Я родам з Выдавецкай вуліцы. 21.by

Я родам з Выдавецкай вуліцы

23.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кожны раз калі вяртаюся з Камароўскага рынку, пераходжу вуліцу Кульман і спыняюся каля помніка падпольшчыкам газеты "Звязда". На гэтым месцы ў 1942 годзе па вуліцы Выдавецкай, 10 знаходзілася падпольная друкарня. Тут памяць вяртае мяне ў мінулае, бо на вуліцы Выдавецкай, якой ужо няма на карце, прайшло маё дзяцінства і юнацтва.

Мая сям'я перасялілася ў раён Камароўкі на Выдавецкую ў 1940 годзе. Сваю назву вуліца атрымала таму, што тут былі пабудаваны дамы, у якіх пражывалі сем'і работнікаў беларускіх выдавецтваў (мая маці працавала ў друкарні імя Сталіна).

Памятаю, як пачалася вайна. Нямецкія самалёты бамбілі горад, пачаліся пажары. Адна з бомбаў упала ў нашым агародзе, але не разарвалася. Яе ўбралі сапёры ўжо пасля вайны.

28 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы каля Камароўкі пачалася перастрэлка, а ўдзень паказаліся нямецкія танкі.

Калі горад быў акупаваны, на вуліцах пачалі з'яўляцца лістоўкі, у якіх усё часцей сустракалася слова "смерць": пагражалі насельніцтву за ўкрыванне савецкіх салдат, за захаванне зброі, боепрыпасаў, радыёпрыёмнікаў, абразу нямецкіх салдат...

Але ўжо ў жніўні 1941-га ў раёне Камароўкі была створана адна з першых падпольных груп. Патрыёты распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вызвалялі ваеннапалонных з лагераў смерці, наладжвалі сувязь з партызанскімі атрадамі. У 1942 годзе на вуліцы Выдавецкай у доме Таццяны Якавенкі выдавалася "Звязда". Набіраў і вярстаў яе Хасан Александровіч, які жыў у доме насупраць. Але не толькі пра гэта памятаюць былыя жыхары.

Па начах часта ў раёне Камароўкі чутны былі стрэлы і выбухі. Невыпадкова нямецкім салдатам і афіцэрам было забаронена тут з'яўляцца ў начны час.

У доме на Выдавецкай засталіся мая стрыечная сястра, маці і сястра бацькі Серафіма Рыгораўна, якая стала падпольшчыцай і сувязной адной з партызанскіх брыгад. Маці разам са мной і сястрой вырашыла перабрацца да сваіх бацькоў у Капыльскі раён, бо выжываць тут было цяжка і небяспечна. Маці катэгарычна адмовілася працаваць на немцаў. Мы аказаліся ў складаным становішчы, на Камароўскім базары былі прададзены ўсе рэчы ці абменены на прадукты. Праз некалькі дзён пасля таго, як мы пакінулі Мінск, Серафіма позняй ноччу прывяла ў дом шэсць чалавек, якіх удалося вызваліць з лагера ваеннапалонных. Некалькі дзён яны хаваліся ў склепе нашага дома. Тады немцы ладзілі аблавы, накіраваліся яны і на Выдавецкую вуліцу. Бабуля, калі заўважыла, што гітлераўцы ідуць да нашага дома, ледзь паспела на века склепа высыпаць мех бульбы і папярэдзіць аб небяспецы. Абышлося. "Пастаяльцы" хутка былі перапраўлены ў партызанскі атрад.

Недалёка ад нашага дома знаходзілася явачная кватэра падпольнай камсамольскай арганізацыі "Танюша", якая ў час вайны дзейнічала на Мінскім радыёзаводзе.

А яшчэ жыхары Выдавецкай вуліцы часта выпраўлялі старэйшых дзяцей перакінуць хлеб палонным канцлагера, які быў створаны немцамі недалёка ад Камароўкі, па вуліцы Шырокай (зараз Куйбышава, сёння на гэтым месцы знаходзіцца ваенны шпіталь). З гэтага лагера рэгулярна "курсіравалі" душагубкі ў Трасцянец, было знішчана каля 20 тысяч чалавек...

У пачатку 1970 года на Выдавецкай вуліцы з'явілася будаўнічая тэхніка, жыхары былі пераселены. Тады быў знесены і дом, у якім друкавалася падпольная "Звязда". Можа, яго магчыма і трэба было захаваць як памяць аб няскораным Мінску і яго мужных жыхарах...

Мікалай Латушка

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны раз калі вяртаюся з Камароўскага рынку, пераходжу вуліцу Кульман і спыняюся каля помніка падпольшчыкам газеты "Звязда". На гэтым месцы ў 1942 годзе па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика