Кніга ідзе ў "Фэйсбук", альбо Чаму ў бібліятэк ёсць будучыня?
15.09.2012
—
Новости Общества
|
15 верасня Беларусь адзначае Дзень бібліятэк. Гэтае свята асабліва важка гучыць сёлета, у Год кнігі. Гэта проста словы, ці за імі стаяць нейкія рэальныя маленькія "кніжныя перамогі"? Паводле статыстыкі, сёння ў Беларусі дзейнічае 3,7 тыс. публічных бібліятэк. Іх бібліятэчны фонд складае 67,7 млн экзэмпляраў кніг, часопісаў, рукапісаў і іншых крыніц інфармацыі. Шмат гэта ці не? І наогул, ці трэба сённяшняму беларускаму чытачу хадзіць у бібліятэку, каб задаволіць свае чытацкія патрэбы? Ад спрэчак пра тое, ці саступіць папяровая кніга месца лічбавай, усе ўжо, відавочна, стаміліся. Як відавочна і тое, што ў бліжэйшай будучыні папяровая кніга, вядома ж, нікуды не знікне. Тым больш нікуды не знікнуць кнігі, якія захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі. А "небяспечныя" сучасныя лічбавыя тэхналогіі насамрэч дапамагаюць кнізе выжыць у складаны час, калі людзі проста сталі менш чытаць. Праз "лічбу" кніга сама ідзе да людзей. Цяпер можна чытаць з экрана камп'ютара і праз электронную кнігу, можна акурат з дома з дапамогай інтэрнэту замовіць на віртуальны абанемент практычна любую кнігу ў электронным выглядзе. Такую паслугу прапаноўваюць сёння найбуйнейшыя ў Беларусі бібліятэкі — Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі. — Тэхналогіі накіраваны не на тое, каб бібліятэка знікла ў тым выглядзе, у якім яна існуе сёння. Тэхналогіі — гэта прыдатак, — мяркуе Жанна МОЎЧАН, загадчыца аддзела праграмнага і тэхнічнага забеспячэння навуковых даследаванняў ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі. — Яны накіраваны на тое, каб з'явіліся нейкія новыя віды абслугоўвання, больш якасныя. Той жа электронны каталог, інтэрнэт-тэхналогіі. Нават тэхналогія радыёчастотнай ідэнтыфікацыі аб'ектаў, якая сёння ўкараняецца ў нашай бібліятэцы (наогул, такая тэхналогія ёсць толькі ў бібліятэцы МНС), гэта ўсё роўна прыдатак да бібліятэчнай сістэмы, якая зараз існуе. Сама па сабе гэтая тэхналогія не можа існаваць без традыцыйных кніг і чытачоў. Таму нельга казаць, што бібліятэка з традыцыйнай некалі ператворыцца ў нейкую цалкам віртуальную прастору. Тое, што ў бібліятэк ёсць будучыня, лічыць і Іна ЮРЫК, загадчыца аддзела маркетынгавых даследаванняў ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі. У галоўнай навуковай бібліятэкі краіны наогул вельмі прагрэсіўныя падыходы. Для таго, каб быць бліжэй да чытача, супрацоўнікі бібліятэкі нават зрабілі афіцыйныя акаўнты ўстановы на "Твітары" і ў "Фэйсбуку". — Існуе як мінімум дзве прычыны, па якіх у бібліятэкі адназначна ёсць будучыня. Гэта рэальныя трэнды сучаснай бібліятэчнай справы па ўсім свеце. Па-першае, гэта прадастаўленне легальнага кантэнту. Таму што сёння велізарная колькасць піратаў і вялікая колькасць інфармацыі, якая ёсць у інтэрнэце, не праверана. І якраз бібліятэка заўжды будзе той надзейнай установай, якая будзе забяспечваць чытача выключна легальным кантэнтам. Па-другое, перспектыўны кірунак сёння — развіццё інтэлектуальнага адпачынку ў бібліятэках. Калі ў бібліятэку ідуць дзеля прэзентацый цікавых кніг, сустрэч з пісьменнікамі і навукоўцамі. Гэта нікуды не падзенецца, таму што ніякі анлайн не зможа замяніць жывую камунікацыю. Сапраўды, жывую кнігу нішто не заменіць. Якасць друку, пах новай кнігі, паўнавартаснае мастацкае афармленне можа быць толькі ў традыцыйнай папяровай кнігі. Акрамя таго, ёсць такія ўнікальныя старажытныя выданні, "стасункі" з якімі чытачу не заменіць ніякая электронная версія. Аляксандр СТЭФАНОВІЧ, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, перакананы, што бібліятэка будзе жыць яшчэ і таму, што інтарэс да рэдкіх кніг і старадрукаў ніколі не паменшыцца: — У нашай бібліятэцы ёсць кнігі, якіх няма больш нідзе ў Беларусі. Гэта, бясспрэчна, прыцягвае чытачоў і спецыялістаў. Тая бібліятэка, дзе ёсць унікальныя выданні і людзі, якія рупяцца аб распаўсюджанні інфармацыі пра гэтыя выданні, будзе жыць. У нашай бібліятэцы, напрыклад, ёсць Брэсцкая Біблія 1563 года, рэдкія газеты-аднадзёнкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, беларуская літаратура першай паловы ХХ стагоддзя, якая ў свой час актыўна знішчалася, а таму захавалася ў вельмі невялікай колькасці. Наогул, колькасць бібліятэк у краіне, як і колькасць іх наведнікаў, яскрава сведчыць пра агульны ўзровень культуры ў дзяржаве. Вядома, на чытанне ў сучаснага чалавека сёння проста нестае часу. Але таму новыя тэхналогіі і спяшаюцца нам на дапамогу. Каб праз інтэрнэт з мабільнага тэлефона мы маглі замовіць кнігу хаця б у электронным выглядзе. А калі-небудзь, падчас адпачынку, дабрацца калі не да бібліятэкі, то хаця б да бацькоўскай паліцы са старымі добрымі папяровымі кнігамі. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 верасня Беларусь адзначае Дзень бібліятэк. Гэтае свята асабліва важка гучыць сёлета, у Год кнігі. Гэта проста словы, ці за імі стаяць нейкія рэальныя маленькія... |
|