"Не могуць усе па камандзе стаць эйнштэйнамі і паліглотамі!"
18.09.2012
—
Новости Общества
|
У нумары "Звязды" за 1 верасня былі змешчаны артыкулы "Трохмесячныя школьныя канікулы — галаўны боль для бацькоў?" і "ЦТ — адмяніць, а школьныя ўрокі па суботах — аднавіць". Нагадаем, што размова ў іх вялася пра намер Міністэрства адукацыі падоўжыць навучальны год і дабавіць у школьную праграму гадзіны на вывучэнне матэматыкі і фізікі. А парламентарыі, у сваю чаргу, прапаноўвалі задзейнічаць пад правядзенне ўрокаў суботу, дабавіць у школьны расклад трэцюю гадзіну фізічнай культуры, адмовіцца ад гімназічнай адукацыі і ўвесці для ахвотных навучацца на старэйшай ступені школы парог паспяховасці. Нашы чытачы таксама не засталіся ўбаку ад узнятых праблем. @ Vlаdіmіr: — Павелічэнне працягласці навучальнага года — няправільная думка! А вось павелічэнне колькасці гадзін, якія адводзяцца ў школьнай праграме на вывучэнне фізікі і матэматыкі — вельмі правільна! Для гэтага проста трэба аднавіць урокі па суботах у школах. @ Святлана, маці дваіх дзяцей: — Я супраць павелічэння працягласці навучальнага года! Дзеці ў чацвёртай чвэрці ходзяць у школу з апошніх сіл. Вы што, хочаце, каб яны яшчэ і ў чэрвені пакутавалі? @ Таццяна, настаўнік: — У савецкай сістэме адукацыі ўсё было не так дрэнна. Нездарма мы былі самыя адукаваныя ў свеце. 50% амерыканскіх школьнікаў, напрыклад, не ведалі, дзе знаходзіцца Канада. Так што давайце не будзем вынаходзіць кола. Якасць адукацыі ад скарачэння канікул не палепшыцца. Трэба паднімаць прэстыж школы, у тым ліку падтрымліваючы педагога і матэрыяльна, і маральна. А цяпер настаўнік поўнасцю бяспраўны нават перад вучнем, не кажучы ўжо пра вышэйшыя інстанцыі. @ Ганна, педагог вышэйшай катэгорыі, маці дваіх школьнікаў: — Я катэгарычна супраць падаўжэння навучальнага года, навучання ў суботу і павелічэння вучэбнай нагрузкі!!! Вярніце савецкую педагогіку, у якой давалі званні, дабаўце ў расклад лепш працоўнае навучанне і фізкультуру. @ Вольга: — Навучанне па суботах — гэта проста здзек з дзіцяці, як і падаўжэнне навучальнага года. Дзяржаве трэба паклапаціцца пра тое, каб адпачынак у летніку ці санаторыі не быў для сям'і вельмі дарагім, а не павялічваць нагрузку на школьнікаў. Школьная праграма і так не адпавядае ўзросту дзяцей, яна не прадуманая і нелагічная. А наконт савецкай сістэмы адукацыі згодна, што сістэма была добрая. Сучасныя падручнікі ніякай крытыкі не вытрымліваюць! @ Святлана, маці дваіх школьнікаў: — Здароўе ў цяперашніх школьнікаў даволі слабае. Вясной, асабліва ў маі, дзеці вельмі стомленыя, знясіленыя, а вы прапануеце яшчэ і навучальны год ім падоўжыць. Калі кагосьці не задавальняе савецкая сістэма, то звярніце ўвагу на Захад. Напрыклад, у Францыі школьнікі навучаюцца і ў чэрвені, але пасярэдзіне тыдня — у сераду — прадугледжаны выхадны дзень. І ніякіх субот! Лепш настаўнікаў вызвалілі б ад папяровай работы. Можа, у гэтым выпадку і якасць выкладання палепшылася б? Бегае наша настаўніца з кіпай паперак, а на падрыхтоўку да ўроку ў яе і часу няма!!! @ Vlаdіmіr: — ЦТ — не адмяняць, а школьныя ўрокі па суботах — аднавіць! Вось гэта будзе правільна! @ Таццяна: — Калі я вучылася ў школе (у 80-я гады), у нас кожны дзень было па 6 урокаў. І ў суботу таксама. І нішто сабе — жывая, здаровая, школу закончыла на "4" і "5", адразу паступіла ў ВНУ, так што дзеці не ператомяцца, калі ў суботу будуць вучыцца. А бацькі ўсё роўна рады, калі дзіця знаходзіцца пад наглядам у школе. Стараюцца яго выправіць у суботу з дому, нават калі і самі незанятыя. @ Ігар: — Трэба вярнуць профілі па асноўных прадметах. Ну не патрэбны абсалютна ўсім без разбору ваша матэматыка і фізіка!!! Тое ж тычыцца і замежнай мовы. Няўжо цяжка хоць крышачку ўлічваць жаданні і магчымасці вучняў, бацькоў і настаўнікаў. Не могуць усе па камандзе стаць лабачэўскімі, эйнштэйнамі і паліглотамі. @ Наталля: — Даўно трэба вярнуць вучэбную суботу, у тым ліку і ў пачатковай школе. Ці ж гэта правільна, калі вучань 2-га класа сядзіць па 5 урокаў (разам з факультатывам). Мяркую, што бацькі не сталі больш увагі ўдзяляць сваім дзецям пасля пераходу на пяцідзёнку. @ Вольга: — Калі б я была міністрам адукацыі, я ўвогуле увяла б 5 гадзін фізкультуры на тыдзень. Урокі фізкультуры — гэта здароўе і адпачынак пасля разумовага напружання на іншых уроках. Няхай з 5 гадзін 2-3 адводзіліся б на гульні: баскетбол, валейбол, рухомыя гульні. А што тычыцца урокаў замежнай мовы, то трох гадзін на яе вывучэнне ў школе — дакладна мала. @ Тамара: — З-за вялікай колькасці факультатываў, платных адукацыйных паслуг сярод тыдня немагчыма арганізаваць нармальныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Усё пераносіцца на суботу. Але ў шосты дзень не ўсе дзеці прыходзяць у школу. Лічу, што субота не павінна быць вучэбным днём, у гэтым выпадку і выхаваўчыя мерапрыемствы можна было б спакойна праводзіць на працягу ўсяго тыдня. Колькасць гадзін фізкультуры неабходна павялічыць. Канікулы — не змяншаць. @ Таццяна: — Вось вы б спачатку папрацавалі ў школе і вырашылі потым, ці трэба праводзіць у суботу ўрокі. Дзеці да канца тыдня стамляюцца. Настаўнікі таксама. А калі дзецям наведваць гурткі, секцыі? А калі настаўнікам падрыхтавацца да ўрокаў, праверыць сшыткі? Вядома, у суботу... А яшчэ ёсць і асабістае жыццё, дык няўжо ўвесь час трэба праводзіць у школе? Субота — гэта дзень для сям'і. @ Улад: — Цікавы пасаж пра "маніторынг" замест тэсціравання. Ні для каго не сакрэт, што ў многіх дзяржавах выпускныя работы (закадзіраваныя) правяраюць дзяржаўныя камісіі, а не настаўнікі роднай школы. Вядома, што ў многіх школах на экзаменах у 9-х і 11-х класах настаўнікі падказваюць сваім вучням, даюць ім спісваць, паколькі непад'ёмныя праграмы не даюць належнай якасці ведаў. Некаторыя вучні ўжо з 6-7-га класа не выконваюць хатнія заданні і не напружваюцца. А навошта? Усё роўна іх перавядуць з 1—2 баламі ў наступны клас... У каледжах і ліцэях адзнакі ад 1 да 3 балаў лічацца падставай для адлічэння, а ў школе — чамусьці не. Змяняць трэба правілы пераводу з класа ў клас ці адмовіцца ад савецкай звычкі — выдаваць абсалютна ўсім без выключэння дакумент аб агульнай сярэдняй адукацыі. Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары "Звязды" за 1 верасня былі змешчаны артыкулы "Трохмесячныя школьныя канікулы — галаўны боль для бацькоў?" і "ЦТ — адмяніць, а школьныя ўрокі па... |
|