Пра што мараць беларускія азербайджанцы?. 21.by

Пра што мараць беларускія азербайджанцы?

08.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гасцінная сям'я Гуліевых падзялілася са "Звяздой" рэцэптамі аптымізму і азербайджанскіх галубцоў

"Дзе нам у вас тут Гуліевых знайсці?", — цікавімся ў месціча на ўездзе ў вёску Мельніца. "Праедзьце крыху ўперад і ўбачыце сіненькі дамок Васі і Наташы". Як высветлілася, Авез і Нарміна Гуліевы за 20 гадоў, што жывуць у беларусі, прызвычаіліся не толькі да новых імёнаў, але і нават засвоілі асобныя беларускія словы.

"Толькі ў Беларусі навучылася даіць карову"

Сумеснае жыццё Авеза і Нарміны пачалося з сумных падзей. На іх радзіму прыйшла вайна, і маладая сям'я вымушана была ратавацца на чужыне.


— Мы прыехалі ў Мельніцу ў 1992 годзе, — узгадвае гаспадар. — На той час мая Нарміна была на апошнім месяцы цяжарнасці.

— Чаму шукалі прытулак менавіта ў Шаркаўшчынскім раёне?

— Тут ужо на той час жыў наш зямляк са сваёй жонкай-беларускай. Ён пазнаёміўся з ёй падчас службы ў арміі.

— Калі прыехалі, не ведалі, куды дзявацца, што рабіць, — узгадвае са слязамі на вачах гаспадыня. — Зямляк, як мог, тады дапамагаў нам. І суседка, я памятаю, вядро бульбы дала. Мы вельмі ўдзячны ўсім добрым людзям, якія не пакінулі нас з бядой сам-насам. Кіраўніцтва калгаса адразу ж дом выдзеліла (пасля ўжо мы купілі гэту хату), дало працу. І калі дзіця нарадзілася, далі нам карову.

Лалі, як і тата, вельмі любіць коней.

— Першы час жонка да той каровы падысці баялася, — усміхаецца Авез. — Не тое што даіць. Яна ж родам з Баку, гэта я вясковы.

— А цяпер усё ўмею, жыццё навучыла, — працягвае гаспадыня. — Раней жа, сапраўды, заходзілі ў хлеў, а Авез мне і казаў: "Толькі не шумі, няхай суседзі думаюць, што не я, а ты карову доіш".

— Бачылі ж вочы, што куплялі, калі жонку выбіралі, — жартую.

— Ды ён не ведаў, думаў, што ўсё ўмею, — усміхаецца Нарміна.

— Я таксама, калі прыехаў у Беларусь, меў страх перад свіннямі, бо ў нашай вёсцы іх ніхто не трымаў, у асноўным бараноў ды авечак. Хлопцы на ферме кажуць: "Вася, купі парасят". Я купіў — і таго страху як і не было.

Нарміна (у перакладзе — «пяшчота»)  Гуліева за 20 гадоў ужо паспела прызвычаіцца да імя Наташа.Каб мець дадатковы заробак і матэрыяльна дапамагаць дзецям (а іх у сям'і двое), Гуліевы і па сённяшні дзень апрацоўваюць ладны кавалак зямлі, трымаюць хатнюю гаспадарку.

— Усё ў нас ёсць, дзякуй Богу, — кажа Нарміна. — Шэсць свіней, тры каровы, конь, куры.

— А бараноў і авечак чаму не трымаеце, з іх жа такі смачны шашлык атрымліваецца?

— Трымалі. Але пасля ўсіх парэзаў і прадаў. З імі шмат клопатаў, трэба ганяць у поле, перавязваць. І так працы хапае. Мы з жонкай працуем на ферме ў мясцовай гаспадарцы "Васюкі". Паспрабуй 150 галоў цялят вечарам і раніцай напаіць ды накарміць, ды і свая гаспадарка адымае шмат часу.

— А што тычыцца шашлыка, то я яго са свініны раблю, — дадае Нарміна, — бо нашы дзеці не аматары бараніны. Яны нарадзіліся і выраслі ў Беларусі і, нягледзячы на азербайджанскую знешнасць, лічаць сябе беларусамі.

"Тата меў рацыю, калі казаў, каб вучыла мову"

Дачка Гуліевых Лалі сёлета скончыла Полацкі педагагічны гандлёва-тэхналагічны каледж і працуе на пошце ў суседняй вёсцы Жукоўшчына. Сын Ільяс вучыцца ў тым жа каледжы на праграміста. Налета плануе паступаць у БДУ. Абое вучыліся ў беларускамоўнай школе, таму як на рускай, так і на беларускай мовах размаўляюць свабодна і нават без акцэнту. Звярнула ўвагу і на тое, што ў размове іх бацькоў таксама праскокваюць беларускія словы, накшталт "добра", "трохі".

— Беларускай мовы мы з Авезам не разумеем, — кажа Нарміна. — Толькі асобныя словы. Што тычыцца рускай, то з дзяцінства мой тата — ён быў настаўнікам — паўтараў, што трэба вучыць мову, маўляў, веды за плячыма не насіць. А я казала: "Навошта мне руская мова, я ж усё жыццё буду жыць у Азербайджане". Ніколі не думала, што пераедзем у Беларусь. Толькі цяпер разумею, што тата меў рацыю. Але ж аднымі размовамі сыты не будзеш, — запрасіла гаспадыня да стала. — Я плоў гатавала для вас спецыяльна. Давайце піць азербайджанскую гарбату. Брат з Баку прыязджаў у госці, дык прывёз.

— Падтрымліваеце сувязі са сваякамі?

— Раней не было ніякай сувязі з Баку. Дык сядзела і думала, перажывала. Цяпер ужо, дзякуй Богу, усё нармальна. Стэлефаноўваемся па магчымасці.

вольны час Ільс праводзіць паводле машыны— Штомесяц 250 тысяч жонка плаціць за тэлефон, — дадае гаспадар. — А што рабіць? Ляцець туды самалётам вельмі дорага. Праз інтэрнэт кантактуем. Тэлевізар глядзім. Ёсць у нас 4 азербайджанскія каналы.

— Дзеля гэтага і талерку куплялі, — уступае ў размову Лалі.

— Радуемся, калі ім добра. Калі ім дрэнна — плачам, — працягвае Нарміна. — Дай Бог, каб паўсюль быў мір.

— Чаго вам тут, удалечыні ад радзімы, не хапае больш за ўсё?

— Толькі родных, — уздыхае жанчына. — Мама жыла тут з намі некаторы час. Пасля сказала: "Гуляць — другой страна, паміраць — радной страна". І вярнулася назад.

— Калі я хадзіла ў школу, — кажа Лалі, — было трохі крыўдна, што ўсе ездзілі да бабуль, дзядуляў, а я не магла.

— Так, цяжка было раней, пакуль прыжыліся, прызвычаіліся. А цяпер усё ў нас добра, усё ў нас ёсць, дзякуй Богу. Самае галоўнае, дзеці здаровыя, муж.

"Жонку земляка вучу азербайджанскай кухні"

Гуліевы, хоць ужо даўно жывуць на беларускай зямлі, тым не менш не забываюць сваіх азербайджанскіх традыцый.

— На свята вясны ў сакавіку да нас у Мельніцу з'язджаюцца землякі з усяго Шаркаўшчынскага раёна, — распавядае Нарміна. — Я люблю прымаць гасцей. Радую іх далмой, шашлыкамі, смажанымі баклажанамі, пахлавой, шакербуру, халвой. Землякі і іх сем'і любяць, як я гатую. Паляўнічыя нават да нас заязджалі. Калі зайшлі ў хату, якраз я гатавала. Гаварылі, ніколі не елі такога смачнага. Цяпер вось вучу азербайджанскай кухні беларуску з суседняй вёскі. Бо тая хоча здзівіць свайго мужа-азербайджанца.

Ахвотна дзеляцца Гуліевы любімымі рэцэптамі і з аднавяскоўцамі, падзялілася і са мной.

— Наша любімая ежа — гэта баклажаны, памідоры і перцы, фаршыраваныя мясам, — распавядае Авез. — Гатуецца гэта смаката вельмі проста. З гародніны зразаецца верхняя частка. І праз адтуліну, якая атрымалася, вымаецца мякіш. Затым баклажаны, перцы і памідоры абдаюцца кіпенем і запраўляюцца фаршам (папярэдне абсмажаным з цыбуляй). Усё гэта складаецца ў вялікую каструлю і тушыцца на газавай пліце.

— Гатуем мы і далму — галубцы па-вашаму. Толькі замест капусных лістоў мы выкарыстоўваем вінаградныя, якія нам пасылкай адпраўляюць з Азербайджана. Калі б крыху раней даведалася, што вы заедзеце, то прыгатавала б. Прыязджайце заўтра, мы рады будзем вас прыняць. І шашлыка азербайджанскага паспытаеце, — працягвае здзіўляць шчырай гасціннасцю гаспадыня.

На стале Гуліевых можна ўбачыць не толькі нязвыклыя для нас, беларусаў, марынаваны часнок, чорную фасолю ды зялёныя памідоры, але і беларускую бульбу і дранікі з яе.

— Дзеці любяць усё беларускае. У тым ліку і дранікі. Я тут упершыню навучылася іх рабіць. Суседка цётка Вера вучыла. Добрыя суседзі ў нас тут. Ніхто не крыўдзіць, і мы нікога, наадварот, дапамагаем адно аднаму. Нядаўна кіраўніцтва прапаноўвала добры дом у аграгарадку, дык мы адмовіліся. Бо тут праца блізка, і з людзьмі не хочацца расставацца. Ды і за столькі гадоў да месца прыкіпелі. Калі еду ў Шаркаўшчыну па справах, дык так стамляюся, быццам мяхі цягала. А вяртаюся ў Мельніцу — і невядома, адкуль сілы бяруцца. Недарэмна кажуць, што дома і сцены дапамагаюць...

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

Шаркаўшчынскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гасцінная сям'я Гуліевых падзялілася са "Звяздой" рэцэптамі аптымізму і азербайджанскіх галубцоў "Дзе нам у вас тут Гуліевых знайсці?", — цікавімся ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика