Лісты да Жылібера
18.09.2012
—
Новости Общества
|
Вакол медыцыны са Святланай Дзянісавай Усё, што тут выкладзена — даволі сумнае, каб не сказаць мацней. Кажуць, што раскошу хварэць можа дазволіць сабе толькі чалавек з выдатным здароўем. Але гэты жарт — даволі бяскрыўдная рэч у параўнанні з тым пытаннем, якое мне хочацца ўзняць: а ці можа быць здаровым чалавек, які хварэць зусім не супраць? Mоnsіеur! З вялікім спадзяваннем, што лісты мае (не настолькі, вядома, цікавыя, каб Вашай светласці прапусціць з-за іх шпацыр у ваколіцах Манпелье, але і не без сэнсу) даходзяць да майго адрасата і нават маюць сякі-такі задзел на поспех, пішу вам зноў. Што сталася прычынай? Мне, доктар, захацелася раптам даведацца вось пра якую рэч. Як, скажыце на міласць, раней — у часы, калі медыцына была ў значна большай ступені мастацтвам, чым сёння (і ў значна большай ступені мастацтвам, чым навукай!), — ставіліся да хваробы самі хворыя? Ці не лічылася гэта заганным — мець дыягназ? Чаму мяне ўсхвалявала менавіта гэта тэма? Я патлумачу. Не толькі раней так было, але, я Вам скажу, і ў мае дні многія асабліва цяжкія хваробы разглядаюцца як пакаранне вышэйшых сіл, нябёсаў, лёсу — як назваць. Пакаранне ж ідзе ўслед за правінай, ці не так? Выходзіць, што ў выніку нейкіх непатрэбных дзеянняў — думак ці ўчынкаў — мы, людзі, атрымліваем хваробы. Здавалася б, па заслугах. Але ж мы... скардзімся. Скардзімся людзям — родным, суседзям, сябрам і ўрачам. На лёс, на тыя самыя нябёсы. Ці не занадта дзёрзка для людзей? Ёсць альтэрнатыва думаць, што хвароба — не пакаранне, а выпрабаванне. Выпрабаванне звыш. І што тады? Тады, выходзіць, высакародная гэта справа — быць хворым чалавекам. Але ж на тое і выпрабаванне, каб прайсці яго з годнасцю. А прайсці — гэта значыць вылечыцца, ці не так? Цяпер я раскажу Вам, mоnsіеur, што большасць людзей робіць са сваімі хваробамі: яна іх песціць! Так-так! Галубіць! Шкадуючы сябе хворага, чалавек шкадуе і свае хваробы, не адважваючыся зрабіць ім выклік толькі таму, што, па сутнасці, гэта будзе выклік самому сабе. Мне нават болей хочацца сказаць. У нашым стагоддзі хварэць — гэта модна. Мужы і кабеткі, бывае, з такім імпэтам расказваюць адно аднаму пра памер каменьчыкаў у нырках або жоўцевым пузыры, кіслотнасць соку страўніка і яго колер, так хваляцца адно перад адным паказчыкамі крывянога ціску, так шчыра дзеляцца ўражаннямі ад працы кішэчніка, што мне часам робіцца шкада Вашых, mоnsіеur, намаганняў па адкрыцці некалі ў Гародні медыцынскай акадэміі. Наш чалавек з дзяцінства акадэмік! Вы б паглядзелі, як лёгка, без ценю напругі ў вымаўленні і без падглядвання ў паперку наведнік аптэкі дэкламуе назвы лекавых прэпаратаў і іх дазіроўкі! "А гэта што? Новы прэпарат? Я такога не ведаю. Дайце, паспрабую". Чалавек з якога-небудзь іншага свету, пачуўшы гэта, можа падумаць, што замест аптэкі ён зайшоў у кандытарскую краму. Адкуль што бярэцца і чым лячыцца — для нас гэта не пытанні ўвогуле! Чаму? Сакрэт просты: у нас чытаюць медыцынскія даведнікі. Уявіце сабе, пасля чаргі ў чаканні прыёму доктара ды ў адсутнасць добрага дэтэктыва гэта даволі захапляльная рэч. Толькі медыкам гэтага не зразумець... Я ўсё ж ведаю, у чым тут справа. Чалавек часам прагне фізічных пакут. Такое экстраардынарнае жаданне ўзнікае ў надзеі пазбавіцца ад пакут душэўных. Некаму здаецца, што боль цялесны здольны стаць тым клінам, пры дапамозе якога можна выбіць яшчэ большы клін. А нехта думае, што хаця б такім чынам — хварэючы — атрымае ад блізкага чалавека трошкі цеплыні. Вось яна, формула хваробы: памножаны на страх адзіноты эгацэнтрызм. У Ваш час такое назіралася? Ці гэта прыкметы нашага веку? Развітваюся з Вамі, mоnsіеur Jеаn. Наступны ліст не будзе гэткім сумным. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вакол медыцыны са Святланай Дзянісавай Усё, што тут выкладзена — даволі сумнае, каб не сказаць мацней. Кажуць, што раскошу хварэць можа дазволіць сабе толькі...
|
|