Аддаць нерухомасць у добрыя рукі
18.09.2012
—
Новости Общества
|
Сёлета завяршаецца праца па прыцягненні ў гаспадарчы абарот будынкаў, якія не выкарыстоўваліся. У Магілёўскай вобласці падводзяць прамежкавыя вынікі ў гэтай сферы. Спадчына і эфектыўнасць Навядзенне парадку на зямлі — гэта шырокае паняцце. Адным з яго важных складнікаў з'яўляецца праца з закінутымі будынкамі. Большасць трэба вяртаць да жыцця і працы, некаторыя ліквідаваць. І справа не толькі ў тым, што яны псуюць выгляд паселішчаў. Размова ідзе пра эканоміку, эфектыўнае выкарыстанне ўласнасці. У фондзе "Магілёўаблмаёмасць" тлумачаць, што безгаспадарныя будынкі — гэта савецкая спадчына. З разбурэннем СССР парушыліся сувязі, уласнікі згубіліся на постсавецкіх прасторах, маладыя краіны мелі новыя планы. Аднак дайшла справа і да гэтай нерухомасці. Паводле даручэння Прэзідэнта, праца па прыцягненні ў абарот нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца, вядзецца ад 2007 года, і сёлета павінна быць завершана. — За 2007-2011 гады ў Магілёўскай вобласці ўдалося скараціць колькасць аб'ектаў, што не выкарыстоўвацца, амаль на 5 тысяч, у тым ліку прададзена амаль 1200, — паведаміў дырэктар фонду "Магілёўаблмаёмасць" Алег Мякінькі. — Новыя ўласнікі выдаткавалі на іх аднаўленне і арганізацыю вытворчасці больш за 40 мільярдаў рублёў і стварылі больш за тысячу новых працоўных месцаў. Поспехі ёсць, але да пераможных справаздач яшчэ працаваць і працаваць. Сёлета "прагучыць" фінальны акорд працы (у гадавым плане — больш за 600 аб'ектаў). За 8 месяцаў з'явіліся гаспадары больш чым у паловы. Будынкі не толькі прадаюцца, здаюцца ў арэнду, перадаюцца бясплатна ў некаторых выпадках, але і ліквідуюцца як трухлявыя і аварыйныя, і колькасць такіх перавысіла паўтары сотні. — На рынку нерухомасці найбольшая актыўнасць назіраецца якраз напрыканцы года, — аптымістычна каментуе сёлетнія планы Алег Мякінькі. — Зроблена ўжо вельмі шмат, і галоўнае, што гэта прынесла карысць эканоміцы вобласці і краіны. Між тым, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці даручыла фонду працаваць з любымі безгаспадарнымі аб'ектамі на тэрыторыі рэгіёна, уключаючы маёмасць сельскіх гаспадарак і спажывецкай кааперацыі, якая не выкарыстоўваецца. "Незалежна ад таго, каму належыць маёмасць, яе трэба эфектыўна выкарыстоўваць", — так лічыць старшыня аблвыканкама Пётр Руднік. Вяртанне ў строй Дырэктар "Магілёўаблмаёмасці" звяртае ўвагу на продаж аб'ектаў за адну базавую велічыню. Гэты спосаб прыцягнення ў гаспадарчы абарот аб'ектаў шырока ўжываўся ў Магілёўскай вобласці. — Гэта нестандартны падыход, — пагаджаецца Алег Мякінькі. — Раней сума была 35 тысяч, цяпер — 100 тысяч рублёў. Але шмат аб'ектаў знаходзілася не ў самых прывабных месцах, ды і ў непрыдатным стане. Да новых гаспадароў вылучалася толькі адно патрабаванне — стварыць новыя працоўныя месцы. Такім чынам мы стварылі добрыя ўмовы для прадпрымальнікаў, якія не маюць вялікага стартавага капіталу, але маюць бізнэс-ідэю, якую імкнуцца рэалізаваць. За пяць гадоў за такія сімвалічныя грошы прадалі амаль 750 аб'ектаў, і сёлета іх таксама было шмат. Знакавы аб'ект — былая база сельгасхіміі ў Крычаве. Там былі паўразбураны адміністрацыйны будынак, склады для захоўвання мінеральных угнаенняў і гаражы, а цяпер з'явілася вытворчасць па пляценні вяровак і канатаў. Прычым выкарыстоўваецца для гэтага мясцовая сыравіна: ніткі з "Магілёўхімвалакна" і адходы льнозаводаў вобласці. Кошт любога аб'екта вызначаюць спецыялісты, а далей — гэта пытанне попыту і прапановы. Адна справа — прадаваць будынак у абласным цэнтры, і іншая — у сельскай глыбінцы. Аднак аб'екты рэалізуюцца "больш ці менш" ва ўсіх сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці. Сродкі паступаюць у бюджэт. Напрыклад, летась былы дом культуры завода штучнага валакна ў Магілёве нарэшце прадалі. Стары будынак у "сталінскім стылі" шмат часу стаяў у запусценні і разбураўся. Аднак летась ДК перайшоў у новыя рукі да фірмы з добрай рэпутацыяй, якая на працягу трох гадоў зробіць там рэканструкцыю і адкрые культурна-забаўляльны цэнтр. Пакупніку будынак каштаваў 1,5 мільярда рублёў. А нядаўна прыватнікі за 1,3 мільярда рублёў набылі тое, што засталося ад базы адпачынку ў вёсцы Чачэвічы — курортным месцы ў Быхаўскім раёне, на беразе вадасховішча. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі з настальгіяй, што калісьці гэтая база "карміла" ў Чачэвічах многіх — дэфіцытнымі працоўнымі месцамі і заробкамі. Можа, добрыя часіны вернуцца? Новае жыццё старых будынкаў Добрых прыкладаў вельмі шмат: былы будынак Шклоўскай сельсгастэхнікі аддалі прыватнаму арматурна-ізалятарнаму прадпрыемству, якое пашырыць вытворчасць. У Глускім раёне знайшлі будынак пад арганізацыю швейнай вытворчасці: глыбінцы вельмі патрэбны новыя працоўныя месцы, асабліва для жанчын. У Дрыбіне таксама збіраюцца шыць (і нават дзіцячае адзенне), і пад гэта таксама ёсць будынак, які раней не выкарыстоўваўся. У аграгарадку Баркалабава Быхаўскага раёна на базе былой калгаснай сталовай ужо адкрылася "Салодкая сядзіба". У Слаўгарадзе будынак у некалькі паверхаў за 4 мільёны рублёў выкупіла гаспадарка. У адной з вёсак Бабруйскага раёна будынак, які калісьці належаў калгасу, набыла расійская фірма: кошт стартаваў ад базавай велічыні і дайшоў да 76 мільёнаў рублёў. У Магілёве можна праводзіць спецыяльную экскурсію па аб'ектах, якія калісьці былі закінутымі і малапрывабнымі, а сталі цудоўнымі месцамі адпачынку. Напрыклад, у самым цэнтры можна паказаць "Карчму на Шклоўскім базары": раней гэта быў падвал, а цяпер папулярная кавярня ў народным стылі. У былой мэблевай краме ў адным з мікрараёнаў абласнога цэнтра адкрыўся новы сучасны гандлёвы пункт: па харчовыя тавары сюды ездзіць паўгорада. Модны фітнэс-клуб, дзе набываюць форму і зараджаюцца аптымізмам стомленыя ад вечнай мітусні гараджане, месціцца таксама ў былым безгаспадарным будынку. Праўда, цяпер паверыць, што ён калісьці быў нікому не патрэбным, вельмі цяжка: рамонт, камфорт, гламур. Стары кінатэатр на ўскраіне ператварыўся ў царкву. З гаража атрымалася вытворчае памяшканне. З ваенных складоў — аўтасэрвіс. З падвалу — сучасная крама. — Можна ўбачыць: што было, і што стала, — кажа начальнік упраўлення ўласнасці Магілёўскага аблвыканкама Ганна Цумерава. — У кожнага будынка свая гісторыя, свой лёс, і кожны дарагі нам па-свойму. Але агульны вынік ёсць, ён адлюстраваўся ў абліччы абласнога цэнтра. Каму плошчы пад офіс? — У бліжэйшыя месяцы праца будзе працягнута, — кажа Алег Мякінькі. — Скажу толькі, што за верасень у вобласці плануем прадаць з аўкцыёнаў 53 аб'екты. Ганна Цумерава паказвае графікі, паводле якіх у Магілёве завяршаецца работа з маёмасцю, якая не выкарыстоўвалася: уключаючы спосабы, тэрміны і персанальна адказных за справу. Кантроль за выкананнем — штотыдзень. Сёлета гарадскому ўпраўленню ўласнасці трэба было разабрацца з 33 аб'ектамі, і з двума дзясяткамі ўсё ўжо вырашана. — Напрыклад, у горада Магілёва ёсць уласнасць у Бабруйскім раёне — былы піянерскі лагер: ім цікавяцца, тым больш што такія аб'екты прадаюцца па галандскім метадзе, з паніжэннем пачатковага кошту, — расказвае Ганна Трафімаўна і паказвае здымкі ў спецыяльным буклеце для дзелавых людзей, патэнцыйных пакупнікоў. — У Магілёўскім раёне ў нас было некалькі былых ФАПаў, якія мы рэалізавалі, і цяпер застаўся на продаж яшчэ адзін. Пакуль не ўдаецца прадаць чатыры будынкі, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і таму каштуюць дорага, а аднаўляць іх будзе яшчэ даражэй. Два з іх месцяцца ў былым ваенным гарадку, дзе мяркуецца ўзвесці ў будучыні сучасны мікрараён — яны ўжо 6 гадоў выстаўляюцца на продаж, але пакуль безвынікова. — Аднак горад усё бліжэй падступае да забудовы тэрыторыі, і гэта добрая перспектыва, — лічыць Ганна Цумерава. — Адзін будынак давялося забраць у новых уласнікаў і вярнуць у гарадскую маёмасць, бо ён быў у "ахавым" стане: стары жылы дом каля Дняпра, гісторыка-культурная каштоўнасць стаіць без вокнаў і дзвярэй. Будзем шукаць новага, больш дбайнага гаспадара. А чацвёрты аб'ект — гэта былы медвыцвярэзнік на вуліцы Лазарэнкі. Дамы на гэтай самай вуліцы Лазарэнкі — прадмет абмеркавання ў Магілёве з тых самых часоў, як там зрабілі новую аўтатрасу, а старыя будынкі засталіся недзе ўнізе і паступова набылі неахайны выгляд. Магілёўцам хацелася б, каб усё было прыгожа, аднак гэта атрымліваецца не адразу. — З двума дамамі з гэтай тройцы ўжо вызначыліся, — паведамляе кіраўнік упраўлення ўласнасці. — Пасля рэканструкцыі ў адным з іх будзе цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм. А другі мы прадалі летась магілёўскай будаўнічай фірме, якая адкрые там шматфункцыянальны цэнтр дзелавога прызначэння. Офісныя плошчы ў цэнтры Магілёва цяпер вельмі запатрабаваны. Ліст у Фларыду Увогуле прыцягнуты ў гаспадарчы абарот 279 будынкаў уласнасці горада Магілёва — іх прадалі, здалі ў арэнду, перапрафілявалі і гэтак далей. За продаж і ўвогуле выкарыстанне маёмасці з 2007 года бюджэт атрымаў каля 70 мільярдаў рублёў. Іншае пытанне — што і калі робяць у гэтых аб'ектах, і гарадскія ўлады аналізуюць сітуацыю. — Летась намі абследаваны ўсе аб'екты, якія былі прададзены ў Магілёве за апошнія два дзясяткі гадоў, — расказала Ганна Трафімаўна. — Нават калі там тройчы памяняўся ўласнік, мы адсочваем іх лёс. Менавіта такім чынам дамагліся таго, што шмат будынкаў на пешаходнай вуліцы Ленінскай у цэнтры, якія ўласнікі закансервавалі, сталі аднаўляць. Ва ўпраўленні ўласнасці расшукваюць уласнікаў магілёўскіх дамоў нават у Фларыдзе: давялося пісаць ліст у Маямі і настойліва прасіць навесці парадак з уласнасцю ў Магілёве. Увогуле Цумерава кажа, што продаж нерухомасці — гэта латарэя, і цяжка дакладна прадказаць яго будучыню. Так, напрыклад, адбылося з былым Домам быту ў самым цэнтры Магілёва. Гэты ўжо патрапаны першымі рамонтнымі работамі будынак, які цяпер стаіць з пабітымі вокнамі і часткова зацягнуты будаўнічай сеткай, сваім выглядам мазоліць вочы. — Яго прадалі на аўкцыёне з умовай поўнай рэканструкцыі і вяртання прадпрымальнікаў, якія займаюцца бытавымі паслугамі, у будынак, — каментуе начальнік упраўлення ўласнасці. — Летась работы пачаліся, але інвестыцыйна-будаўнічая кампанія стала зведваць складанасці ў сувязі з крызісам. Мы звярталіся ў суд, каб сумеснае прадпрыемства прымусілі выконваць умовы продажу. Але сітуацыя не памянялася, і пракуратура Ленінскага раёна Магілёва была вымушана звярнуцца ў суд для абароны інтарэсаў дзяржавы. Суд прыняў рашэнне аб вяртанні будынка ва ўласнасць горада, але яно яшчэ можа быць абскарджана, таму мы пакуль у чаканні канчатковага выніку. Крыўдна, але не безнадзейна. Тым больш калі ёсць наступная статыстыка: за 20 гадоў у Магілёве прададзена больш за 400 аб'ектаў. З іх праблемных сёння толькі 6(!). Так, іх непрыемна бачыць жыхарам горада, але гарадскія ўлады працуюць над гэтым. І просяць людзей патрываць і ўбачыць найперш станоўчы вынік ад усёй працы па працягненні ў абарот безгаспадарных будынкаў. А ён сапраўды ёсць. Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета завяршаецца праца па прыцягненні ў гаспадарчы абарот будынкаў, якія не выкарыстоўваліся. У Магілёўскай вобласці падводзяць прамежкавыя вынікі ў гэтай... |
|