Лісты да Жылібера. 21.by

Лісты да Жылібера

11.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вакол медыцыны са Святланай Дзянісавай

Чаму ў кабінетах флюараграфіі і рэнтгену не праводзіцца дэзынфекцыя апаратаў — прынамсі, тых іх частак, да якіх дакранаюцца голым целам, — пасля кожнага пацыента? Чаму, нарэшце, пры ўваходзе ў медыцынскую ўстанову бахіламі абзавесціся патрабуюць, а антысептыкамі — не?

Можна лічыць гэта злосным буркатаннем, а можна прыняць да ўвагі.

Mоnsіеur Jеаn!

З той павагай, што мае ўласцівасць праяўляцца ў жанчын, захопленых не толькі аб'ектам гэтай павагі, але таксама (і ці не ў першую чаргу?) яго справамі, пішу Вам у аўторак раніцай пасля кубачка несалоджанай моцнай кавы (гаркавата-тлумны смак яе па звычцы стрыманы вяршкамі і разнастаены размочанымі ў вадзе чарнаслівінамі). Вы не ведаеце, mоnsіеur Jеаn, чаму чалавек, маючы намер ажыццявіць нешта добрае, у той самы час, як гэта добрае ажыццяўляецца, робіць крок у бок нечага такога, што пазбаўляе папярэдняе намаганне ўсялякага сэнсу? Я таксама... не ведаю...

Пра медыцыну з прыстаўкай "тэле" гавораць, што яе "сацыяльнае значэнне цяжка пераацаніць". Безумоўна, цяжка! Яшчэ нядаўна некаторыя хворыя маглі (ці варта звяртаць увагу на тое, па якіх дакладна прычынах?) чакаць дапамогі патрэбнага спецыяліста, так бы мовіць, аd саlеndаs grаесаs, да грэцкіх календ. А цяпер? Медыцына не зважае ўвагі на адлегласці! Уявіце сабе, mоnsіеur, што вы, знаходзячыся, скажам, у сваім ліёнскім шпіталі, робіце якую-небудзь эктамію чалавеку, які ляжыць на хірургічным стале ў Гародні! Уявіце сабе, што пройдзе яшчэ трошкі часу — і такую дапамогу Вы зможаце аказаць пацыенту, якога лёс закінуў на касмічны карабель! Уявіце сабе, што гэта не фантазіі!

А я, між іншым, хоць і веру, што магчымасці нашай медыцыны такія ж вялікія, як, напэўна, Сусвет, не магу ўсё ж не заўважаць, што, як і Сусвет, яны маюць чорныя дзіркі. Дасягненне з прыстаўкай "тэле"? Ці не варта звяртаць увагу і на тое, што на целе?

...Значыцца, Вы, француз ад нараджэння, дамаўляецеся з нашым Тызенгаўзам, што пусціце старанні свае на справы мясцовай медыцыны і будзеце верным гэтым справам "на працягу круглых дзесяці гадоў", так? Да выканання абавязацельстваў, "што карысць грамадскую маюць мэтай", вы, тым не менш, прыступаеце ўсяго толькі за пяць гадоў да завяршэння гэтага свайго досыць удалага прадпрыемства. З той самай Гародні, якой, так бы мовіць, абяцаліся душой і целам, Вы адпраўляецеся раптам у Вільню, потым у Варшаву, потым назад у Ліён. Прычынай, як мне помніцца, становіцца кубачак кавы (о, гэтая кава!), прыгатаванай для Вас не толькі з цукрам, але і з атрутай. У Ліёне Вы, здаецца, працуеце інфекцыяністам. Дык вось, mоnsіеur, Вам будзе надзвычай цікава наступнае.

У межах прафілактыкі небяспекі, якая сыходзіць ад Mусоbасtеrіum tubеrсulоsіs (пачварку, што выклікае сухоты, адкрылі праз сто гадоў пасля Вашага ад'езду ў Ліён) у нас прыдумана флюараграфія — "працэдура па мянушцы флюра". І цяпер, маючы магчымасць пераканацца ў тым, што здароўю лёгкіх нічога не пагражае, можна пазбавіць здароўя што-небудзь іншае. І няхай гігіены нашы грамадзяне прытрымліваюцца гэтак жа апантана, як Сонца прытрымліваецца раскладу свайго руху па небе, няхай яны выконваюць яе няўхільна і бездакорна, але ж і медыкі павінны быць такімі ж апантанымі і выконваць сваю справу бездакорна. А яны, уявіце сабе, не праводзяць аніякай апрацоўкі паверхні апарата пасля кожнага пацыента, як, на маю думку, павінна быць.

Ізноў, mоnsіеur, даруйце. Думала, што напішу пра дасягненне, але ўскосна зноў кранула недахопы. Ды ці ж мая віна, што, варушачы вялікімі справамі, сучасныя медыкі не асабліва звяртаюць увагу на дробязі? Чаму так адбываецца? Аquіlа nоn сарtаt musсаs — арол не ловіць мух? Як сказаць...

На гэтым развітваюся з Вамі, mоnsіеur, bоnа vеnіа vеstrа — з Вашага высакароднага дазволу. Яшчэ напішу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вакол медыцыны са Святланай Дзянісавай Чаму ў кабінетах флюараграфіі і рэнтгену не праводзіцца дэзынфекцыя апаратаў — прынамсі, тых іх частак, да якіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика