Бітва за Асанжа
29.08.2012
—
Новости Общества
|
Лёс заснавальніка WіkіLеаks грамадзяніна Аўстраліі Джуліяна Асанжа служыць бліскучай ілюстрацыяй ідэалагічнай бітвы, якая вядзецца на глабальных прасторах. Ці можа адзін адважны чалавек беспакарана кінуць выклік самай магутнай краіне свету — ЗША і іх саюзнікам, апублікаваўшы ў інтэрнэце іх таямніцы? У краін Захаду рэакцыя адназначная: гэта недапушчальна, Асанж павінен панесці суровае пакаранне. Развіццё падзей вакол фігуры Асанжа прывяло да міжнароднага супрацьстаяння Паўднёвай Амерыкі і Вялікабрытаніі. Нагадаем, што брытанскі ўрад вырашыў выдаць Асанжа ў Швецыю, дзе супраць яго заведзена крымінальная справа аб згвалтаванні. Сам Асанж і многія яго прыхільнікі называюць гэту справу помстай ЗША за распаўсюджванне праз WіkіLеаks неафіцыйнай інфармацыі аб дзейнасці амерыканскіх ваенных і дыпламатаў, якія добра падсапсавалі імідж амерыканцаў у свеце. Не сакрэт, што ЗША хацелі б паквітацца з Асанжам, а Швецыя можа аказаць амерыканцам садзейнічанне ў гэтым. Ратуючыся ад такой перспектывы, Асанж схаваўся на тэрыторыі пасольства Эквадора ў Лондане. І вось тут Вялікабрытанія ўсхадзілася, прадэманстраваўшы, што страта Брытанскай імперыі не пазбавіла Лондан імперскіх замашак. У адрас Эквадора пачуліся пагрозы аб магчымасці пазбаўлення яго пасольства дыпламатычнага статусу, што знаходзіцца ў відавочнай супярэчнасці з нормамі міжнароднай дыпламатыі, замацаванымі Венскай канвенцыяй. А калі Эквадор афіцыйна даў Асанжу палітычнае прыстанішча, улады Вялікабрытаніі заявілі, што Асанж не зможа выехаць з краіны ў Эквадор. Саюз паўднёваамерыканскіх нацый 19 жніўня падтрымаў рашэнне Эквадора аб прадастаўленні прыстанішча Асанжу і заклікаў да адмовы ад пагроз. Рэпутацыя Вялікабрытаніі ў Паўднёвай Амерыцы і так надзвычай сапсаваная з-за Фалклендскіх астравоў, захопленых брытанцамі, якія паўднёваамерыканскія нацыі лічаць прыналежнымі да Аргенціны. Напышлівае стаўленне Лондана да суверэннага права Эквадора даваць палітычнае прыстанішча або валодаць суверэнітэтам на тэрыторыі свайго ўласнага пасольства яшчэ больш раззлавала ганарлівых паўднёваамерыканцаў. Вельмі негатыўна паставіўся да нападак на суверэнныя правы Эквадора і харызматычны венесуэльскі лідар Уга Чавес, які перасцярог Вялікабрытанію ад пагражальных ёй непрыемнасцяў пры захаванні такога падыходу. Не ўтрымалася ад асуджэння заяў брытанскага боку і расійскае МЗС, якое нагадала, што Вялікабрытанія адмаўляецца выдаваць дзясяткі сапраўдных злачынцаў, у тым ліку тых, супраць якіх на радзіме заведзены справы аб цяжкіх злачынствах. З афіцыйным Лонданам у Расіі свае рахункі. Акрамя надзейнага ўкрыцця ад расійскага правасуддзя злачынцаў, Вялікабрытанія заўсёды актыўна ўмешваецца ва ўнутраныя справы Расійскай Федэрацыі. У 1990-х гадах Лондан быў у першых шэрагах заходніх дзяржаў па падтрымцы ідэі аб аддзяленні Чачні ад Расіі, але пры гэтым нічога не хацеў чуць аб тым, што брытанская Паўночная Ірландыя неяк ненатуральна выглядае на карце астраўной суверэннай ірландскай дзяржавы. А чаго вартая справа з закрыццём у Расіі шматлікіх аддзяленняў Брытанскага Савета, якія адкрываліся на тэрыторыі краіны нелегальна, не плацілі падаткаў і з'яўляліся базай для ўсіх незадаволеных расійскай уладай і, паводле меркавання расійскіх спецслужбаў, брытанскай разведкі. Пасля рашэння Масквы іх закрыць Лондан разгарнуў агульнасусветную кампанію супраць Расіі, вінавацячы яе ў барацьбе са спробай садзейнічання гуманітарнаму прагрэсу пры дапамозе аддзяленняў Брытанскага Савета. Пазіцыя Лондана таксама ўваходзіла ў супярэчнасць з суверэнным правам Расійскай Федэрацыі адкрываць і закрываць на сваёй тэрыторыі любыя падраздзяленні гуманітарных замежных арганізацый, што сведчыла аб уяўленні брытанскага боку: Расія не павінна валодаць поўным суверэнітэтам на сваёй уласнай тэрыторыі. ЗША і Вялікабрытанія аказаліся ў няпростай сітуацыі. Паляванне на Асанжа дорага абыходзіцца для старанна ствараемага іміджу галоўных абаронцаў правоў чалавека і дэмакратыі ва ўсім свеце. Вядома, гэты імідж значна пацьмянеў пасля апублікаваных Асанжам фактаў забойства мірных жыхароў і рэпарцёраў ваеннымі НАТА ў Афганістане і дзейнасці пасольстваў заходніх краін па стварэнні сеткі тайных інфарматараў і агентаў па ўсім свеце. Паляванне на Асанжа даводзіцца весці ў няпростай сітуацыі, калі нават заходнія СМІ адмаўляюцца верыць у яго вінаватасць. Кожны рэдактар або журналіст у заходніх газетах або на тэлебачанні лёгка можа ўявіць сябе на месцы Асанжа — апынуцца ў ролі абвінавачванага па крымінальнай справе ў адказ на апублікаванне фактаў аб заходнім свеце, якія не варта было выкрываць. І ім гэта, вядома, не можа спадабацца. Грамадская думка, у тым ліку ў саміх заходніх краінах, таксама знаходзіцца на баку Асанжа. Людзі лічаць, што з самага пачатку павінны былі ведаць пра ўсе непрывабныя факты дзейнасці сваіх урадаў, пра якія даведаліся толькі дзякуючы дзейнасці Асанжа, і лічаць, што ў будучыні ўрады будуць паводзіць сябе больш стрымана, улічваючы магчымасць новага выкрыцця. Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс заснавальніка WіkіLеаks грамадзяніна Аўстраліі Джуліяна Асанжа служыць бліскучай ілюстрацыяй ідэалагічнай бітвы, якая вядзецца на глабальных прасторах. Ці...
|
|