Дзікая гісторыя пра фермера
04.10.2012
—
Новости Общества
|
![]() У Ляхах даўно спеў канфлікт. Васіль Салтруковіч займаецца фермерствам добрыя 20 год, аднак апошнім часам, калі яго статак разросся амаль што да 40 галоў скаціны, адносіны між ім і ляхоўцамі напружыліся да мяжы. Справа ў тым, што суседзі не падзяляюць яго інавацыйнага падыходу да развядзення кароў. Метады гаспадарання ў Васіля Салтруковіча сапраўды нязвычныя. Гаспадар не мае нічога, што нават аддалена нагадвала б ферму, – усе яго каровы і быкі жывуць выключна на свежым паветры. І не толькі ў цёплыя месяцы года, але і зімой. За такую вольнасць жывёлы плацяць тым, што самі дбаюць сабе пра харчаванне. Зноў жа такі круглы год. Фермер не нарыхтоўвае ім на зіму ні сена, ні саломы.
Можа, і не было б нікому да гэтага справы, каб Васіль Салтруковіч пасвіў статак выключна на адведзеных яму 6 гектарах пашы. Але на іх ужо даўно ўсё з’едзена, таму каровы мірна пасвяцца на пасевах ААТ “Пружанскае” і на чужых агародах. Вось гэта і выклікае найбольшыя нараканні ляхоўцаў.
− Адзін дзень ляжыць бычок на агародзе (бачылі б вы таго бычка!), другі дзень ляжыць, трэці дзень – зноў ляжыць! – расказвае 80-гадовая жанчына.− Паспрабуй яго прагані! То я саломы запаліла, кінула, пааа-йшоў да суседа бушаваць. Мне пасля дзеці кажуць: “Ой, мама, нашто ж ты ішла! Табе тых буракоў шкада? А раптам кінуўся б на цябе?”. І які ад таго фермера толк? Ён малака не здае, мяса не здае, падаткаў не плаціць. Навошта яны яго трымаюць?”.
Яе суседка такога ж узросту, у якой у дадатак няма агароджы, са слязьмі дадае: “Выкапала цыбулю, паклала сушыцца, прыходжу – ані цыбулькі не засталося. Усё быкі паелі. А хіба я для іх вырошчвала? І дзе тыя ўлады? Чаму яны нас ад гэтага фашыста не абароняць?”.
Маладзейшыя ляхоўцы гавораць спакайней, але крыўду на Салтруковіча маюць таксама. Напрыклад, у Міхася Шпарло статак з’еў толькі што пасаджаны сад. Страты былі ацэненыя ў 13 мільёнаў. Увогуле ж фактычна кожны чалавек у Ляхах можа прыгадаць, якую шкоду яму нарабіў Салтруковіч са сваім статкам.
Спытаемся ўслед за народам: чаму мясцовыя ўлады законнымі метадамі не ўплываюць на ўласніка статка?
− Па адміністратыўным кодэксе рэагаваць мы павінны толькі на пісьмовыя звароты, − тлумачыць старшыня сельскага Савета Уладзімір Яцкевіч.− Калі ж людзі хочуць атрымаць кампенсацыю за страты, яны могуць звяртацца ў суд. На сённяшні дзень у судзе знаходзяцца 3 справы. Салтруковіч усімі сіламі валакіціць, таму мы з сакавіка не можам завяршыць ні адзін працэс. Ён ніяк не хоча зразумець людзей, фактычна здзекуецца з іх. А паўплываць на яго не так і проста. У 2009 годзе мы ўжо спрабавалі пазбавіць яго фермерства, але суд не прыняў нашыя аргументы. Наяўнасць скаціны паслужыла нагодай захаваць фермерскую гаспадарку. Хаця ў Салтруковіча няма ні пячаткі, ні рахунку ў банку, ні бухгалтарскіх дакументаў, ні перарэгістрацыі. Іншага прадпрымальніка за любое з гэтых парушэнняў ужо пазбавілі б ліцэнзіі.
Але ў пазбаўленні фермерства Васіля Салтруковіча старшыня сельсавета таксама не бачыць выйсця са складанай сітуацыі:
− Пазбаўленне фермерства не дае падстаў забіраць у яго скаціну. Гэта значыць, праблемы нікуды не падзенуцца. Салтруковіча наогул цяжка зразумець. Ён не мае са сваіх кароў ніякага прыбытку. Напэўна, займаецца эксперыментамі, ці можа выжыць скаціна ў экстрэмальных умовах. Другога тлумачэння я асабіста не бачу. Сам ён кажа, што праз кароў мае сувязь з Космасам.
Незадаволеныя настроі ляхоўцаў даходзяць да эпагею. Яны то просяць мясцовую ўладу і міліцыю знайсці спосаб паўплываць на мучыцеля, то пагражаюць самарасправай, калі нічога не зменіцца. Ім раяць падаваць іскі на кожную патраву. Грошай плаціць штрафы ў фермера няма, значыць суд будзе канфіскоўваць скаціну да таго часу, пакуль статак не перастане пасвіцца на чужых падвор’ях.
А фермер што? А фермер сцвярджае, што ўся вёска на яго нагаворвае:
− Пакажыце мне хоць аднаго чалавека, у якога мае каровы ці быкі зрабілі шкоду. Хай ён мне ў вочы скажа гэта.
− Дык вы не верыце, што ваш статак прыходзіць у двары?
− Таму што гэтага не было.
Міліцыі Васіль Салтруковіч таксама знаходзіць што адказаць – няма такога закона, які б забараняў свабодны выпас скаціны. Што ж тычыцца метадаў гаспадарання, фермер тлумачыць іх вывядзеннем новай пароды кароў. Пры гэтым пацвярджае чуткі, што пару год таму халоднай і снежнай зімой ён страціў каля 15 галоў – жывёлы проста памёрлі ад голаду і холаду. Чаму так атрымалася, не тлумачыць, гаворыць коратка: “Гэта мая памылка”.
Суседзі, дарэчы, просяць абароны не толькі для сябе, але і для кароў Салтруковіча, якіх яны зусім не лічаць шчаслівымі ад бязмежнай свабоды:
− Няўжо ў Беларусі няма ніякай арганізацыі, якая б кантралявала абыходжанне з жывёламі? – абураюцца яны.− Ён жа здзекуецца з іх. Адна карова нагу паламала, дык ён ні разу не прынёс ёй паесці і папіць. Суседзі насілі ёй корм у поле, шкада ж жывёліны.
Хочацца спадзявацца, што Васіль Салтруковіч перагледзіць свае сельскагаспадарчыя падыходы і зоймецца навукай так, каб ад гэтага не цярпелі ні людзі, ні каровы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Ляхах даўно спеў канфлікт. Васіль Салтруковіч займаецца фермерствам добрыя 20 год, аднак апошнім часам, калі яго статак разросся амаль што да 40 галоў скаціны,... |
|