...Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць
18.09.2012
—
Новости Общества
|
У Мядзеле і Мядзельскім раёне прайшло Рэспубліканскае свята паэзіі і песні "Я сэрцам пісаў сваю кожную песню...", прысвечанае 100-годдзю народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Новікі першымі прымалі гасцей свята. Сюды прыехалі пісьменнікі, вучоныя, музейныя работнікі, проста людзі, якія ведалі паэта і любяць творчасць вялікага майстра слова. У гэтых мясцінах ён нарадзіўся, тут вырас, тут знайшоў свой апошні прытулак. "Ёсць такая зямля, дзе крыніцы звіняць,/ Пераліўчата ззяюць азёры,/ Дзе стаяць веліканы — капцы-курганы, / Векавечным парослыя борам./ Ёсць такая зямля казак, песень якіх,/ Больш нідзе не пачуць, не знайсці,/ Дзе ў купальскую зачараваную ноч/ Расцвітае цвет папараці"... Гаворачы пра Танка, доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша выклаў і маштаб, сусветнае вымярэнне геніяльнага паэта, які мог бы быць і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Як, прыкладам, польскія паэты з яго пакалення. Танк — з тых творцаў, які бачыў увесь свет і быў, застаецца адкрытым усяму свету. Ці не таму ён так шмат і апантана перакладаў, стараючыся ў беларускім слове ўвасобіць ці не ўсе паэтычныя цуды свету?.. І ці не таму ўрокі Танка-перакладчыка і цяпер відавочныя: галоўны з іх — сказаць пра ўсе трывогі свету і жыцця па-беларуску, на роднай мове, тым самым узбагаціць сябе, узвысіць і родную мову, і народ Беларусі. Ужо ў Мядзеле ў Палацы культуры землякам Танка паказалі дакументальны фільм пра паэта — "Максім Танк", сцэнарый да якога напісаў пісьменнік-дакументаліст Уладзімір Мехаў. Дарэчы, гэта яго 35-ы фільм... Нельга было без хвалявання глядзець кадры, у якіх сын паэта — Максім Максімавіч Скурко — расказваў пра апошнія дні жыцця класіка і роднага чалавека, мужнага і сціплага беларуса, якога ордэны і медалі, пасады і прэміі не пазбавілі чалавечнасці і дабрыні. І нельга было без хвалявання слухаць песню "Завушніцы" , якая завяршыла фільм... У гэты ж дзень быў адкрыты памятны камень у гонар 100-годдзя Максіма Танка. Вітаючы гэтую падзею, гаварылі пра Танка, чыталі яго вершы першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, галоўны рэдактар газеты "Нарачанская зара" Павел Жукаў, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе Мядзел упрыгожыць помнік паэту-земляку. На ўрачыстым адкрыцці свята на беразе Нарачы сваё разуменне творчасці паэта, яго ролі ў беларускай культуры, у лёсе Беларусі выклалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Даніленка, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, паэты, пісьменнікі. Гучалі вершы і песні. Іх чулі не толькі людзі, якія сабраліся на свята, іх чула возера, якому прысвечаны многія творы Танка, іх чулі танкаўскія бары, пералескі, іх чула вялікая і малая радзіма, без любві да якой не можа вырасці ніводзін геній, ніводзін сапраўдны талент. "Ёсць такая зямля: дзень адзін пражывеш,/ І адступяць ліхія нягоды,/ Будзеш марыць аб ёй, будзе сніцца табе,/ Будзеш помніць яе ты заўсёды./ Вось на гэтай зямлі шчасце выпала мне/ Жыць, за плугам хадзіць і збіраць/ Непаўторныя казкі і песні яе,/ Каб, сябры, ўсе іх вам перадаць". Так, ён сабраў багата і перадаў шчодра. Засталося наступнікам несці ў заўтра і слова Танка, і родную беларускую мову. Развітваючыся з радзімай Максіма Танка, госці, пісьменнікі ў адзін голас выказвалі словы ўдзячнасці землякам, кіраўніцтву Мядзельскага райвыканкама, усім арганізатарам свята. Яго цеплыня, сяброўская шырокая прастора былі заснаваны на руплівасці, старанні многіх людзей. І, вядома ж, — на руплівасці, чулым стаўленні да юбілейнай падзеі з боку работнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры на чале з яго дырэктарам Лідзіяй Макарэвіч. Мікола Берлеж. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мядзеле і Мядзельскім раёне прайшло Рэспубліканскае свята паэзіі і песні "Я сэрцам пісаў сваю кожную песню...", прысвечанае 100-годдзю народнага паэта... |
|