У чым прычына даўгабуду?. 21.by

У чым прычына даўгабуду?

29.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нярэдка ў СМІ і розныя кантрольныя органы звяртаюцца грамадзяне, якія незадаволены тэмпамі ўзвядзення жылля. Зразумець людзей можна: абяцалі здаць дом пад ключ згодна з графікам уводу, а дом будуюць не адзін год. Чаму так адбываецца?

Падвяла інфляцыя

— Пытанням будаўніцтва жылля ў Камітэце дзяржкантролю надаецца вялікая ўвага, асабліва з улікам росту цэн на "квадратныя метры" і падаражання будаўнічых матэрыялаў. Былі і аб'ектыўныя прычыны, якія вельмі сур'ёзна паўплывалі на вырашэнне жыллёвага пытання, — расказвае Віктар Коцікаў, начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці. — Кіраўніком дзяржавы было агучана патрабаванне: забяспечыць стрымліванне росту цэн за кошт адмаўлення ад дарагіх імпартных матэрыялаў, патаннення праектаў. Практыка работы камітэта паказала, што гэтай эканоміі было недастаткова, каб захаваць цэны на ўзроўні мая 2011 года. Былі сітуацыі, калі расцэнкі, пазначаныя ў праектна-каштарыснай дакументацыі, з улікам прымянення індэкса падаражання не дазваляла закупіць матэрыялы.

Супрацоўнік камітэта прывёў у прыклад адзін з дамоў у мікрараёне "Задняпроўе-3" г. Орша. Кошт работ па сістэме ацяплення двухсекцыйнага жылога дома, згодна з дакументацыяй, складаў каля 600 мільёнаў рублёў. Пры гэтым радыятары, трубы і гэтак далей па сваім кошце ўжо перавысілі 700 мільёнаў рублёў. Зразумела, што на само выкананне работ грошай не заставалася. Нягледзячы на тое, што будаўнічыя прадпрыемствы спрабавалі эканоміць, цэны працягвалі павялічвацца. Напрыканцы мінулага года сітуацыя на рынку будаўніцтва жылля палепшылася, бо пайшлі дадатковыя грошы з бюджэту, але будаўнікі былі не ў стане гэтыя грошы засвоіць. І сёлета — у першым квартале — у Камітэце дзяржкантролю зафіксавалі шмат зваротаў грамадзян. У калектыўных скаргах жыхары вобласці канстатавалі, што будаўніцтва дамоў зацягваецца, цэны растуць.

На Віцебшчыне пакуль што большая частка жылля будуецца для грамадзян, якія маюць правы на паляпшэнне жыллёвых умоў і ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве. Адпаведны Указ кіраўніка дзяржавы прадугледжвае кантроль за выкананнем заканадаўства пры заключэнні і рэалізацыі дагавораў долевага будаўніцтва — за гэтым павінны сачыць мясцовыя ўлады. Аднак усе звароты грамадзян, якія паступілі ў Камітэт дзяржкантролю, заставаліся там да моманту іх поўнага вырашэння. Пры неабходнасці Камітэтам даваліся канкрэтныя даручэнні выканкамам і заказчыкам будаўніцтва.

Два падрадчыкі на дом?

У ліку іншых у Камітэт паскардзіліся жыхары Браслава — на тое, што іх будучае жыллё — два дамы — ператвараюцца ў даўгабуд. Высветлілася, што ў мясцовай будаўнічай арганізацыі проста не хапае магутнасці, каб прытрымлівацца нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва. Будаўнікі дзень працавалі "на доме", назаўтра — на іншым аб'екце і гэтак далей.

Прадстаўнікі дзяржкантролю правялі сустрэчу з усімі зацікаўленымі асобамі. У першую чаргу запрасілі старшынь праблемных жыллёва-будаўнічых кааператываў. Была адзначана адсутнасць нармальнай тлумачальнай работы з боку службовых асоб райвыканкама...

Напрыканцы жніўня адзін з дамоў ужо здалі ў эксплуатацыю, бо будаўнікі працавалі больш за змену. З другім домам яшчэ ёсць праблемы. Аказваецца, 3-пад'ездны дом будавалі ажно два генеральныя падрадчыкі. У выніку адну яго частку ўзвялі да ўзроўню пяці паверхаў, а другую — да ўзроўню трох. Спецыялісты ведаюць, што такая сітуацыя патрабуе спынення работ: з-за розніцы ў вышыні. Падрадчык, які працаваў лепш, ужо выходзіць на ўзровень даху, але не можа займацца ўстаноўкай апошняга, бо ў суседніх секцыях дома не хапае двух паверхаў. Перад райвыканкамам і аблвыканкамам (у асобе Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве) было пастаўлена пытанне аб неабходнасці змены генеральных падрадчыкаў. На сёння праводзяцца абмеры дома, каб зафіксаваць выкананне работ. Патэнцыйна новым генеральным падрадчыкам будзе полацкая будаўнічая арганізацыя "Полацксельбуд", якая мае магчымасць завяршыць будаўніцтва дома. Цяпер кожны тыдзень у Камітэце атрымліваюць інфармацыю аб тым, што адбываецца на аб'екце, якія захады робяцца ўладай.

Праблемным было будаўніцтва дома і ў Глыбокім, па вуліцы Паўночная. Генеральны падрадчык аб'явіў аб сваёй ліквідацыі. Пры гэтым сума неадпрацаванага авансу па будаўніцтве складала 1,3 мільярда рублёў. З кастрычніка мінулага года генпадрадчык работы на аб'екце спыніў. Грошы і цяпер яшчэ не вярнулі. А заява аб ліквідацыі, згодна з існуючым заканадаўствам, спыняе на пэўны час прымусовае спагнанне грашовых сродкаў. Будучыя жыльцы літаральна аказаліся закладнікамі сітуацыі.

У Камітэце лічаць, што ёсць у гэтым і віна прадпрыемства па капітальным будаўніцтве. Кантралёры, у прыватнасці, высветлілі, што кожны месяц сумы авансаў, якія пералічваліся падрадным арганізацыям, значна перавышалі памеры, вызначаныя заканадаўствам. У выніку, пасля таго, як падрадчык спыніў работы, грошы не вярнулі. Зараз на доме працуе новы падрадчык. А сродкі на фінансаванне будаўніцтва дома шукае райвыканкам. Ёсць надзея, што да канца года будаўніцтва будзе завершана.

Нават працоўныя кніжкі не забіраюць

Паводле апошніх звестак, ва ўсіх будаўнічых арганізацыях Віцебшчыны з пачатку года ў сярэднім на 30% панізілася сярэдняспісачная колькасць работнікаў. Гэта пры тым, што за работу на некаторых будаўнічых аб'ектах плацяць па 4,5 мільёна рублёў. Не сакрэт, што адной з прычын недахопу работнікаў будаўнічых спецыяльнасцяў з'яўляецца і так званая працоўная міграцыя. Асабліва ў летні перыяд. У суседняй Расіі прапаноўваюць большую зарплату.

Будаўнікі з'язджаюць нават нягледзячы на тое, што нагрузкі ў Расіі для гастарбайтараў значна большыя. Звальняюцца часам нават не забіраючы працоўныя кніжкі. Такім чынам "агаляюцца" будаўнічыя аб'екты.

Будаўнічыя матэрыялы таксама працягваюць расці ў цане, на выкананне работ застаецца ўсё менш сродкаў у падрадных арганізацый. Адпаведна, іх магутнасці падаюць. На жаль, праблема тыповая ў цэлым па краіне.

Між іншым, з пачатку года на Віцебшчыне з усіх уведзеных у эксплуатацыю жылых дамоў толькі два — у Наваполацку — здалі ў межах нарматыўнага тэрміну будаўніцтва. Па астатніх дамах тэрміны парушаны: ад 4-х месяцаў да года і больш.

Сёння, як адзначылі ў Камітэце дзяржкантролю на Віцебшчыне ўстаноўленае прагнознае заданне выконваецца. Але за лік "пераходных" з мінулага года аб'ектаў, якія павінны былі ўжо здаць пад ключ.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нярэдка ў СМІ і розныя кантрольныя органы звяртаюцца грамадзяне, якія незадаволены тэмпамі ўзвядзення жылля. Зразумець людзей можна: абяцалі здаць дом пад ключ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика