Справа для сапраўдных мужчын. 21.by

Справа для сапраўдных мужчын

22.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адразу тры маладыя прадстаўнікі гаспадаркі "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна бяруць удзел у рэспубліканскім свяце "Дажынкі"

Камбайнер Сяргей Гапановіч і памочнік Аляксей Пілюшын — другі раз, а Леанід Іваноў, вадзіцель "МАЗа" — ужо трэці паедуць на рэспубліканскае свята хлебаробаў. Традыцыйна перад паездкай кожны з іх атрымаў у Віцебску абутак і касцюм, каб з'явіцца на свяце ва ўсёй красе.

*  *  *

Сяргей Гапановіч і Аляксей Пілюшын — хлопцы з адной вёскі Прудзінкі, нарадзіліся і вучыліся ў адной школе, а цяпер разам працуюць на камбайне "Палессе КЗС-1218". Летась упершыню былі на "Дажынках" як лепшы моладзевы экіпаж. Тады яны першымі сярод моладзевых экіпажаў Віцебшчыны намалацілі тысячу тон збожжа, а ўсяго прыкладна 1700 тон збожжавых. Сёлета — ужо больш за 2 тысячы тон.

Дарэчы, надвор'е сёлета падвяло экіпаж.

— Летась, калі не памыляюся, скончылі жніво ўжо 20 жніўня, — расказвае Сяргей Гапановіч. — А вось сёлета пазней. Потым ездзілі ў суседнія гаспадаркі дапамагаць убіраць ураджай.

Падчас жніва графік у камбайнера і яго памочніка вельмі напружаны. З 6-ці гадзін раніцы ўжо на полі. Камбайн агледзелі, заправілі палівам непасрэдна на полі, каб не ганяць — і наперад працаваць. Заканчвалі позна. Калі надвор'е дазваляла, і ўначы на полі заставаліся.


Ніякіх надзвычайных здарэнняў падчас жніва не было, айчынны камбайн таксама не падвёў.

У вёсцы, дзе жывуць хлопцы, ёсць пачатковая школа, ФАП, пошта і гэтак далей.

— Усё, што трэба для нармальнага жыцця, — шчыра кажуць маладыя людзі. — Рынак прыязджае на "колах". Так што грошы заробленыя будзе на што патраціць.

Сяргей Гапановіч жыве ў "прэзідэнцкім доме"— менавіта так у вёсках называюць дамы, якія выдзяляюцца працаўнікам сельскай гаспадаркі ў рамках адпаведнай дзяржаўнай праграмы. Аляксей Пілюшын — у кватэры.

Абодва людзі сямейныя. Жонка Сяргея, Таццяна, працуе ў майстэрні кладаўшчыцай. Сям'я выхоўвае дваіх дзяцей: 10-гадовую Насцю і 3-гадовага Сцяпана.

Жонка Аляксея, Вера, мае адну з рэдкіх будаўнічых спецыяльнасцяў, працуе ў гаспадарцы. Іх дачцэ Ульяне 8 гадоў.

Пацікавіўся, чым хлопцы займаюцца зараз. Адказалі, што і пасля жніва працы шмат — да таго часу, пакуль снег не выпадзе. Цяпер, у прыватнасці, камбайнер "капае" бульбу на трактары, а памочнік працуе слесарам у майстэрні. І зімой хапае заняткаў: кармы трэба вазіць, дровы, угнаенні...

Не мог не запытаць: а калі ўсё ж з'яўляецца вольны час, як хлопцы яго бавяць?

Высветлілася, што Сяргей — паляўнічы, а Аляксей рыбак — "летні". Ды і дома заўсёды ёсць чым займацца. Алкаголем, зразумела, не злоўжываюць. Калі прыходзіш зацемна, а з самай раніцы на працу, калі там выпіваць?

*  *  *

...Пакуль гутарыў з Сяргеем і Аляксеем, нас фатаграфаваў чалавек, які разам з імі прыйшоў на сустрэчу. Сціпла паціснуў мне руку і адышоў фатаграфаваць. А потым высветлілася, што "фатограф" — Леанід Іваноў, вадзіцель "МАЗа", які вось ужо трэці раз паедзе на свята хлебаробаў.

— Першы раз заняў трэцяе месца і атрымаў тэлевізар, — расказвае малады вадзіцель. — Летась быў у лідарах сярод маладых кіроўцаў, калі ў цэлым перавёз звыш 2840 тон, сёлета перавёз прыкладна 2700 тон.

Ва ўборцы ён увогуле не навічок — удзельнічаў пяць разоў. (Машыне ж ужо восем гадоў, і, вядома, хочацца паездзіць на новай.) Увогуле ў гаспадарцы збожжавыя адвозілі на чатырох трактарах і дзвюх машынах. Колькі кіламетраў наездзіў падчас мінулага жніва, не падлічваў. І калі я запытаў: ці можна ўвесь шлях параўнаць з перыметрам нашай краіны, адказаў, што, напэўна, праехаў больш.

— На жніве вельмі цяжка працаваць, — кажа Леанід. — Але ж заробкі ў мяне не меншыя, чым у камбайнераў.

Што датычыцца канкрэтных сум, мае суразмоўцы гэта не афішавалі. Сказалі, што ў кожнай гаспадарцы плацяць па-рознаму. Вадзіцель, праўда, потым агучыў, што за два месяцы "чыстымі" зарабіў 11 мільёнаў рублёў. Нядрэнна, у гарадах столькі не зарабляюць.

— Зімой, зразумела, атрымліваецца значна меней, — адзначыў Леанід. — Але менш 2,5 мільёна рублёў за месяц не бывае. А на адным рамонце, зразумела, шмат не заробіш.

Жонка Леаніда — Ганна — у дэкрэтным водпуску, малодшай дачцэ — годзік, старэйшай — 5. Жонка па спецыяльнасці — ветэрынар. Сям'я таксама жыве ў "прэзідэнцкім доме", але ў суседняй вёсцы — Валынцы, што ўсяго ў трох кіламетрах ад Прудзінкі. Дарога паміж вёскамі, як пажартавалі хлопцы, лепш, чым у Віцебску.

Шмат іх аднакласнікаў паехалі ў свой час у гарады. Між іншым, і Леанід раней жыў недалёка ад Віцебска — усяго ў 20 кіламетрах — у вёсцы Старое Сяло, а жонка наогул з Віцебска, маці яе і зараз жыве ў абласным цэнтры.

Калі пачуў гэта, не мог не пацікавіцца: як "завабіў" гарадскую прыгажуню жыць у глыбінку? Сказаў, што яна спачатку працавала ў адной з гаспадарак Віцебскага раёна — пасля заканчэння Віцебскага аграрнага каледжа, а потым пераехалі сям'ёй у Верхнядзвінскі раён. Цяпер жонка Леаніда завочна вучыцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны — у Прудзінках вельмі развітая жывёлагадоўля. У горадзе жыць у маладой жанчыны, як і ў мужа, няма жадання.

І хто сказаў, што моладзь не хоча жыць у вёсках? Так, гаварылі мае суразмоўцы, хто ў горад паехаў, назад у вёскі не вяртаюцца. Але тыя, хто застаўся на малой радзіме або ў іншай вёсцы, аб гэтым не шкадуюць. Гэта і ёсць сапраўдныя і нармальныя вясковыя хлопцы, якія прывыклі з малых гадоў працаваць на роднай зямлі. І навучыліся нават гарадскіх дзяўчат "прывозіць" у вёскі. І хай чарговыя "Дажынкі" будуць для гэтых маладых людзей не апошнімі!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу тры маладыя прадстаўнікі гаспадаркі "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна бяруць удзел у рэспубліканскім свяце "Дажынкі" Камбайнер Сяргей...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика