Адказнасць, памножаная на сто
21.08.2012
—
Новости Общества
|
Чатыры змены працуе аздараўленчы лагер "Чайка" Ляхавіцкага аддзела адукацыі У мінулую пятніцу "Чайка" жыла пад знакам дня гумару, складнікам якога стала касцюміраванае шоу. На ўездзе ў лагер, каля шлагбаума, усіх наведвальнікаў сустракалі Ілья Кузьміч і Ілья Сімановіч, пераапранутыя ў дзяўчат з кідкім макіяжам і бюстам "а-ля Верка Сярдзючка". І вельмі пацешна было назіраць, як хлопцы ў дзявочых строях выконвалі сур'ёзную справу дзяжурных па лагеры. Кожны атрад прыдумваў тады нейкую сваю сцэнку, каб рассмяшыць астатніх таварышаў.
А папярэдняя змена называлася "Скарбы нацыі". Паводле слоў яе аўтара, старшага выхавальніка Вольгі Прыхач, дзецям вельмі падабаецца шукаць скарбы. Таму кожны дзень змены станавіўся няпростым шляхам да чарговага куфэрка, які ў старажытнасці "закапаў чараўнік". Спачатку трэба было знайсці і склеіць кавалкі старой карты, а потым па карце прыйсці да месца скарбонкі. Якая ж радасць апаноўвала, калі пад старой сасной раптам адкопвалі скрынку. Адна, напрыклад, аказалася куфрам дружбы. Там захоўваліся мудрыя выслоўі пра дружбу як найвялікшае багацце. Потым разважалі на гэтую тэму, дзяліліся думкамі. Сустракаліся і куфар прыроды, куфар талентаў. За 18 дзён змены школьнікі павінны нечаму навучыцца, даведацца шмат новага, карыснага, гавораць дарослыя. На гэта і разлічаны праграмы выхавання. Летам зручней за ўсё пазнаваць свой край. Экскурсіі ў Мірскі замак, у Нясвіжскі палац Радзівілаў, здаецца, прынеслі задавальненне ўсім экскурсантам. І з гасцямі, якіх запрашалі ў свой лясны куток, гэтым разам шанцавала. "Айцец Уладзімір, мясцовы святар, — расказвае дырэктар лагера Надзея Патапчык, — правёў надзвычай пранікнёную гутарку пра міласэрнасць і спагаду, пра паважлівыя адносіны да старэйшых, асабліва да ўласных бацькоў. Бацюшку ўважліва слухалі, задавалі шмат пытанняў, што азначае: зачапіла за душу, не пакінула абыякавым". Супрацоўнікі райаддзела МНС не проста арганізавалі цікавыя конкурсы з прызамі, але далі вельмі многа жыццёва важнай інфармацыі на тэму асабістай бяспекі, а таксама правілаў паводзін у экстрэмальнай сітуацыі.
Дзецям падабаецца "Чайка". Тут ёсць сталыя аматары адпачынку, яны прыязджаюць трэці, а то і пяты раз. На працягу навучальнага года некаторыя карыстальнікі "У Кантакце" пытаюцца ў Вольгі Мікалаеўны, калі якая змена, згодна з праграмай. Вольга Прыхач — таксама старшы выхавальнік са стажам. Таму і пішуць ёй лісты праз інтэрнэт былыя выхаванцы. Каб было нецікава, наўрад ці хто імкнуўся б трапіць у "Чайку" зноў. Кожную змену адпачываюць дзеці з прыёмных сем'яў, з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Не адмаўляюць з пуцёўкамі і бацькам тых падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Так што здараюцца складаныя змены, бываюць атрады, якім надаецца павышаная ўвага. Хто думае, што ў лагеры працаваць проста, той памыляецца... Нават калі ў атрадзе ўсе дзеці ўзорных бацькоў, бываюць розныя сітуацыі, абумоўленыя паводзінамі. 17-гадовыя падлеткі без бацькоў, якія лічаць сябе дарослымі, — чым не падстава для бяссонных начэй выхавальнікаў? Гэта павінны ўлічваць педагогі летняй аздараўленчай установы. А для бацькоў адпачынак сына ці дачкі вельмі выгадны ў эканамічным сэнсе. Пры кошце пуцёўкі ад 1300000 да 1500000 рублёў для сям'і яна абыходзіцца адпаведна ў 130000-150000: астатняе аплачваюць дзяржава і прадпрыемства альбо арганізацыя, дзе бацькі працуюць. На ўтрыманне саміх карпусоў і няпростай лагернай гаспадаркі сродкі выдзяляе раённы бюджэт. Вясной аддзел адукацыі ладзіць выязныя суботнікі, на якіх памяшканні і тэрыторыя рыхтуюцца да новага сезона. Як лічыць Надзея Патапчык, адзіны дзіцячы лагер у раёне мясцовая ўлада падтрымлівае, скардзіцца было б грэх. Сёлета райвыканкам да пачатку першай змены падарыў дзіцячую горку, новы камп'ютар. Усё, што патрэбна для нармальнай работы, для выхаваўчага працэсу, у "Чайцы" ёсць. Дзеці атрымліваюць пяціразовае харчаванне. Кухары аддзела адукацыі працуюць вахтавым метадам — па дзевяць дзён. Пра старшага кухара Ірыну Хмарук, якая завяршала апошнюю змену, водгукі былі самыя лепшыя. Што асабліва падкрэсліла Надзея Патапчык, Ірына Аляксандраўна не проста смачна гатуе, але да дзяцей падыход мае. У яе з'ядаюць усю порцыю, што асабліва важна для выхаванцаў малодшага ўзросту, якія з'ехалі ад мам. Сама Надзея Пятроўна, назва пасады якой нядаўна памянялася з начальніка лагера на дырэктара, крыху іранічна ставіцца да новай назвы. Хаця згаджаецца, што пэўная доля праўды тут ёсць. Як адміністратар, адказны за ўсю гаспадарку, за матэрыяльна-тэхнічнае становішча, яна працуе круглы год. А момант ісціны для ўстановы наступае з пачатку лета, калі сюды прыязджаюць школьнікі. Увесь складаны механізм гаспадаркі лагера павінен дакладна працаваць, калектыў быць адной камандай — і ўсё гэта задача кіраўніка. "Пяцьдзясят дзве змены адпрацавала... — гаворыць Надзея Пятроўна. — Дня не было, каб не прасіла заступніцтва Бога. Прашу, каб збярог, захаваў дзяцей жывымі, здаровымі, разумнымі. Уяўляеце, гэта ж такая адказнасць — сотня дзяцей у нас?!" Святлана ЯСКЕВІЧ. Ляхавіцкі раён Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры змены працуе аздараўленчы лагер "Чайка" Ляхавіцкага аддзела адукацыі У мінулую пятніцу "Чайка" жыла пад знакам дня гумару, складнікам якога стала... |
|