Хмелеўскі Спас — "заклад". 21.by

Хмелеўскі Спас — "заклад"

21.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нягледзячы на тое, што кірмашовыя звычаі ў Хмелеве, якія аб'ядноўвалі мясцовае насельніцтва, цягам часу адышлі ў нябыт, святкаванне "закладу" ніякім абставінам "перамагчы" нельга. Нават у час войнаў і атэістычнага росквіту не перарывалася традыцыя збірацца ў вёсцы ў гэты дзень. Нібы ў адзін голас хмелеўцы кажуць, што гэта — лепшае іх свята і яны заўсёды будуць яго шанаваць: дзе б і як бы далёка яны ні жылі, абавязкова прыедуць на свята на малую радзіму.

А ў гэты дзень, зранку наведаўшы храм (дарэчы, унікальны помнік драўлянага дойлідства Беларусі) з цудатворным абразом Маці Божай Чанстахоўскай (яе старажытнай копіяй), памаліўшыся і асвяціўшы садавіну — яблыкі, грушы, вінаград, хмелеўцы спяшаюцца ладзіць святочныя сталы. Сапраўды, у гэты дзень прынята збірацца за адным сталом усёй раднёй, запрашаць суседзяў і сяброў. Кожны выхадзец з вёскі з матуліным малаком узгадоўваецца з пашанай да "закладу", і ў гэты дзень абавязкова прыедзе сюды.


Старэйшая жыхарка вёскі Надзея Шабала заўсёды разразае на скрылікі свянцоны яблык і раздае ўнукам і праўнукам. Гэтым разам у яе двары за сталом сабраліся добрыя два дзясяткі родных.

— Кушайтэ свянцоно яблыка, хай вам Бог дае здароўя, — жадае Надзея Сяргееўна, вітаючы сваіх доўгачаканых гасцей, — калі хочаце більш яблыкаў, то ідытэ ў сад і рвітэ самі.

Хмелеўскія сады хоць і не ломяцца сёлета ад ураджаю, але вельмі багатыя. І калі спеўны гурт мясцовай самадзейнасці пайшоў па вёсцы запрашаць жыхароў на свята, іх часцей віталі шчодрымі хмелеўскімі стравамі і ласункамі ў садзе пад яблынямі. За гэткую гасціннасць аднавяскоўцаў дзяўчынкі і хлопчыкі фальклорнага гурта "Дараносіца" аддзякавалі побытавымі танцамі, якіх яны ведаюць багата. А вядомы на Брэстчыне гурт "Хмелеўскія валацугі" спяваў сваё традыцыйнае:

<І>"Ой, на ставу, да на ставочку, на ставу,

Там плавало два казакы да на човну,

Выйшла дзівчіна гарно зыбрана по воду,

Тай назвала казачэнька да соколю..."

Не ведаючы мясцовай гутарковай манеры, можна падумаць, што ў Хмелева размаўляюць па-ўкраінску. Але прыслухаўшыся, разумееш, што тут асаблівы каларыт, не параўнальны ні з якімі іншымі гаворкамі. Свая — хмелеўская мова. І яе, як і свой "заклад", хмелеўцы шануюць змалку. Шкада толькі, што насельніцтва вёскі штогод скарачаецца.

Была тут некалі свая традыцыя класці на могілках яблыкі. Цяпер такое ўбачыш рэдка. Адны жыхары спасылаюцца на рэлігію: маўляў, не дазваляе яна гэтае паганства. І сапраўды, манахі, якія ўтварылі ў межах царквы манастыр, пераконваюць насельніцтва, што ранейшая традыцыйная культура "грашыць" язычніцтвам. Але гэткім чынам у вяскоўцаў адыходзіць і спрадвечная спасаўская традыцыя наведвання на Спас могілак — рэдкая ўжо для Беларусі. Спас — гэта той лепшы час, калі варта памянуць і тых, хто колісь першым распачаў гэты непаўторны хмелеўскі "заклад". А чым памянуць, як не традыцыйным, колісь кірмашовым спасаўскім яблычкам?

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на тое, што кірмашовыя звычаі ў Хмелеве, якія аб'ядноўвалі мясцовае насельніцтва, цягам часу адышлі ў нябыт, святкаванне "закладу" ніякім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика