Залатарнік — пад кантроль!. 21.by

Залатарнік — пад кантроль!

18.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулую суботу ў сталіцы прайшла прыродаахоўная акцыя пад назваю: "Ачысцім Мінск ад інвазіўных раслін разам!" Пакуль нетрадыцыйнае (хоць падобныя акцыі ўжо праводзіліся) мерапрыемства было прымеркавана да міжнароднай ініцыятывы "Сусветная прыборка-2012 "Зробім разам!" Школьная моладзь разам з навукоўцамі, прадстаўнікамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і працаўнікамі "Мінскзелянбуда" выйшла на ачыстку тэрыторыі ад шкоднай расліны, якая заваёўвае ўсё большыя і большыя плошчы. І не толькі ў сталіцы. Размова ідзе пра залатарнік канадскі — расліну жоўтага колеру, якая квітнее якраз восеньскай парою.

— Яшчэ не так даўно лічылася, што адзіным шкодным прышэльцам на нашай зямлі з'яўляецца баршчэўнік. Цяпер спіс інвазіўных раслін пашырыўся да шасці відаў. Тут і клён ясенелісты, і псеўдаакацыя, і так званы "шалёны агурок", — паведаміў старшы навуковы супрацоўнік інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аркадзь Скуратовіч. — А залатарнік канадскі, пра які яшчэ 15 гадоў таму паняцця ў нас ніхто не меў, імгненна распаўсюджваецца, асабліва вакол дачных пасёлкаў, выжывае нашы традыцыйныя травы і кветкі.


Дзіўная расліна. Каварная і жывучая. Кожная мяцёлка ў час цвіцення дае да 100 тысяч зярнятак насення, усходжасць якіх, як лічаць навукоўцы, стапрацэнтная. У Кітаі, напрыклад, ён уяўляе сабою нацыянальнае бедства. У нас да гэтага пакуль не дайшло, але ці доўга чакаць? Многія дачнікі, не здагадваючыся пра захопніцкую сутнасць гэтай мілай на выгляд кветкі, садзілі яе ў сябе на клумбах. А потым выкідвалі на сметнікі. Вось чаму дачныя пасёлкі апынуліся ў сапраўдным палоне залатарніка, якога цяпер нават чатыры віды. Каб не было распаўсюджвання расліны-ворага, навукоўцы просяць яе спальваць.

Адна з плантацый гэтага зялёнага шкодніка была выяўлена ў лесапаркавай зоне каля Нова-Барысаўскага тракта. Выкошваннем і ўборкаю травы заняліся работнікі зелянбуду. Ім дапамагалі навучэнцы 19-й сталічнай экалагічнай гімназіі. Вядома, будучыя эколагі разумеюць, што любая расліна мае права на жыццё. Але жыццё гэтай расліны павінна быць пад пільным кантролем.

Правядзенне прыродаахоўнай акцыі падтрымалі Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі і спецыяльны праект ПРААН/ГЭФ "Біяразнастайнасць".

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую суботу ў сталіцы прайшла прыродаахоўная акцыя пад назваю: "Ачысцім Мінск ад інвазіўных раслін разам!" Пакуль нетрадыцыйнае (хоць падобныя акцыі ўжо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика