Рамонт з "пераносам". 21.by

Рамонт з "пераносам"

18.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзіўна, але факт: аказваецца, у Віцебску, непадалёку ад "сэрца" міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар" — Летняга амфітэатра, дзе ўсё так прыгожа і літаральна "вылізана", ёсць адразу некалькі праблемных дамоў. Іх жыхары ўжо даўно не даюць жыцця прадстаўнікам органаў улады, — хочуць, каб у дамах жылося камфортна.

Пра адзін з гэтых дамоў — № 4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, пабудаваным напрыканцы 1950-х гадоў, мы пісалі два гады таму. Прайшоў час, але назва таго артыкула ("Цячэ дах, цячэ час"), паводле слоў жыльцоў дома, і цяпер актуальная.

Пенсіянер Валерый Мікалаевіч Спаткай, што пражывае ў кватэры на апошнім паверсе разам з маці — інвалідам Вялікай Айчынай вайны, якой ужо за 90 гадоў, паказвае мне мой жа артыкул.

Чытаем: "Перад вачыма сярод іншых ужо пажаўцелы ліст ад кіраўніцтва камунальнай службы Кастрычніцкага раёна Віцебска, які захоўваецца ў сямейным "архіве" яшчэ з 1997 года. Былі і больш раннія "эпічныя афіцыйныя творы" — з канстатацыяй таго, што грошай на рамонт няма, ці таго, што ўсё ж было зроблена. Напрыклад, у свой час ганак адрамантавалі і пясочніцу паставілі..." Колькі ж часу прайшло!"

Дом, як расказалі жыльцы, ніколі капітальна не рамантаваўся. І з гадамі, зразумела, праблем прыбавілася. Напрыклад, вельмі турбуе людзей стан даху.

— У Віцебскі аблвыканкам да губернатара на прыём хадзіў запісвацца. І зварот пісалі на яго імя, але адказ прыйшоў ад імя зусім іншай службовай асобы. Былі на прыёме ў яго намесніка, — расказвае пенсіянер і паказвае мне лісты з афіцыйнымі адказамі, якія называе "адпіскамі". — Вось адказ з гарвыканкама, вось — з адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. А звярталіся ж мы ў аблвыканкам!

Паводле слоў пенсіянера, калі ён пісаў ад імя жыльцоў свайго дома, узгадаў і праблемы дамоў 2 і 7 — на той жа вуліцы Хмяльніцкага. У адным з адказаў гаворыцца, што праектная дакументацыя на капітальны рамонт дома № 4 выраблена. А чаму ў лісце нічога не напісалі пра лёс дамоў №№ 2 і 7?

— Гэта яны пішуць, што ёсць дакументацыя. А ці так гэта на самой справе, невядома, — працягвае пенсіянер. — Я хадзіў па кабінетах, каб высветліць, хто праектаваў тое, што цяпер мае ў чыноўнікаў назву "адрамантаваны дах дома № 4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага". Вельмі здзівіўся, калі на прыёме ў намесніка губернатара пачуў, як яго падначаленыя сказалі, што "дах зроблены з нейкімі памылкамі". Маўляў, цяпер у Брэсце нейкая праектная арганізацыя займаецца распрацоўкай новага праекта".

А хто адкажа за тое, што першы праект быў распрацаваны з памылкамі? І чаму жыльцы дома асабіста не прымалі выкананую работу на даху, які працякаў шмат гадоў? (Такое права прадугледжана адпаведным законам аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг). Ці наша краіна такая ўжо багатая, што можа лёгка патраціць грошы на перапрацоўку няправільнага праекта? Але ж і багатыя краіны грошы лічаць, ды яшчэ як!.. Каб знайсці "канцы", пенсіянер, паводле яго слоў, хадзіў і ў адміністрацыю раёна, і ў гарвыканкам. Але ж у першай установе сказалі, што ў іх адпаведнай інфармацыі няма, а ў гарвыканкаме, куды накіравалі з адміністрацыі, паведамілі, што прыватным асобам такую інфармацыю не прадстаўляюць.

Перад маімі вачыма лісты з адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска і гарвыканкама. "Разгледжана", "дадаткова паведамляецца" — словы, да якіх радавыя грамадзяне, чытаючы адказы з розных інстанцый, прывыклі. Як і, на жаль, да таго, што нярэдка тэрміны пачатку нават запланаваных работ пераносяцца.

Калі прыйшоў да дома №7 на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, убачыў, што вентыляцыйныя трубы на даху разваліліся. Раней прыкладна такое ж было і на доме № 4. Ды пасля скаргаў адказныя асобы трохі "заварушыліся". Дарэчы, жыльцам менавіта гэтага дома "пашанцавала": у 1995 годзе, калі падчас музычнага "базару" разабралі дах, а потым работы зацягнулі.

— Жыву ў гэтым доме з пачатку 1960-х гадоў, — расказвае пенсіянерка Людміла Уладзіміраўна Грыбоўская. — Памятаю, што ў 1995-м, калі праводзілі рамонт, ускрылі дах... А тут — лівень, працяклі столі ў кватэрах на верхнім паверсе. Пасля заканчэння работ пацярпелыя ад дажджу звярнуліся ў жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак, каб ім кампенсавалі страты пасля патопу. Пачулі ў адказ: маўляў, прадпрымальнік вінаваты, які браўся рамантаваць дах. Пазнаёмілі з ім. Бізнэсмен спачатку паабяцаў кампенсацыю. Нават разам з людзьмі выбіраў шпалеры. Але потым "знік"... А камунальнікі адмовіліся кампенсаваць страту.

Ідзем далей. Як сведчыць адна з афіцыйных папер: "капітальны рамонт даху жылога дома № 4 уключаны ў тытульны спіс капітальнага рамонту на 2012 год з планаваным пачаткам работ у трэцім квартале". Паглядзіце на каляндар, спадары! Хутка апошні месяц квартала скончыцца. Жыльцы ж упэўнены, што рамонт і не пачнецца. А ў жыллёвым-эксплуатацыйным участку № 25, які абслугоўвае дом, паведамілі людзям, што рамонт адбудзецца "з пераносам на 2013 год". А з пераносам менавіта чаго: пачатку работ ці ажыццяўлення? — "хадок" ад жыльцоў так і не зразумеў. Абяцанне адрамантаваць дах зафіксавана ў некалькіх афіцыйных адказах...

Людзі не без зайздрасці назіраюць за тым, як робяць "футра" на будынку непадалёку, дзе знаходзяцца розныя важныя інстанцыі. А для таго ж дома № 4 па вуліцы Б.Хмяльніцкага, паводле слоў жыльцоў, уцяпленне, як ім растлумачыў адзін важны чалавек, не прадугледжана. Маўляў, патрэбны "паказанні", каб уцяпліць фасад. А якія паказанні, не ўдакладніў.

Хадзілі незадаволеныя людзі і да дэпутатаў. Ды, паводле расказаў выбаршчыкаў, нічым сустрэчы не скончыліся. І з іх узнікае рэзоннае пытанне: чаму дэпутаты актыўна цікавяцца праблемамі людзей пераважна тады, калі ідуць на выбары ў якасці кандыдатаў?

Людзі спадзяюцца, што чыноўнікі гарадскога ўзроўню змогуць вырашыць іх праблемы, каб не было падстаў скардзіцца ў тую ж Адміністрацыю Прэзідэнта. А калі не могуць на месцы адразу аказаць дапамогу, шукалі б магчымасці вырашыць праблему паступова, пры гэтым не робячы з яе "сакрэтаў"... Здзіўляюцца жыхары праблемных дамоў, з якімі я пагаварыў, што ніводзін з кандыдатаў у дэпутаты парламента не прыйшоў у двор, не азнаёміўся з праблемамі ў кватэрах. Мяняецца час, выбаршчыкі становяцца ўсё больш патрабавальнымі да тых, каго выбіраюць. І, безумоўна, маюць рацыю.

Хацелася б, нарэшце, дачакацца кампетэнтнага адказу ад службовых асоб, ад якіх залежыць вырашэнне ўсіх пералічаных камунальных праблем. А яшчэ больш прыемна было б, калі б ад слоў і абяцанняў яны перайшлі да рэальных спраў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіўна, але факт: аказваецца, у Віцебску, непадалёку ад "сэрца" міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар" — Летняга амфітэатра, дзе ўсё так...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика