Экслібрыс "Звязды". 21.by

Экслібрыс "Звязды"

30.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ахвяры і героі

Лукаш Калюга. "Творы".

Апавяданні, аповесці. "Мастацкая літаратура", 2011.

Калі на літаратуразнаўчых канферэнцыях заходзіць гаворка пра творчасць пісьменнікаў, чыё жыццё заўчасна скончылася ў 1930-х гг., выступоўцы заўсёды выказваюць смутак з нагоды гэтай страты. "Ах, якой магла б быць беларуская літаратура, калі б не..."

Але аднойчы зусім іншая размова адбылася падчас нефармальнага камунікавання навукоўцаў (а самае важнае на канферэнцыях чамусьці гаворыцца не з урачыстых трыбун, а пад гарбатку і печыва). Знішчанае пакаленне стваральнікаў беларускай культуры, людзей, з якімі Беларусь магла б быць зусім іншай, — гэта ўсё неаспрэчна. Але катастрофа заключаецца не толькі ў самім факце іх нерэалізаванасці ў жыцці і творчасці.

Былі разбураны працэсы пераемнасці, і многае з таго, што маглі напісаць тады (маецца на ўвазе найперш эстэтыка), беларускія пісьменнікі мусілі "дарабляць" на працягу стагоддзя: літаратура самаарганізуецца, запаўняючы тэматычныя і эстэтычныя лакуны.

Але як мы, навукоўцы і выкладчыкі, працуем з гэтымі неабвержнымі фактамі? Мы гаворым, што стваральнікі беларускай культуры, чыім працягам з'яўляемся мы самі, сталі ахвярамі. Гэтыя гістарычныя падзеі — праўда, якую не варта забываць, але ці можна на такой інтэрпрэтацыі пабудаваць будучыню? Мы транслюем уласную віктымнасць, то бок пазіцыянуем сябе ахвярамі, і калі глядзець глабальна, магчыма, праграмуем сябе на падобны лёс у будучыні.

Ці можна прывабіць у беларускую літаратуру чытачоў і навучэнцаў, калі старанна наклейваць на яе цэтлікі "асуджанасць на смерць", "беспрасветнасць", "пакуты і пакутнікі"? Пісьменнікі, якім не пашанцавала быць у літаратуры ў 1930-х гг., сапраўды былі асуджаны на смерць ужо самім фактам сваёй нацыянальнай прыналежнасці, і яны міжволі прынеслі гэтую ахвяру. Але ў гэтага факта, як у манеты, можа быць 2 бакі. Чапляцца за ахвяр — няплённа з гледзішча нацыябудавання, але з ахвяр можна зрабіць герояў. Тут можна правесці паралелі паміж энергетыкай могілак і храмаў, шкілетамі і мошчамі.

Мне, аўтару гэтых радкоў, 31 год, Лукашу Калюгу было 28, калі ён памёр. Па ягонай творчасці абаронены дысертацыі, напісана шмат артыкулаў, яго творчасць вывучаецца ва ўніверсітэтах, сярод маладзейшага пакалення сучасных беларускіх пісьменнікаў ёсць фанаты яго стылю, людзі, гатовыя "напіцца з калюгі" яго неверагоднай мовы, якая нарадзілася ад зліцця аўтэнтычна народнага і кніжнага (у канцы выдання ёсць "Слоўнік Калюгавай мовы", які там напраўду неабходны нават знаўцам беларушчыны). І ў пэўным сэнсе гэта ўсё можа быць пададзена "гісторыяй поспеху".

Крытыкі, сучаснікі Калюгі, знаходзілі ў ягоных творах хібы, якія сёння глядзяцца вартасцямі: сінтэз рэалізму з рамантызмам, уплыў мадэрнізму, цікавасць да сказавых формаў. Але важней тое, што, маючы цікавінкі для спецыялістаў, Калюга можа быць цікавы шараговаму чытачу.

Яго біяграфія дае падставы для міфатворчасці: калі Кастусь Вашына (сапраўднае імя пісьменніка) страціў маці, то яе замяніла бацькава сястра, а калі памёр і бацька, то ў прымы прыйшоў брат маці. Нібыта захаваліся звесткі пра непаліткарэктныя выказванні пісьменніка пра фіна-ўгорскіх дзяўчат, з якімі не варта круціць раманы. Вядома, даследчыкам цікава, як і чаму пісаліся гэтыя "расісцкія" даносы на Лукаша Калюгу і якое яны мелі дачыненне да яго рэальных поглядаў, але для міфа гэта ўжо не вельмі істотна.

І ў творчасці Калюга мае што прапанаваць і літаратуразнаўцам, і цікаўным чытачам. Спецыялісты ў адзін голас адзначаюць новы тып героя ("Ні госць ні гаспадар") — і пісьменнік можа займаць адмысловае месца ў літаратурнай іерархіі. Але, пагадзіцеся, чытачам важны не першы, а лепшы. І Калюга свайго новага героя падае так, што ён і сёння можа выклікаць цікавасць. У "кручаны час" ён пісаў не столькі пра моднае класавае, колькі пра псіхалагічнае і сацыяльнае, а людзі і іх характары не мяняюцца тысячагоддзямі.

Праз творы Калюгі сённяшняя моладзь мае магчымасць знаёміцца з жыццём сваіх прадзедаў: адносіны ў патрыярхальнай сям'і, баўленне часу, стаўленне да вучобы, сяброўства і кахання — тое, што здаецца само сабой зразумелым старэйшаму пакаленню і што будзе здавацца экзотыкай інтэрнэт-пакаленню.

Але прапаноўваць гэтыя творы варта не з патрабаваннем паплакаць над доляй пісьменнікаў (а бывае і такое ў педагагічнай практыцы), а з прапановай пазнаёміцца з творчасцю тых, хто пражыў наканаваны ім час напоўніцу.

Кніга прадастаўлена Домам кнігі "Светач" (г.  Мінск, пр. Пераможцаў, 11)

Аксана БЯЗЛЕПКІНА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ахвяры і героі Лукаш Калюга. "Творы". Апавяданні, аповесці. "Мастацкая літаратура", 2011.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика