"У такім узросце галоўнае — заўсёды казаць "Так!". 21.by

"У такім узросце галоўнае — заўсёды казаць "Так!"

29.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Старасць — не радасць". Такая думка хоць аднойчы праносілася ў галаве кожнага пажылога чалавека. Гэта і нядзіўна — з узростам абвастраюцца хваробы, паціху губляецца моц. Можна, вядома, скласці рукі і проста плыць па няспешнай плыні жыцця. Але гэта — найгоршы варыянт. Якому ёсць цудоўная альтэрнатыва. Так, у Партызанскім раёне беларускай сталіцы амаль год працуе праект, у межах якога немаладыя людзі дапамагаюць у побыце сваім нямоглым аднагодкам.

— Гуманітарны праект "Пажылыя для пажылых" рэалізуецца з першага лістапада 2011 года. Пры фінансаванні нямецкага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" ў межах праграмы "Месца сустрэчы — дыялог". Каардынатар праграмы — Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Узаемаразуменне". Для падтрымкі праекта выдзелена сума ў памеры 21 тысячы еўра, — гаворыць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Партызанскага раёна горада Мінска Аліна ДУБКО.


— Асаблівасцю нашага праекта стала арганізацыя валанцёрскай групы з ліку пенсіянераў Партызанскага раёна сталіцы. Усяго ж у нас адзінаццаць добраахвотных памочнікаў. Наша мэтавая група — гэта ў першую чаргу людзі, якія перажылі вайну, былі вызвалены з канцлагераў, ветэраны вайны і працы, адзінокія і асабліва немабільныя пенсіянеры. Галоўнае — каб яны адчувалі, што пра іх не забыліся, што яны па-ранейшаму патрэбны...

— Як арганізуецца праца з пажылымі людзьмі?

— Па-першае, мы робім тэлефонны патранаж пенсіянераў, якія не могуць рухацца. Перыядычна звонім ім, дапамагаем вырашыць узніклыя пытанні праз розныя арганізацыі і ўстановы — напрыклад, ЖРЭА, РУУС... На гэтым кірунку задзейнічаны чатыры валанцёры. Толькі за першыя тры з паловай месяцы яны зрабілі 244 тэлефанаванні, а яшчэ 50 разоў прыйшлі да старых людзей дадому. Для іх робяцца маленькія падарункі да важных каляндарных дат. Па-другое, арганізаваны і паспяхова функцыянуюць тры гурткі. Адзін з іх — "Зялёная аптэка". За час яе дзейнасці сабраны неблагі гербарый. Працуюць у нас кулінарны і музычны гурткі, іх наведваюць больш за сорак пенсіянераў.

— Нязменная адзнака людзей пажылога ўзросту — схільнасць да пасядзелак...

— І таму пры нашым тэрытарыяльным цэнтры дзейнічае адмысловы клуб "Вячоркі". Гэта своеасаблівы форум, дзе кожны можа пагаварыць на любую тэму, якая хвалюе. Таксама ў межах клуба арганізуецца культурная праца — удзел у святочных мерапрыемствах і экскурсіях. Напрыклад, 38 чалавек наведалі гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы "Світанак". Не забываем і пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра жыхароў блакаднага Ленінграда. 31 студзеня, да Дня зняцця блакады, мы арганізавалі вечар памяці "Раўненне на подзвіг". Яшчэ адзін вечар, "Мужнасці вечны ўрок", быў прымеркаваны да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тады мы запрасілі да нас вучняў, студэнтаў, прадстаўнікоў раённай адміністрацыі. Між іншым, у мерапрыемствах рэгулярна ўдзельнічае таксама і падрастаючае пакаленне — навучэнцы музычнай школы №3, а таксама Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Партызанскага раёна. Агулам рэгулярна наведваюць нашы мерапрыемствы больш за паўтары сотні пажылых людзей. І мы лічым гэта велізарным дасягненнем.

"Галоўнае — не ўмець казаць "Не"!"

Альбіна ПАЖАЕВА, старшыня раённага "Клуба бабуль", валанцёр праекта "Пажылыя — пажылым", гаворыць, што актыўнае жыццё з выхадам на пенсію не павінна заканчвацца:

— 2 кастрычніка ў нас будзе праходзіць выстава "Сад-агарод". Мне пашанцавала вырасціць гіганцкі агурок, які па памерах трохі не дацягнуў да кабачка! Нават давялося прымацаваць таблічку (смяецца), каб выпадкова не ўвесці людзей у зман. Цяпер мы рыхтуемся да конкурсу "Цуда-страва". Назва гаворыць сама за сябе. Больш за тое, мы рэгулярна праводзім майстар-класы на тэму ўпрыгажэння страў, іх падачы да стала, які патрэбна правільна сервіраваць. Увогуле, у мяне назбіралася цэлая кніга рэцэптаў, якімі ахвотна дзялюся.

Мы вяжам палавікі з поліэтыленавых пакетаў з-пад малака альбо кефіру. У прыродных умовах яны б раскладаліся сотні гадоў і забруджвалі зямлю, а так прыемна радуюць вока.

Трохі раней адбылося ў нас мерапрыемства "Рамансы пры свечках". Я асабіста вяла гэты вечар. Падчас падрыхтоўкі да яго шмат часу правяла ў музычнай бібліятэцы, дзе знайшла многа цікавай інфармацыі. І гэта дало плён! Вечар атрымаўся цудоўны — выкананне рамансаў пры запаленых свечках у вялізнай зале... Усе прысутныя як быццам бы дакрануліся да атмасферы стагадовай даўніны...

— Міжволі ўзнікае пытанне: а як з камп'ютарнай граматай? Не сакрэт, што людзі ва ўзросце "тым, каму за..." часам нават баяцца падыходзіць да "разумнай машыны" бліжэй, чым на гарматны стрэл.

— У нас працуе камп'ютарны клас, дзе пенсіянеры асвойваюць на побытавым узроўні працу на сучаснай тэхніцы. Пасля непрацяглага навучання ім ужо не цяжка адправіць электронны ліст сябрам і сваякам, якія, напрыклад, жывуць далёка за мяжой. Першапачаткова мала хто з іх верыў, што такі сродак зносін займае лічаныя секунды!

— Пэўна, і танчыце?

— А як жа! Ёсць у нас і такі гурток. Танцы вельмі цікавыя, удзельнічаюць усе бабулі ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў. Мы самі шыем і капелюшы англійскіх лэдзі, якія можна пабачыць на старых гравюрах, і танцавальныя сукенкі.

— А які гурток вам здаецца найбольш цікавым?

— Вакальна-інструментальны. Пажылыя людзі добра спяваюць, іх рэпертуар — гэта песні маладосці. Трохі шкада, што гэта адбываецца толькі па святах. Увогуле, толькі пажылы валанцёр можа зразумець такога ж пажылога чалавека. Бо яму не па чутках вядомы шматлікія пытанні, якія ўзнікаюць менавіта ў пенсійным узросце. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання стаў для многіх з іх другім домам. Тут чалавека заўсёды выслухаюць, дадуць каштоўную параду, акажуць дапамогу... І людзі ў нас вельмі чуллівыя. Калі мы ім тэлефануем, то адчуваем з другога канца проваду столькі радасці, што словамі нават і перадаць немагчыма. А для валанцёра, чалавека добрай волі — гэта найважнейшая падзяка.

— А дзе вы пабывалі на экскурсіях разам з "Клубам бабуль"?

— Доўга пералічваць давядзецца (<І>усміхаецца ). Зусім нядаўна наведалі дэльфінарый. Якое ж там было цудоўнае відовішча! Калі яно скончылася, так не хацелася ісці адтуль... Былі і ў новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі. У верасні наведалі Оперны тэатр, не абмінулі ўвагай і цырк. На пачатку кастрычніка плануем схадзіць у музей Вялікай Айчыннай вайны. Складана знайсці гарадское мерапрыемства, якое праходзіла б без нашага ўдзелу.

— І як жа вы паўсюль паспяваеце?

— Сядзець без справы і скардзіцца на здароўе — гэта не маё. Бо ад гэтага самаадчуванне не палепшыцца. Я пастаянна ў руху. А справа ў чым — я не ўмею казаць "Не!" Бо калі цябе запрашаюць на розныя вечары, экскурсіі, канцэрты — значыць, ты патрэбен людзям. А калі адмовіцца раз, другі, трэці — дык хто ж успомніць пра цябе праз год ці два? Вось як лічыце, колькі мне настукаў гадзіннік жыцця?

— Мабыць, шэсцьдзесят?

— Памыліліся, і да таго ж нашмат. Мне ўжо семдзесят два! А гэта дзякуючы не толькі таму, што я не даю сабе, як той казаў, "закіснуць". У мяне ёсць адпаведны дэвіз. "Семдзесят два залатых, пяцьдзесят два з іх — працоўных. Семдзесят два мне ўжо прастукала, але гэта не гады. Семдзесят два — гэта толькі імгненне". Да таго ж раней я працавала ўрачом-валеолагам. Таму выдатна ведаю, што значыць здаровы лад жыцця.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота Надзеі БУЖАН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Старасць — не радасць". Такая думка хоць аднойчы праносілася ў галаве кожнага пажылога чалавека. Гэта і нядзіўна — з узростам абвастраюцца хваробы, паціху...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика