"...Як не мыеш ножкі мілцы,Мый, браток, сваёй кабылцы"
23.08.2012
—
Новости Общества
|
Яблыкі сёлета ўрадзілі. У Аўцюках каля крамкі тры мужыкі сустрэліся і давай хваліцца, у каго лепей: чые смачнейшыя, чые, прынамсі, буйнейшыя. — Я, — кажа першы, — адзін ападак у хату прынёс, на лаўку палажыў — зламалася. — А я свой — на стол... Той — ушчэнт! — Хлопцы, — уздыхае трэці, — а я ж свой — ледзь на воз ускаціў! І што вы думаеце: з яблыка вылез такі чарвяк!.. Каб, крый Божа, адышоўся куды — каня б майго з'еў! Уяўляеце, якое гора <І>магло быць у чалавека?! Вы кажаце: "Не магло!"? Бо не бывае гэтакіх яблыкаў і гэтакіх чарвякоў! Значыць, вы — навалач (чалавек прыезджы). Альбо госць: таму што ўсе мясцовыя ведаюць "залатое" аўцюкоўскае правіла: "Не падабаецца — не слухай, а брахаць не мяшай". Праўду казаць — і тым больш! Гэта мы да таго, што ў нашай конкурснай пошце ў чарговы раз змяшалася ўсё: чыстая фантазія з гэткай жа праўдай, смешнае з сумным, а вершы да здымка (верхняга) — з прозай.
Раней, як піша чытачка, коней цэлыя табуны ля вёскі хадзілі. І ў кожнага — свой панарад быў, свая — па памеры — збруя, сваё імя, выбранае, што называецца, з падыходам і ў адпаведнасці. Кшталту — Чэмберлен, Вараг, Орлік. "Кабылка была, — узгадвае Соф'я Парфір'еўна, — Цылька — чорненькая, маленькая і такая ўжо ўвішная, шчырая да працы... А цяпер машынам мянушкі даюць: "Бэха", "Аўдзюха", "Мерын"... "Знікаюць коні, — канстатуе і Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Мы яшчэ мелі шчасце на іх пакатацца, а вось нашы ўнукі ды праўнукі змогуць, крый Божа, хіба здалёк паглядзець. Ды і то... у заапарку". Што, вядома ж, крыўдна і ў адносінах да каня, як лічыць Валерый Мікалаевіч, зусім несправядліва: Цягаў калясніцу, І воз, і тачанку, Калгаснае поле араў аж да ранку... А памяць людская... Штоночы, штодня Шкадуюць і песцяць... Стальнога каня. Ён, той стальны — нічога не скажаш — вязе хутчэй і, магчыма, з большым камфортам. Але ж затое (ну згадзіцеся!): Калі хтось канька трымае, Ён у вёсцы — вышыня! Вось такой — не дасягаюць Ані поп, ні старшыня! Упэўнены ў гэтым сужэнцы Астроўскія з Мінска. І яны ж (трэба разумець, пра сябе?) пішуць: Да канька — ідзём з павіннай, Просам просім* прабачэння, Бо ён трактар, ён — машына І... вытворца ўгнаення. Менавіта па гэтай прычыне (радкі з тога ж канверта): І ўзімку, і ўлетку Косю трэба шанаваць: Даглядаць яго, як кветку, І ў спёку — паліваць. Што лю́дскі чалавек (са здымка) і робіць, бо гэтага, па меркаванні спадарыні Кусянковай, само жыццё вымагае: Не падмажаш — не паедзеш, Не "заправіш" — не ўзарэш... Вось па гэтаму ў Марго І трава, і душ Шарко. Заканамернае пытанне: што ж мае гаспадар кабылы? Вяскоўцам і дачнікам прасцей, мусіць, адказаць, чаго ён не мае? Але ж ёсць і канкрэтыка (ад спадара Гаўрыша): Гаспадар канём ганарыцца: Добра цягне — хоць воз, хоць плуг... Яны часам калымяць удвух, Але ж плата — каму паляндвіцай, А каму — травой ды вадзіцай. Вы кажаце, што так несправядліва? Не спяшайцеся — ні абурацца, ні шкадаваць каня (ці ўсё ж кабылку?). Ёсць меркаванне, што гэта — яе ўласны ўсвядомлены выбар: Тамара Сцяпанаўна Маркушэўская з в. Петкавічы Баранавіцкага раёна піша: Раскажу вам па сакрэту, Сіўка села на дыету. І прагнозы тут такія: Можа быць анарэксія. Стане воз ёй не пад сілу, Трэба ратаваць кабылу. Ад анарэксіі? Ну вядома ж, трэба! І ўсімі магчымымі сродкамі! Галоўны з якіх, як лічыць Зоя Пятроўна Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна, добра прадуманы рэжым. Асабліва — у неспрыяльныя дні: Летні поўдзень. Спёка. Душна. Людзі — к мору, да ракі. А буланая — пад душык: У яе рэжым такі. З дыетычным харчаваннем, з масажам... І, вядома ж, з пасільнымі нагрузкамі, з працай (як мяркуе спадар Дубовік з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна) у адпаведнасці з пародай: Коням, кажуць у народзе, Даюць працу па пародзе: Каму — цяжкі плуг цягаць, Каму — людцаў забаўляць. Забаўляць — паводле слоўніка — яшчэ і весяліць. Можна — многіх, а можна і тую — адну-адзіную. А чым? На думку Альфрэда Тычко з вёскі Ідолта Мёрскага раёна, самым чаканым: Вось памые хлопец ногі — І шчаслівенькай дарогі!.. Ён не ў гулі, не на свята, Ён да любачкі — у сваты! Адно: ці ацэніць яна, тая любачка, вось гэтакі крэатыўны прыезд? Ёсць, як той казаў, пытанне. І ёсць адказ — ад спадарыні Кусянковай (прабачым ёй рускае слоўка: мерын у перакладзе на беларускую — конь), бо яна (ці, дакладней, яе гераіня?) і без таго ўжо моцна пацярпелі — ад падману. І такога ж крыўднага: Пазнаёмілася з хлопцам, Радасці — не мерана, Бо казаў, што "мерын" ёсць! І прывёў во... мерына. Абдурыў мяне, скаціна, Я ж лічыла — ён з машынай! А між тым, наяўнасцю машыны анікога ўжо не здзівіш: як той казаў, і жук і жаба цяпер на аўто... Чым пакуль што можна здзівіць, ведае спадар Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна: У вёсцы — сэрвіс для аўто? Ужо не дзівіцца ніхто. Слупянее хіба госць: Тут для коней сэрвіс ёсць! Больш за тое, ёсць у конкурснай пошце і звесткі пра тых, хто там працуе, хто аказвае паслугі. Вось гэтага спецыяліста (са здымка) спадар Гарачоў характарызуе так: Хлопец вельмі дарослы ён, Ды ні чыну, ні рангу... Ён кабылу бясхвостую Палівае са шланга. Расповед пра таго ж самага "спецыяліста па палі́ве" дапаўняе і спадарыня Тарасік з Мінска. Яна піша: Гэты хлопча жонку меў, Жыць па-людску — не хацеў. Вось яна з таго дурдому І паехала к другому. (Што бывае — ну сапраўды... Мараль?) ...Як не мыеш ножкі мілцы, Мый, браток, сваёй кабылцы. Завяршыць жа гэты агляд хочацца па традыцыі — нечым жыццесцвярджальным. Напрыклад, радкамі спадара Дубовіка: Праўду кажа мой народзе: Яшчэ будуць коні ў модзе! Бо без іх, як ні круці, А нямашака пуці! Ад сябе дадамо — ні ў будучыню, ні... адзін да аднаго, пра што так хораша распавядаюць ужо знаёмыя паміж сабой (сустракаліся ў рэдакцыі з нагоды 10-годдзя рубрыкі) удзельнікі конкурсу "Хто каго?". Прынамсі, спадар Гарачоў напісаў (пасучы кароўку, дарэчы): Як абмыю я падковы Коніку-таварышу, Паімчу да Кусянковай, А затым — да Гаўрыша. А тыя, між іншым, і рады б прыняць! "Тут нядаўна шум прайшоў: Што на здымку... Гарачоў. Навігатар уключае, Шлангам Сіўку дамывае, І тады яна ў Лучын Даімчыць за пяць хвілін.
А яшчэ — хай сціплыя, але ўзнагароды. Прынамсі, аўтарамі самых лепшых подпісаў да мінулага здымка (на ім, калі памятаеце, пяцёра мужыкоў піхалі пажарную машыну), паводле меркавання вялікага чытацкага журы, прызнаны спадарыні Тамара Века з вёскі Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, Ніна Бурко — з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна, спадары Аляксандр Матошка з Расонаў, Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны і сужэнцы Астроўскія з Мінска. З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. А значыць, першы прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду" на апошні квартал гэтага года застаецца ў Мінску, другі — у выглядзе падпіскі на часопіс "Вожык" (на месяц) — рэдакцыя часопіса прысудзіла спадару Гаўрышу з Чавусаў. Валянціна Доўнар, Фота Анатоля Клешчука. * Просам прасіць, паводле слоўніка, значыць вельмі шчыра і настойліва... Можа, нават не прасіць, а маліць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПЕРАМОЖЦЫ КОНКУРСУ АТРЫМАЮЦЬ ПРЫЗЫ — ПАДПІСКУ НА ГАЗЕТУ "зВЯЗДА" І ПАДПІСКУ НА ЧАСОПІС "ВОЖЫК" |
|