ЖЫВОЕ СЛОВА ПІМЕНА ПАНЧАНКІ
23.08.2012
—
Новости Общества
|
Сёння споўнілася б 95 гадоў народнаму паэту Беларусі Пімену Панчанку Так атрымалася, што інтэрв'ю "Звяздзе" было апошнім у жыцці народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Дый калі б не "Звязда" — не было б і той цікавай гутаркі. Але — аб усім па парадку.
— З якой вы газеты? — Са "Звязды". — Са "Звязды"? Ну, тады трэба абавязкова сустрэцца — нягледзячы ні на што. Прыходзьце, буду чакаць! * * * У 1934 годзе Пімен Емяльянавіч скончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску, настаўнічаў, выкладаў родную мову і літаратуру. Менавіта з таго часу, з 1934 года і да самай смерці ён быў пастаянным падпісчыкам "Звязды". Здарыўся толькі адзін вымушаны перапынак — Вялікая Айчынная вайна... У 1939-м, ужо будучы членам Саюза пісьменнікаў, Пімен Панчанка скончыў філалагічны факультэт Мінскага настаўніцкага інстытута. З 1939 па 1946 год жыццёвы лёс паэта звязаны з нялёгкімі салдацкімі дарогамі: быў спецыяльным карэспандэнтам у армейскіх і франтавых газетах, прымаў удзел у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах... Працаваў у літаратурна-мастацкіх выданнях краіны, выдаў дзясяткі кніг — вершаў і паэм, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Многія вершы Пімена Панчанкі пакладзены на музыку, у тым ліку "Мой родны Мінск, пад небам жураўліным...", "Не страшны боль, не страшна смерць, страшней застацца без кахання, у адзіноце анямець, любімай не пачуць дыхання..." * * * Пімен Емяльянавіч расказаў: "Мы равеснікі са "Звяздой", нарадзіліся ў жніўні 1917-га. Адразу пасля піянерскіх газет я чытаў бацькаву "Звязду". А з 1934 года, як пачаў настаўнічаць, стаў сам выпісваць газету. І выпісваю ўсё жыццё. Толькі вайна перапыняла наша сяброўства... Папулярнасць газеты была вялікай і да вайны. Напрыклад, успамінаю, як у 1939-м, у час паходу ў Заходнюю Беларусь, мы выпускалі франтавую газету "Беларуская звязда". Некаторыя здзіўляліся: чаму "звязда" — па-беларуску ж будзе "зорка"? Тлумачылі, што назва франтавой газеце дадзена пад уплывам рэспубліканскай "Звязды", у якой ужо на той час было шмат добрых традыцый. У 1939 годзе я пазнаёміўся з Максімам Танкам, з таго часу мы і пасябравалі. Сустрэча адбылася ў клубе пісьменнікаў, а потым разам пайшлі ў рэдакцыю "Звязды" на вечарыну творчай моладзі. Трывала засела ў памяці тое першае знаёмства са звяздоўцамі, бо са мной здарыўся даволі кур'ёзны выпадак: няўдала павярнуўся і перакуліў на стол бутэльку віна. Так збянтэжыўся!.." Добра ведаў Пімен Панчанка і Янку Купалу: "Пазнаёміліся з ім... у поездзе. Я ехаў у Мінск па службовых справах (тады быў вайскоўцам, служыў у Беластоку). Сустрэў Броўку, а ён і кажа: "Тут Купала едзе, пайшлі да Івана Дамінікавіча ў купэ". Купала заўсёды з цікавасцю ставіўся да маладых. Пачаставаў нас віном — "За знаёмства!". Цяпер, дарэчы, нагаворваюць, нібыта ён піў, — няпраўда! У паэта было хворае сэрца, таму ён ужываў толькі слабое віно. Кватэра Купалы заўсёды была для мяне гасцінна адчынена. Мы часта з Танкам, Глебкам, Броўкам прыходзілі да Івана Дамінікавіча, слухалі яго новыя вершы, самі чыталі. Нават крытыкавалі трохі — ён, бывала, і крыўдзіўся. За што крытыкавалі?.. Часцяком — за драбязу: граматычныя недакладнасці, расстаноўка косак, іншых знакаў прыпынку. Але Купала пільна прыслухоўваўся да ўсіх заўваг". * * * З эсэ Пімена Панчанкі "Матчына ласка": <І>"Калі ў 1942 годзе ў Маскве загінуў наш незабыўны Янка Купала, над яго труною былі накрэслены словы: "Мне сняцца сны аб Беларусі..." Праз 20 гадоў, у 1962 годзе, урна з прахам Купалы была перавезена ў Мінск. Невялікая група старэйшых беларускіх пісьменнікаў (куды ўключылі і мяне) бачыла, з якой павагай і журбою праводзілі масквічы нашага Янку Купалу. У Данскім манастыры ў калумбарыі крэматорыя сабраліся славутыя рускія паэты і пісьменнікі на чале з Канстанцінам Федзіным. Пасля яны пранеслі урну з прахам па доўгай алеі да самай машыны. А вось у Мінску пачаліся цуды. Ніхто не ведаў, куды паставілі урну, калі і на якіх могілках будуць хаваць Янку Купалу... Пачаўся новы, хрушчоўскі наступ на беларускую мову і культуру. Вайсковыя могілкі (на Даўгабродскай) сталі апошнім прыстанішчам вялікага беларускага песняра. Быў жалобны мітынг, развітальныя прамовы. Мы разыходзіліся сумныя і збянтэжаныя, бо насустрач нам ішлі і ішлі мінчане і пыталіся: "Дзе пахавалі Янку Купалу?"... * * * Пімен Емяльянавіч добра ведаў і Якуба Коласа. Калі яны сустрэліся пасля вайны (Колас прыехаў з Ташкента, Панчанка — з Ірана), падараваў маладому калегу кніжачку вершаў на рускай мове "Голос земли", выдадзеную ў Ташкенце ў... 1942 годзе! "Дасканаламу, таленавітаму паэту Пімену Панчанку на памяць. Якуб Колас. 19.12.1945". На другой падоранай маладому калегу кніжцы рукой Коласа напісана: "Дык будзь жа, браток, паэтам-летапісцам і далей". "У час Вялікай Айчыннай вайны, як бачыце, музы не маўчалі, — гаварыў Пімен Емяльянавіч. — А сёння і наогул успрымаецца як неверагоднае: у вайну — нягледзячы на вайну! — выдаваліся кнігі вершаў. Гэта — 1942 год, калі абстаноўка на франтах даходзіла да крытычнай адзнакі, а да Перамогі было так далёка. А зараз зборнікі вершаў, апавяданняў ляжаць у выдавецтвах па многу гадоў. Усё заняла камерцыя..." * * * К. Мазураў у кнізе "Незабываемое" пісаў пра тое, што ў час вайны некаторыя вершы беларускіх паэтаў друкавалі як лістоўкі і скідвалі з самалётаў на акупаваныя тэрыторыі: "Партызаны, партызаны" Купалы, некаторыя вершы Коласа, а таксама верш "Беларусь мая" Пімена Панчанкі. Асабліва ўзрушвалі людзей радкі: Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг, І штандар перамогі над краем запаліць зару. Пакуль сонца не згасне, Пакуль свецяцца зоры, Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь! Гэты верш Пімен Панчанка напісаў у 1941 годзе, на Бранскім фронце... * * * Мы шмат размаўлялі пра адраджэнне Беларусі, вяртанне да каранёў... "Пакуль мы не вернем у штодзённы ўжытак мову, наўрад ці што па-сапраўднаму зрушыцца з месца. Гавару не толькі як паэт, але і як колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры. Памятаю, у Мінск прыехаў Хрушчоў — з гэтае нагоды ў памяшканні Опернага тэатра наладзілі партыйную нараду. Мазураў на беларускай мове рабіў даклад. А Хрушчоў потым наладзіў разнос: "Ты на каком языке говорил? Я ничего не понял!.." Выступаючы перад студэнтамі і выкладчыкамі Белдзяржуніверсітэта, заявіў: "Кто раньше овладеет русским языком, тот раньше придет к коммунизму". Уявіце: праз некалькі дзён прыходзіць тэлеграма ад Фурцавай: перавесці ВНУ, тэхнікумы і вучылішчы на рускую мову навучання... Але я заўсёды верыў і зараз веру, што родная мова вернецца да народа назаўсёды. А мову ледзь не затапталі І асмяялі, як раней. А вы ў народа запыталі, Якая мова нам радней? <....> А мову родную заўсёды І ўсюды вучыць першы клас. А ў нас стыдаюцца: "Не модна...", Як і калісьці ў царскі час. Усе сыны усіх народаў На памяць помняць родны верш І ганарацца песняй роднай, З якой з калыскі ты жывеш. <...> Мілей мне "кнігаўка", чым "чыбіс", Бо голас кнігаўкі ў душы. І бульбу смажаную чыпсам Ты зваць па модзе не спяшы. І я на "клюкву" "журавіны" Не прамяняю, не аддам. І светлы край наш жураўліны Я дзецям ціха перадам. У нашых сэрцах зацеплілася надзея, што зноў адродзіцца беларуская мова, якую Адам Міцкевіч (наш зямляк) лічыў адной з самых прыгожых, самабытных; ажыве нацыянальная культура і нарэшце ўспомнім сваю гісторыю без чорных і белых плям і раскажам яе праўдзіва і цікава сваім дзецям, унукам і праўнукам. * * * Яшчэ тады, у час "хрушчоўства", Пімен Панчанка пісаў у вершы "Родная мова": Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. І як арганічна ўспрымаюцца вось гэтыя чароўныя радкі: Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю. Многія вершы Пімена Панчанкі — сапраўдны гімн роднай мове. Узгадайма: Ільняная і жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы у расе. Вобразная, вольная, пявучая Мова беларуская мая! * * * Гэта было апошняе інтэрв'ю народнага паэта. Гутарка адбывалася ў жніўні 1992 года. Пімен Панчанка пайшоў з жыцця ў красавіку 1995-га, пасля доўгай і цяжкай хваробы. Мне зноў і зноў узгадваюцца некаторыя дэталі той сустрэчы. ...Хворыя ногі зусім не слухаліся Майстра, ён адчуваў сябе кепска. Мне было няёмка за маю журналісцкую настойлівасць. Хацела папрасіць прабачэння і нават перанесці гутарку. Але Пімен Емяльянавіч, абапіраючыся на спінку крэсла, з цяжкасцю ўстаў (колькі намаганняў яму гэта каштавала!) і... папрасіў прабачэння — што не змог належным чынам сустрэць даму. "Даруйце, але ж хоць прыўстану, каб выказаць вам пашану". Скажу шчыра: я, журналістка-пачаткоўка, была проста ашаломлена гэтай далікатнасцю, вытанчанасцю, нязвыклымі для нашага часу выхаванасцю і культурай. І нярэдка ўзгадваю Пімена Панчанку, калі, на жаль, даводзіцца часам сутыкацца з хамствам, нахабствам некаторых сучасных "геніяльных творцаў"... Таццяна Падаляк. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння споўнілася б 95 гадоў народнаму паэту Беларусі Пімену Панчанку Так атрымалася, што інтэрв'ю "Звяздзе" было апошнім у жыцці народнага паэта Беларусі... |
|