З павагай да паважанага ўзросту
03.10.2012
—
Новости Общества
|
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведаў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Стаўбцоўскага раёна, дзе пагутарыў з насельнікамі і азнаёміўся з умовамі іх пражывання. Гэтая ўстанова была пабудавана ў маі 1979 года. Сёння тут знайшлі прытулак 327 удзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працы, ахвяр канцэнтрацыйных лагераў і пажылых людзей. Сярэдняя працягласць жыцця насельнікаў — 83 гады. Для іх створаны выдатныя бытавыя ўмовы. У прыватнасці, пажылых людзей селяць у пакоі з улікам стану здароўя, узросту, асаблівасцяў характару і асабістага жадання. Яны атрымліваюць поўны комплекс аздараўленчых, медыцынскіх паслуг. У інтэрнаце абсталявана зала лячэбнай фізкультуры, арганізаваны фізіялячэнне, фітатэрапія, рэлаксацыя і масаж, ёсць бібліятэка, дзе налічваецца больш за 8 тыс. кніг, 52 тэлевізары і 162 радыёпрыёмнікі. Да паслуг пенсіянераў разнастайныя творчыя майстэрні, студыі, гурткі, дзе кожны ахвотны можа рэалізаваць свае здольнасці. — Людзям, якія аддалі ўсё жыццё працы, патрэбна не толькі матэрыяльная падтрымка, але і ўвага. Дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць пажылых людзей, ствараць неабходныя ўмовы для таго, каб іх жыццё было паўнацэнным. Разам з тым трэба, каб і члены сям'і клапаціліся аб сваіх родных. І тут павінен спрацоўваць не столькі закон, колькі асабістае сумленне. У гэтым кірунку работы яшчэ шмат, і мы будзем яе ўдасканальваць, — адзначыў кіраўнік урада. У Беларусі налічваецца 2,5 млн пенсіянераў, у тым ліку 127 тыс. адзінокіх. У першую чаргу для гэтых людзей дзяржава павінна ствараць належныя ўмовы, каб яны годна жылі ў старасці. За астатнімі павінны даглядаць сем'і, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Што датычыцца прафсаюзаў, то тут таксама ёсць пытанні, — заўважыў прэм'ер-міністр. — Калі чалавек працуе і плаціць членскія ўзносы, то прафсаюзнай арганізацыі ён патрэбны. Калі ж пайшоў на пенсію, то пра яго забываюць. У лепшым выпадку ўспомняць прафсаюзнага лідара ці былога кіраўніка прадпрыемства. Трэба пра ўсіх пенсіянераў аднолькава клапаціцца. І, вядома, прадпрыемствы таксама павінны дбаць пра сваіх пенсіянераў, якія тут працавалі. Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што ў Беларусі фонд сацыяльнай абароны насельніцтва не дэфіцытны, як у шэрагу іншых дзяржаў. "Гэта сведчыць пра здароўе нашай эканомікі, што дазваляе дастаткова ўстойліва фарміраваць фонд сацыяльнай абароны і своечасова вырашаць пытанні пенсійнага забеспячэння. Трэба імкнуцца да таго, каб пенсія складала прыкладна 60% заробку. Гэта тое, што гарантуе дзяржава. Але і людзі павінны думаць пра старасць і рабіць адпаведныя накапленні, а не разлічваць толькі на сацыяльную падтрымку". Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведаў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Стаўбцоўскага раёна, дзе пагутарыў з...
|
|