Дом, дзе і восенню цёпла. 21.by

Дом, дзе і восенню цёпла

29.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прасторныя калідоры, светлыя пакоі, чысціня і пастаянны клопат, а таксама сябры, з якімі ты па волі лёсу трапіў у адну палату... Сёння ў бальніцы сястрынскага догляду, што ў аграгарадку Беражное Столінскага раёна, жывуць 50 чалавек. Іх яднаюць агульныя абеды і вячэры, агульны прагляд аднаго і таго ж серыяла, агульныя тэмы для размоў.

Два гады мінула з таго часу, як Надзея Пятроўна Лагодзіч пераехала са сваёй кватэры ў Давыд-Гарадку ў Беражноўскую бальніцу. Няўрымслівая жанчына першы час ніяк не магла сядзець без справы. У першыя ж дні накіравалася палоць кветкі на клумбах. Зараз Надзея Пятроўна кветкаводствам не займаецца, але па просьбе жыхароў бальніцы ходзіць у магазін, прыносіць усім ахвотным ваду з калодзежа (з крана не той смак), чытае свежыя перыядычныя выданні, часопісы. А яшчэ любіць глядзець у сваё акенца, якое выходзіць на цэнтральную вуліцу.

— Мне на душы радасна, калі раблю людзям добрую справу, — гаворыць яна.


Усё жыццё Надзея Пятроўна працавала ў санітарнай службе. Неаднаразова была дэпутатам гарсавета, узнагароджвалася граматамі. Разам з мужам выгадавалі сына, цяпер мае ўнучку і праўнука. Аднак сын жыве ў Пінску. Разам з яго сям'ёй жыве і маці жонкі.

— Як жа я туды паеду: дзве старыя пад адным дахам — гэта зашмат, — мяркуе Надзея Пятроўна.

Сын пастаянна наведвае маці, тэлефануе, на святы забірае да сябе. Пастаянна адчувае жанчына клопат калег: яны заязджаюць праведаць, перадаюць ласункі, налічваюць грашовую дапамогу на святы.

Падабаецца Надзеі Пятроўне, як абслугоўваюць жыхароў бальніцы: добрыя адносіны, амаль сямейныя. А вось дома ў апошнія гады адзінокага жыцця было цяжка. Калі побач няма роднага чалавека, дык і дагледзець цябе няма каму.

Гукі скрыпкі час ад часу разносяцца па ціхіх паверхах Беражноўскай бальніцы. Гэта Адам Паўлавіч Шэлест старанна водзіць смычком па струнах. У дзяцінстве ён марыў іграць на гармоніку, аднак гэта была надта дарагая рэч для вясковага хлопца. Таму і ўзяў скрыпку бацькі, які таксама быў музыкам.

На вясковыя мерапрыемствы ён заўжды хадзіў са скрыпкай — так весялей было. Аднойчы сустрэўся з баяністам, разам сыгралі на вяселлі, той і прапанаваў падпрацоўваць дуэтам на вясковых святах.

За жыццё змяніў Адам Паўлавіч некалькі інструментаў. Апошні трапіў да яго выпадкова: дачка ў размове з сяброўкай сказала, што бацька любіць скрыпку. А тая прапанавала інструмент, які без справы вісіць у гаражы.

Некалькі гадоў таму Шэлест стаў адным з герояў фільма пра скрыпачоў, які здымалі палякі. Тады яго скрыпка без перапынку спявала для камеры. Зараз ён усё радзей бярэ яе: дрыжыць рука са смычком. Аднак на свята па просьбе медперсаналу выконвае хоць адзін твор.

Адам Паўлавіч некаторы час жыў у бальніцы разам з жонкай, але яна пайшла з жыцця. Не стала і сына, які жыў у Літве. Дачка цяпер у Маскве. Ужо мінула два гады, як яна наведвала бацьку. Аднойчы прыязджаў унук з Літвы...

Наталля Мікалаеўна Галавач — гэта майстрыха, якая любіць вязаць на прутках. Вось толькі ў апошні час няма для каго. Сабе і шкарпэткі звязала, і кофту, і кішэні да ўсіх халатаў. Жанчына жыве ў Беражным ужо шосты год. Цяжкі лёс у ёе: пахавала дачку, калі той было толькі 33 гады. Засталася ўнучка. Толькі вось не так часта яны сустракаюцца...

Ганна Фядотаўна Рычка таксама тут шосты год. Мае двух сыноў, якія прыязджаюць праведаць маці, забіраюць яе на святы. Дома добра, аднак пасля інсульту і аперацый на вачах жанчыне патрэбен спецыяльны догляд, ёй больш падыходзяць умовы бальніцы...

Ёсць тут і свае кампаніі, свае "клубы па інтарэсах", дзе можна абмеркаваць навіны, падзяліцца пачуццямі.

У палатах жывуць ад аднаго да чатырох чалавек. Час ад часу іх перасяляюць, каб не сумавалі, каб не надакучвалі адзін аднаму. Калі здараюцца канфлікты, то медперсанал хутчэй спяшаецца памірыць старых — бо яны ж адна сям'я.

Цудоўна, калі ты маеш здароўе і сілы, каб жыць да глыбокай старасці, не замінаючы родным. Аднак так здараецца не заўсёды. Ды і ў дзяцей па-рознаму складваецца лёс...

Старшая медсястра Таццяна Грышко расказала гісторыю пра жанчыну, якая пасля інсульту трапіла ў бальніцу сястрынскага догляду. У яе былі тры сыны, якія жылі ў Мінску. Сыны па чарзе кожныя выхадныя прыязджалі да маці. Думалі, што забяруць яе да сябе, наладзяць ёй нармальны догляд... Аднак, параўнаўшы свае магчымасці з умовамі бальніцы, пераканаліся, што тут іх маці будзе лепш.

Таццяна СЕГЕН. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прасторныя калідоры, светлыя пакоі, чысціня і пастаянны клопат, а таксама сябры, з якімі ты па волі лёсу трапіў у адну палату... Сёння ў бальніцы сястрынскага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика