Рэчыцкія зноў перамагаюць
21.09.2012
—
Новости Общества
|
Сёлета на Гомельшчыне нарэшце намалацілі мільён тон збожжа. У грамадскім сектары гэтая лічба склала 978 тысяч тон, астатнія 46 тысяч тон "дабралі" за кошт фермерскіх гаспадарак і прысядзібных участкаў насельніцтва. Новы ўраджай на 102 тысячы тон перавышае леташнія паказчыкі.
— Першае месца па ўраджайнасці па-ранейшаму ў КСУП "Агракамбінат "Холмеч" Рэчыцкага раёна (дырэктар Віталь Панчанка). Тут атрымана з гектара 60,1 цэнтнера збожжа. У тройку лідараў увайшлі таксама ААТ "Тураўшчына" Жыткавіцкага раёна (дырэктар Андрэй Кузьменка) і СВК "50 гадоў Кастрычніка" Рэчыцкага раёна (старшыня Рыгор Шпакаў). У апошняй гаспадарцы, дарэчы, працуе адзін з лепшых кіроўцаў па адвозцы збожжа ў вобласці Мікалай Талкачоў — у гэтым сезоне ён на аўтамашыне "МАЗ-5551" перавёз 3315 тон. Мікалай Талкачоў 20 гадоў таму пераехаў у вёску Левашы Рэчыцкага раёна з абласнога цэнтра. Родам ён з суседняга Лоеўскага раёна. Пасля службы ў войску паспеў папрацаваць кіроўцам аўтобуса ў Гомелі. Неяк ехаў на машыне і падвёз пасажыра да вёскі Левашы. Вельмі спадабаліся яму мясцовыя краявіды. Думаў нядоўга — пайшоў да старшыні калгаса спытаць, ці патрэбны гаспадарцы кіроўцы. Праца для хлопца знайшлася. Менавіта так і апынуўся Мікалай Талкачоў у вёсцы. Дарэчы, у гаспадарцы працуе і яго жонка. Дзве дачкі адвучыліся на аграномаў і таксама не імкнуліся з'ехаць у горад, працуюць па спецыяльнасці побач. Яны ніколі не шкадавалі, што пераехалі з Гомеля ў вёску. Дарэчы, машына, на якой Мікалай Талкачоў ставіць свае рэкорды — далёка не новая: — Сем гадоў на ёй працую і ўзімку, і ўлетку, яна яшчэ не адзін год будзе ў мяне бегаць, — усміхаецца Мікалай Мікалаевіч. На працу лепшы кіроўца вобласці прывык прыходзіць рана — трэба ж падрыхтаваць машыну, каб камбайны ў поле не прастойвалі з-за таго, што нешта здарылася з тэхнікай. Хлеб сёлета ў гаспадарцы нядрэнны — каля 50 ц з гектара. Калі да гэтага дадаць прафесіяналізм — атрымаецца добры агульны вынік. Больш за 3 тысячы перавезеных тон збожжа вывелі Мікалая Талкачова на перадавыя пазіцыі. Аднак у кіроўцы гэта далёка не першы поспех на ўборцы збожжавых. На рэспубліканскі фестываль "Дажынкі" ён ужо ездзіў двойчы — у 2005 годзе ў Ваўкавыск і летась — у Маладзечна. — Першы раз прывёз з "Дажынкаў" халадзільнік, а другі — тэлевізар, было вельмі прыемна, — гаворыць Мікалай. — Я задаволены, што праца аграрыяў сёння заахвочваецца, што нас не забываюць. Ды і цяпер працы хапае. Ідзе нарыхтоўка кукурузы на сілас, сяўба азімых... А адпачываць будзем зімой. Між тым, сёлета ў Гомельскай вобласці больш за тысячу тон збожжа перавезлі 320 кіроўцаў. 247 камбайнавых экіпажаў пераадолелі тысячную мяжу па намалоце. (Летась такіх было 114.) Сем экіпажаў намалацілі больш чым 2 тыс. тон збожжа. Камбайнеры Валянцін Саламаха і Аляксандр Грань з агракамбіната "Холмеч" Рэчыцкага раёна пяты раз сталі лідарамі жніва ў паўднёвым рэгіёне. Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Сяргей Еўдакімаў лічыць, што цяперашні аграрны год для Гомельшчыны можна назваць паспяховым. Няпростыя ўмовы надвор'я навучылі спецыялістаў сельскай гаспадаркі вобласці працаваць па сучасных тэхналогіях, атрымліваць высокія вынікі ў раслінаводстве, нягледзячы ні на спякоту, ні на праліўныя дажджы: — Сёлета гаспадаркі Гомельшчыны зрабілі яшчэ адзін значны крок у раслінаводстве: упершыню на прамысловай аснове вырошчваўся сланечнік. Вытворчасць гэтай культуры, а таксама соі дазволіць забяспечыць жывёлагадоўлю сваім бялком. Мы штогод закуплялі па імпарце каля 60 тысяч тон бялковай сыравіны, у выніку чаго сабекошт прадукцыі заставаўся досыць высокім. Такія вялікія плошчы засявалі ўпершыню, але ўраджай, думаю, будзе нядрэнным. Валавы збор алейных культур чакаецца на ўзроўні 170 тысяч тон, што ў 5 разоў больш, чым летась. Выхад бялковай сыравіны складзе каля 140 тысяч тон, што дазволіць на 88 % забяспечыць патрэбы буйной рагатай жывёлы бялковым сырцом. А гэта значыць — зэканоміць каля 35 млн долараў толькі на бялковай сыравіне. Ірына АСТАШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета на Гомельшчыне нарэшце намалацілі мільён тон збожжа. У грамадскім сектары гэтая лічба склала 978 тысяч тон, астатнія 46 тысяч тон "дабралі" за кошт... |
|