Сябар мой, ліфт. 21.by

Сябар мой, ліфт

15.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму некаторыя людзі ставяцца да ліфта, як дзікуны?

Высотны дом нельга ўявіць без ліфта. Асабліва гэта адчуваецца тады, калі пад'ёмная машына чамусьці не працуе, і даводзіцца паднімацца па лесвіцы пешшу. Калі да ліфта ставіцца з пашанай — то ён і праслужыць доўгія гады. Але, на жаль, існуюць людзі, для якіх гэтае правіла — пусты гук. І няма розніцы, хто тут "пастараўся", хуліган-падлетак альбо дарослы чалавек, бо вынік адзін — ліфт псуецца. Вандал заўсёды разумее, на што ён ідзе і якія будуць наступствы.

Яшчэ адно набалелае пытанне — замена старых зношаных ліфтаў. У рознай ступені яно датычыцца шматпавярховак, пабудаваных да 1987 года ўключна. Пра гэта карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з намеснікам начальніка вытворчага аддзела ААТ "Ліфтсэрвіс" Віталём РУСЕЦКІМ.

Цікава:

üСамы стары пасажырскі ліфт, які знаходзіцца на абслугоўванні ААТ "Ліфтсэрвіс", размешчаны па вуліцы Данілы Сердзіча, 3. Ён пачаў вазіць людзей яшчэ ў далёкім 1971 годзе. Але, па словах Віталя Русецкага, у лістападзе пад'ёмную машыну чакае тэхнічнае дыягнаставанне, таму далейшы лёс "рэкардсмена" пакуль невядомы.

üСамыя высотныя пасажырскія ліфты ўсталяваны ў дамах 82 і 84 па праспекце Дзяржынскага. Яны давязуць да 25 паверха.

üА самая мініяцюрная пад'ёмная машына знаходзіцца на вуліцы Кірава, 1 — у доме з гадзіннікам насупраць чыгуначнага вакзала. Яна здольна падняць за раз не больш за трох чалавек.

Інфармацыя для роздуму:

Закон не прадугледжвае літасці да вандалаў. Артыкул 10.9 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае штраф памерам да 50 базавых велічынь. На сёння гэтая сума складае 5 млн рублёў. Куды больш жорсткі артыкул 218 Крымінальнага Кодэкса. Калі шкода прычынена ў буйных памерах, то вандал рызыкуе пазбавіцца волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

— Ліфтавая гаспадарка ў сталіцы і вобласці падзелена паміж дзвюма арганізацыямі: нашай і ААТ "Белліфт". У Мінску мы абслугоўваем ліфты, якія знаходзяцца ў Маскоўскім, Кастрычніцкім і Фрунзенскім раёнах. Па Мінскай вобласці — 29 населеных пунктаў, сярод якіх такія буйныя гарады, як Слуцк, Маладзечна, Салігорск.

— Сапраўдны біч для ліфтаў — гэта вандалізм. Наколькі востра зараз стаіць гэта праблема?

— Мы працуем у цесным кантакце з органамі ўнутраных спраў. Напрыклад, быў выпадак, калі ў ліфце засела п'яная кампанія. Дзверы кабіны адчынялі ў прысутнасці міліцыі — ці мала што яны маглі ўтварыць у кабіне. За час працы давялося шмат чаго пабачыць — і адарваныя "з мясам" панелі, і падпаленыя плафоны, і размаляваныя сцены... Але так і не зразумеў аднаго: чаму ж некаторыя людзі ставяцца да ліфта, як дзікуны? Яны быццам жывуць па прынцыпе: калі не маё — то магу рабіць, што хачу. Але ж потым самі і ездзяць на ліфтах з такой "наскальнай творчасцю". За 8 месяцаў 2012 года ўжо зарэгістравана 40 выпадкаў вандалізму.

Некалькі гадоў таму, калі я працаваў прарабам у Маскоўскім раёне сталіцы, невядомыя абдзіралі з дзвярэй ліфтаў у жылых дамах алюмініевыя пласціны. У выніку ўтвараліся велізарныя дзіркі і эксплуатаваць пад'ёмныя машыны было нельга. І вось аднойчы паступіў сігнал ад прыбіральшчыцы дома што ў кабіне ліфта раздаюцца гукі, быццам нехта штосьці спрабуе ададраць. Адразу на месца падзей выехала міліцыя. Аказалася, што кабіну спрабавалі раскурочыць некалькі няпоўнагадовых. У выніку іх бацькі заплацілі буйны штраф.

У пазамінулым дзесяцігоддзі масавыя крадзяжы абсталявання адбываліся таму, што ліфты былі падключаны да састарэлай сістэмы дыспетчарскага кантролю. Не падаваўся сігнал аб несанкцыянаваным пранікненні пабочных асоб у машыннае аддзяленне. Гэтыя хібы выпраўлены на новых ліфтах, а на старых пад'ёмніках паступова выпраўляюцца. Да таго ж старыя паступова адпраўляюцца на замену. На гэтым шляху ёсць толькі адна перашкода — недахоп сродкаў. Але мы робім усё магчымае, каб зладзеі беспакарана не квапіліся на абсталяванне.

— Вы ўзгадалі пра замену. Нарматыўны тэрмін службы ліфта — 25 гадоў. Што адбываецца з машынай, калі яна дасягнула гэтага ўзросту?

— Ліфт чакае тэхнічнае дыягнаставанне. Дазвол на яго далейшую эксплуатацыю выдае незалежны эксперт. Але гэты дазвол дзейнічае не больш за тры гады — у залежнасці ад стану ліфта. Пасля працэдура паўтараецца. Калі ж эксперт выносіць рэкамендацыю аб замене ліфта — эксплуатацыя адразу ж спыняецца. Але баяцца старой машыны не трэба, таму што арганізацыя, якая яе абслугоўвае, робіць усё, каб забяспечваць бяспечную эксплуатацыю. Каб паездка была менавіта такой, трэба выконваць простыя правілы карыстання. Калі ж адбылася нейкая няштатная сітуацыя — трэба звязацца з дыспетчарам...

— І як доўга працягваецца замена?

— Па-першае, гэта залежыць ад спецыфікі ліфта. Па-другое, на тэрмін замены ўплывае колькасць паверхаў. Як правіла, звычайна ліфт мяняюць на працягу ад аднаго да двух месяцаў. Пры гэтым жылыя дамы маюць прыярытэт.

— А як дорага замена абыходзіцца?

— Гэтая сума вызначаецца ў час правядзення тэндара. Яго выйграе тая арганізацыя, якая прапануе найменшыя выдаткі. Стандартны пасажырскі ліфт, які разлічаны на 9 паверхаў, каштуе 140-150 мільёнаў рублёў. Але да гэтай сумы неабходна дадаць кошт мантажных работ. Ён вагаецца ў гэтых жа межах. Дарэчы, работы выконваюцца з мінімальнай рэнтабельнасцю.

— Што хутчэй: тэмпы замены ліфтаў альбо тэмпы старэння?

— На сёння хуткасць старэння ліфтаў вышэйшая. Гэта звязана з тым, што 25 гадоў таму актыўна забудоўваліся вялізныя мікрараёны Кунцаўшчына, Захад, Паўднёвы Захад, Малінаўка. Некалькі лічбаў — усяго мы абслугоўваем 8887 ліфтаў, з якіх 7510 — пасажырскія. З іх больш за 25 гадоў адпрацавала 2081 машына, у тым ліку тэрмін эксплуатацыі 760 пераваліў за 30 гадоў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму некаторыя людзі ставяцца да ліфта, як дзікуны? Высотны дом нельга ўявіць без ліфта. Асабліва гэта адчуваецца тады, калі пад'ёмная машына чамусьці не працуе,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика