Беларус, якога ведае ўвесь свет
03.10.2012
—
Новости Общества
|
Язэп Драздовіч — велічыня "зорная" Многія беларусы не раз пабывалі за мяжой. Напрыклад, у Германіі, Францыі... Інтэлігентны турыст не можа не пабываць, напрыклад, у славутай Дрэздэнскай карціннай галерэі ці ў Луўры. А ці ўсе ведаюць, што ў беларускай вёсцы (аграгарадку) Германавічы Шаркаўшчынскага раёна захоўваюцца арыгіналы твораў мастака, славутага на ўвесь свет? Яго незвычайныя творы, намаляваныя дываны на чорным палатне мараць выставіць у тым жа Луўры. Язэп Драздовіч, магчыма, і не такі славуты мастак, як Шагал, ды ўсё ж велічыня ў мастацтве "зорная". Дарэчы, ён першым з беларускіх мастакоў распачаў касмічную тэматыку, быў тэарэтыкам даследавання космасу. Музей у былой галубятні Музей культуры і побыту ў вёсцы Германавічы знаходзіцца на вуліцы Школьная. Вядомы ён як музей Язэпа Драздовіча. Размешчаны ў будынку, пабудаваным у 1782 годзе. Тут знаходзілася сядзіба пана Ігната Шырынава. Дырэктар Людміла Навіцкая паказвае прыстасаванне, каб рабіць каўбасу. — Ёсць легенда, што ад гэтага будынка да касцёла, які быў пабудаваны ў 1787-м, вёў падземны ход, — расказвае дырэктар музея Людміла Навіцкая.— Але пры будаўніцтве моста ход быў пашкоджаны і заліты вадой. А яшчэ раней вёска належала Сапегам, да 1939-га тут пражываў род пана... Там, дзе зараз працуе музей, калісьці праводзілі заняткі для школьнікаў, школа існавала да 1981 года. "Камчатка" — так называлі школьнікі частку панскага дома, дзе цяпер музей. Стваралі музейную экспазіцыю дзякуючы ініцыятыве Ады Райчонак, настаўніцы школы. Вучні ёй актыўна дапамагалі. А ў 1992-м музей стаў дзяржаўным. — Тут, у гэтых памяшканнях, дзе цяпер музей, выкладалі працоўнае навучэнне і галубоў лічылі, — жартуе дырэктар музея. — Зараз школа знаходзіцца ў новым будынку, а нашы суседзі — садок. Музей месціцца ўсяго ў чатырох пакоях. Але ж якое багацце, этнаграфічнае і мастацкае, там прадстаўлена! На першым паверсе можна ўбачыць прадметы побыту нашых продкаў. Вось посуд, побач кавальскія вырабы. А гэта ручное абсталяванне для таго, каб каўбасу рабіць: пхаць пальцам, як у народзе кажуць. Ёсць швейная машынка "Зінгер", якая ў сярэдзіне 1920-х каштавала аж 425 злотых, і толькі вельмі заможны мог яе набыць. Гэты экспанат — вельмі "разумная" машына: маглі на ёй і кажухі шыць, і тонкую тканіну. Ёсць у музеі і пакой ткацтва. Расказала дырэктар як спецыяльным грэбнем, які захоўваецца тут жа, жанчыны часалі "на ваду" валакно, пакуль не асядзе пыл. У выніку атрымлівалі палатно вельмі высокага гатунку. Пралі пры дапамозе прасніцы, якая стаіць за калаўротам, побач верацяно для накручвання ніткі... У музеі ёсць і вырабы: дываны, адзенне... Амаль што ўсе этнаграфічныя экспанаты — мясцовыя. Вельмі рэдка ў старадаўнія часы можна было сустрэць у хатах аднолькавыя посцілкі. Апошнія можна было літаральна чытаць, як пісьмо: кожны ўзор — сімвал, які нешта значыў, сімвалізаваў тое, што нашы продкі прасілі ў Бога. Напрыклад, прасілі сонейка, вады, каб добры ўраджай быў. А вось узор, які абазначае засеянае поле. Пры вырабе посцілак выкарыстоўвалі натуральныя фарбы. Каб чорны колер атрымаць, намочвалі лісце дуба, каб зялёны — намочвалі маладзенькія лісточкі бярозы, для атрымання чырвонага колеру выкарыстоўваліся кара рабіны, бурак. Бяздомны... геній Экспанаты, якія расказваюць пра жыццё і творчасць Язэпа Драздовіча (1888—1954), размешчаны на другім паверсе невялічкага музея. Вядома, што мастак вандраваў ад вёскі да вёскі. Пакуль, як біёграфы пішуць, не замерз аднойчы на дарозе, дзе і знайшлі яго сяляне. Пахаваны ў Глыбоцкім раёне. Сучаснікам дзядзька Язэп, як яго часта называлі, запомніўся тым, што з сабой заўсёды насіў фарбы і паперу. Ён не толькі мастак. Вывучаў космас (любімая планета Сатурн), займаўся раскопкамі і апісаў каля дзясятка археалагічных помнікаў, адкрыў стаянкі людзей каменнага і бронзавага вякоў... Этнограф, паэт, фалькларыст, жывапісец, графік, астраном, стваральнік чарцяжоў руху нябесных сфер і касмічных караблёў, тэарэтык існавання жыцця на іншых планетах, настаўнік — гэта ўсё пра яго. Нездарма яго параўноўваюць з вялікім Леанарда да Вінчы. — Пры жыцці ўсе лічылі Язэпа дзіваком. Настаўнічае дзесьці, і ў Мінску таксама, купляе фарбы і піша. У Сталіцы — вёска недалёка ад Германавічаў — адкрыў школу з беларускай мовай навучання, — працягвае дырэктар музея. — Вядома, заможныя людзі плацілі яму за маляваныя творы. Часта Драздовіч разлічваўся за начлег у бедных людзей дыванамі-маляванкамі. Цудам захаваліся творы Драздовіча, напрыклад, "Звяры-музыкі", іншыя. Усе яны, прадстаўленыя ў нашым музеі, акрамя графікі, арыгінальныя. Дываны захоўваліся ў тутэйшых Цікава, што ў музеі ёсць экспанаты, якія дарылі наведнікі. У аграгарадок, каб наведаць музей, прыязджалі госці з ЗША — самі па сабе, былі і арганізаваныя групы турыстаў з Польшчы, Расіі, Украіны, падчас фестывальнага "базару" ў Віцебску прывозілі турыстаў з Германіі. 42 карціны і дываны-маляванкі і больш за 70 ксеракопій графікі прадстаўлены ў музеі. — "Валацуга нейкі, выпіць любіў, хадзіў з кійкамі, якія, дарэчы, ёсць у экспазіцыі, ад хаты да хаты, а па сутнасці, жылля свайго не меў" — так раней казалі пра генія. І бульбу накрывалі "дыванамі Драздовіча", і на печы іх клалі... Усе экспанаты ў людзей знаходзілі. Хто сам штосьці прыносіў. І зараз некаторыя прыносяць. Канешне, каб аднавіць арыгіналы работ, патрэбны сродкі, ды ў нас толькі адзін рэстаўратар па жывапісе на ўсю вобласць — у Віцебскім краязнаўчым музеі, — расказвае дырэктар музея. — А дзе ўзяць грошы на рэстаўрацыю? Вось сродкі на буклеты патрэбны — 6,8 мільёна рублёў. Тут жа бясцэнныя творы, арыгіналы. Наколькі я ведаю, калі дырэктар Луўра прыязджаў у Мінск, дык выбраў толькі творы Драздовіча, каб прадставіць іх на выставе ў Францыі. Экспазіцыя наша стваралася 20 гадоў таму, але нічога не мяняецца. Трэба мадэрнізаваць музей, але за што? Сапраўды, гэты сельскі музей заслугоўвае падтрымкі. Тым больш што, на думку спецыялістаў, па багацці сваёй калекцыі яго смела можна лічыць адным з самых унікальных ва ўсёй краіне. Асабіста мне хочацца шчыра параіць чытачам абавязкова сюды прыехаць. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Шаркаўшчынскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Язэп Драздовіч — велічыня "зорная" Многія беларусы не раз пабывалі за мяжой. Напрыклад, у Германіі, Францыі... Інтэлігентны турыст не можа не пабываць,...
|
|