навучальны працэс. А адміністрацыйнае кіраўніцтва ВНУ даручыць іншай асобе. Тады ў рэктара і яго намеснікаў будзе больш часу для ўдасканалення навучальнага працэсу, больш канкрэтнай работы з маладымі талентамі, перспектыўнымі аспірантамі. У тых жа нямецкіх універсітэтах ёсць пасада канцлера (ён прызначаецца дзяржавай), які адказвае за правільнае выкарыстанне фінансаў, у тым ліку і дзяржаўных сродкаў, за вырашэнне арганізацыйных праблем.

Давайце паставім пытанне такім чынам: вышэйшая адукацыя патрэбная для сённяшняга дня ці заўтрашняга? Зразумела, для заўтрашняга. Як вядома, веды — гэта тавар, які хутка псуецца. Праз пяць гадоў практычныя веды састарваюцца. Таму я ўпэўнены ў тым, што навука, даследчая работа ў лабараторыях будзе паступова перамяшчацца з інстытутаў НАН ва ўніверсітэты. Згодна з сусветнай практыкай, навука і выкладанне ідуць побач і адначасова развіваюцца. Гэта цудоўна — бачыць у студэнцкай аўдыторыі выкладчыка, які паспяхова займаецца навуковай дзейнасцю. Паглядзіце, дзе апошнім часам робяцца адкрыцці сусветнага значэння за мяжой? Ва ўніверсітэтах.

Сёння айчынная вышэйшая адукацыя ў пэўным сэнсе стаіць на парозе перамен. Размова ідзе аб якасным паляпшэнні падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. У беларускай сістэме вышэйшай адукацыі ёсць шмат станоўчага. Мы, напрыклад, захавалі ўсе ВНУ, ні адну з іх не закрылі. Мы паступова ператварылі амаль усе ВНУ ва ўніверсітэты. Мы ў асноўным самі забяспечваем сябе кадрамі.

— А як вам ідэя ўсеагульнай вышэйшай адукацыі?

— Яна не новая, але, на мой погляд, праблематычная. Літве перад уступленнем у Еўрапейскі саюз чыноўнікі з Бруселя зрабілі заўвагу, што ў краіне выпускаецца зашмат спецыялістаў з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй: інжынераў рыхтуюць больш, чым уся Германія. Дарэчы, колькасць насельніцтва Літвы недзе ў 20 разоў меншая, чым у Германіі. Таму Вільнюсу было рэкамендавана ў добраахвотна-прымусовым парадку правесці істотнае скарачэнне набору студэнтаў на інжынерныя спецыяльнасці. І Літва была вымушана пагадзіцца.

А ёсць супрацьлеглыя прыклады... Мой добры знаёмы прафесар Берлінскага ўніверсітэта расказаў мне такую гісторыю. Пасля далучэння ГДР да ФРГ у нямецкіх ВНУ новых зямель вырашылі рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў для банкаў. Але патэнцыйныя працадаўцы — заходнегерманскія банкіры — хутка астудзілі іх пыл: не займайцеся марнатраўствам часу і грошай, лепш дайце студэнтам добрую тэарэтычную базу, а працаваць мы іх навучым самі ў нашых банках. Вось так быў вырашаны лёс падрыхтоўкі банкаўскіх работнікаў у былой ГДР. Ну як вам падыходы да адукацыі ў аб'яднанай Еўропе? Але вернемся ў нашу краіну. Сёння ў Беларусі існуе дастатковая матэрыяльная база: будынкі ВНУ, інтэрнаты, прафесарска-выкладчыцкі персанал і г.д., для таго, каб пры жаданні даць вышэйшую адукацыю ўсім выпускнікам сярэдняй школы.

— А нам гэта трэба?

— Пытанне справядлівае: сапраўды, а навошта? Куды мы дзенем гэтую армію маладых людзей з дыпломамі? Дзе і куды ўладкуем іх на працу? Хоць давайце паглядзім, хто лідзіруе па колькасці выпускнікоў ВНУ. У тройцы лідараў — тры краіны: Паўднёвая Карэя, Канада і Расія. У апошняй 57 працэнтаў маладых людзей маюць вышэйшую адукацыю.

— Ведаеце, у Расіі столькі блукае "ліпавых" універсітэцкіх дыпломаў, столькі ўзнікла новых малазразумелых ВНУ, якія, як бліны, пякуць дыпломнікаў, што я б не здзівіўся, калі б лічба дасягнула 90 працэнтаў...

— Я чуў пра гэтыя хібы ў расійскай адукацыі. там улады ўжо прымаюць канкрэтныя захады па ўпарадкаванні сітуацыі ў вышэйшай адукацыі. Тым не менш у Расіі па-ранейшаму моцная вышэйшая школа, і нам з ёй варта супрацоўнічаць па розных кірунках, у тым ліку і ў падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай адукацыі заўтрашняга дня.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эканоміка ведаў і яе кадравае забеспячэнне — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам Л. Заікам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика