Яблычна-вішнёвы курорт Чабатароў, або Як вырошчванне садавіны і ягады зрабіць прыбытковым бізнэсам?. 21.by

Яблычна-вішнёвы курорт Чабатароў, або Як вырошчванне садавіны і ягады зрабіць прыбытковым бізнэсам?

06.10.2012 12:40 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яблычна-вішнёвы курорт Чабатароў, або Як вырошчванне садавіны і ягады зрабіць прыбытковым бізнэсам?

  • Надзея ДРЫЛА, Фота аўтара, Звязда

           


Прадпрымальныя Віктар і Надзея Чабатары заўсёды лічылі фермерства справай сямейнай. Таму і дзяцей сваіх змалку настройвалі на тое, што пасля заканчэння ўніверсітэтаў трэба вяртацца на малую радзіму. І што вы думаеце — вярнуліся. Сын Віктар працуе ў бацькоўскай гаспадарцы аграномам, дачка Вікторыя — эканамістам-менеджарам.

"Пачыналася ўсё з... памідораў"


"Акрамя ўборкі, да 10 кастрычніка ні пра што не магу думаць", — выпаліў яшчэ па тэлефоне галоўны інжынер (кіраўнік — жонка) адной з самых вялікіх у Беларусі сялянскіх гаспадарак "Антэй-сад" Віктар Чабатар. Але на сустрэчу ўсё ж такі згадзіўся. Калі ж сустрэліся, без лішніх слоў павёз на агледзіны ўладанняў.

— Вось гэта малады сад, — прыпыняе машыну на ўзбочыне. — З яго ўжо зняты яблыкі. Ажно 32 скрыні з 7 гектараў. Я і яшчэ 4 чалавекі прайшлі, каб сабраць тыя яблыкі, прыкладна па 3 кіламетры кожны. Як ні круці, але, каб пастаянна мець добры ўраджай, трэба садзіць і садзіць сады.




Праязджаем далей. Такое адчуванне, што трапляем у яблычны рай. Куды ні кінь вокам — паўсюдна дрэвы, усыпаныя крамянымі яблыкамі. Фермер заглушае матор, выходзіць з машыны і накіроўваецца да самай прыгожай яблыні.

— Гэта "Антэй", частуйцеся! (працягвае мне толькі што сарваны апетытны яблык) . Дарэчы, адзін з маіх самых любімых гатункаў. Мы нават сваю гаспадарку ў гонар яго назвалі. У свой час гэта быў вельмі папулярны ў Беларусі гатунак. Цяпер яго звялі. І вельмі дарэмна. Мы адны з нямногіх, хто яго вырошчвае.

Вырошчваюць фермеры з Восава не толькі беларускія гатункі яблыкаў (хоць іх пераважная большасць), але і гатункі польскай, канадскай, рускай селекцыі. Праўда, як высветлілася, пачыналася ўсё зусім не з яблынь...

— Пасля ўніверсітэта я зрабіў дома дзве цяпліцы: адна была з памідорамі, другая — з агуркамі. Калі ажаніўся, гэтыя цяпліцы падзялілі. Я даглядаў за памідорамі, жонка — за агуркамі. Вынікі былі ашаламляльныя: мы проста не ведалі, куды тыя агуркі і памідоры падзець.

Першы ж сад Віктар Іосіфавіч пасадзіў, калі працаваў кіраўніком калгаса.

— У калгасе нічога не было, акрамя быкоў і кароў. А хацелася штосьці такое прывабнае для людзей. Вось і пасадзілі 50 гектараў саду за 2 месяцы. Тады я ў гэтым мала што разумеў... Гэта цяпер удзельнічаю ў розных навуковых канферэнцыях. Ведаеце, чаго я ад сябе не чакаў? Таго, што ў 50 гадоў з адукацыяй інжынера буду штосьці казаць пра садоўніцтва (смяецца ).

"Па садоўніцтве не прачытаў ніводнай кніжкі"

Ішоў час. Ініцыятыўнага кіраўніка калгаса ўсё часцей пачала наведваць думка абзавесціся ўласным садам.

— 15 гадоў таму ў нас з Надзяй было толькі 18 гектараў сельгасугоддзяў, — узгадвае фермер. — На іх мы і пасадзілі яблыні. Тады я і падумаць не мог, што ў мяне некалі будуць такія аб'ёмы — 20 тон у дзень яблыкаў збіраем. Сёння ж у Мядзельскім і прылеглых раёнах большых садоў, чым мой, няма.

І гаворка тут ідзе не толькі пра 40 гектараў яблыневых садоў, але і пра адзін з самых вялікіх у рэспубліцы вішнёвы сад — каля 30 гектараў. Сёння сярэдняя ўраджайнасць 1 гектара вішні Чабатароў складае 10-12 тон.

— Віктар Іосіфавіч, многія фермеры скардзяцца на праблемы з рэалізацыяй ягад. Маўляў, часам выгадней пакінуць іх гніць на дрэве, чым наймаць людзей для іх збору...

— Мы пайшлі па іншым шляху. Разумеем, што немагчыма ўсё сабраць самім. Акрамя ж яблыкаў і вішань, вырошчваем яшчэ і суніцы, маліны... Аб'ёмы сур'ёзныя. Таму любы ахвотны можа запісацца і прыехаць да нас, каб сабраць для сябе патрэбную колькасць ягад. Ахвотнікаў хапае, бо ягады тут абыходзяцца значна танней, чым на рынку. У асобныя дні на плантацыі прыязджае да некалькіх сотняў чалавек.

У наступным годзе фермер плануе купіць польскі камбайн для збору вішні і прадаваць яе ў замарожаным выглядзе. Бо плошчы пад гэтай ягадай неўзабаве павялічацца ажно да 100 гектараў.

— У садзе заўсёды больш расчараванняў, чым радасці, — прызнаецца гаспадар яблыневага раю. — І да гэтага трэба быць маральна гатовым. Люблю, калі сад квітнее, калі ён пад яблыкамі. Але вельмі сумна, калі недзе недапрацаваў са сродкамі абароны. З 1997 па 2000 год было ўсякае, бо не хапала ведаў (жонка ў мяне былы гандлёвы работнік, я інжынер). Тое, што садзілі, гінула вельмі хутка. І толькі пасля таго, як звярнуўся да навукі, штосьці стала атрымлівацца. Цесна супрацоўнічаю з прафесарамі і дактарамі навук Інстытута пладаводства, з Інстытутам аховы раслін нашай Акадэміі навук. Маю шмат сяброў і ў Польшчы. Беларускія навукоўцы і польскія фермеры — мае асноўныя кансультанты. Ніводнай кніжкі не прачытаў па садоўніцтве, паверце. Вось размаўляем, як з вамі. Як кажуць, не май 100 рублёў, а май 100 сяброў.

Хоць і без грошай, безумоўна, у такой справе ну ніяк.

— У межах праграмы развіцця пладаводства на 2004-2010 гады мы атрымалі значную фінансавую дапамогу ад дзяржавы — субсідыі, ільготныя крэдыты, выгадныя пазыкі, — распавядае Віктар Іосіфавіч. — Дзяржава нам дапамагае вельмі шмат і цяпер. Толькі дзякуючы дзяржаўным інвестыцыям у снежні 2011 года пабудавалі новае сучаснае сховішча ёмістасцю 1000 тон. Гэта вялікае падспор'е для гаспадаркі. Цяпер мы можам пашыраць плошчы пад пладовымі дрэвамі і забяспечыць па гэтых відах прадукцыі стапрацэнтнае імпартазамяшчэнне на тэрыторыі раёна. Думаю, мы апраўдалі аказаны давер на ўсе сто, беларускай сельскай гаспадарцы за нас не сорамна.

На новым сучасным складзе Чабатары плануюць захоўваць не толькі свае яблыкі, але і імпартную садавіну: вінаград, апельсіны, мандарыны. З гэтай мэтай вядуць перагаворы з малдаванамі, палякамі, грэкамі.

— Будуць зімаваць на складзе таксама морква, буракі і яблыкі для дамоў адпачынкаў, школ, — дадае Віктар Іосіфавіч. — Бо школьныя падвалы не прыстасаваны для працяглага захоўвання гародніны. Мы ж цяпер у вялікіх аб'ёмах можам захоўваць яе якаснай да новага ўраджаю.

"А чацвёрты чалавек на гэты яблык нават не паглядзіць"

Тэлефон Віктара Іосіфавіча разрываўся ад званкоў, таму ён перадаручыў мяне аднаму са сваіх лепшых работнікаў, Аляксею Мажэйку. Хлопец трэці год працуе ў гаспадарцы "Антэй-сад" інжынерам-энергетыкам.

— Я жыву з Віктарам Іосіфавічам па суседстве, з яго сынам Віцем змалку сябрую, з трэцяга курса тут на практыцы, таму і папрасіў, каб мяне пасля ўніверсітэта размеркавалі сюды, — распавядае малады чалавек. — Давайце я вам пакажу новы цэх, дзе вырабляюцца натуральныя сокі з яблыкаў і сухафрукты. Я за яго адказваю з самага пачатку, нават пашчасціла разам з польскімі мантажнікамі абсталёўваць яго. Пастэрызацыя нашых сокаў адбываецца пры 70 градусах — гэта дазваляе захаваць максімум карысных рэчываў.




Як высветлілася, "Антэй-сад" вельмі мала працуе з гандлем. Наліўныя, румяныя яблыкі, сокі, сухафрукты пастаўляюцца ў асноўным у санаторыі, школы, дзіцячыя садкі Мядзельшчыны, па суботах прадаюцца на рынку ў раённым цэнтры.

— Рэалізоўваем прадукцыю і на экспарт. На аднаго рабочага мы сёлета, напэўна, тысяч па 12 еўра прывязём, — распавядае фермер. — З "Еўраопта" нядаўна на мяне выйшлі, хочуць супрацоўнічаць. Але працаваць з гандлёвымі сеткамі вельмі цяжка. Цяжка перш за ўсё да іх патрабаванняў падысці. Дастаўка тавару ў прызначаны час, аплата, як я яе называю, — калі-небудзь. Тое, што не рэалізавана, абавязаны забраць сабе назад. І калі вы звярталі ўвагу, у скрыні ляжаць яблыкі. Чалавек праходзіць і не праміне, каб не націснуць пальцам на гэты яблык. Я націснуў, вы, Сцяпанавіч — чацвёрты чалавек на гэты яблык нават не паглядзіць. Сама схема рэалізацыі нашага прадукту не павінна быць такой. Таму жадання працаваць з гандлёвымі сеткамі пакуль няма ніякага. Толькі калі яны пераканаюць мяне ў тым, што гэтая праца будзе плённай, будзем працаваць. Што тычыцца прасоўвання прадукцыі, то ў гэтым плане ў мяне вялікія спадзяванні на дачку, якая сёлета скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці "Эканаміст-менеджар".

"Я свайго жыцця без гэтых месцаў не ўяўляю"

Сёння ў "Антэй-садзе" працуюць 15 штатных супрацоўнікаў. З іх з вышэйшай адукацыяй 6 — у тым ліку Віктар Чабатар з жонкай і іх дзеці.

— Мы змалку дапамагалі бацькам, — узгадвае Віктар Чабатар-малодшы, які два гады таму скончыў біялагічны факультэт БДУ. — Мне было 9 гадоў, калі пасадзілі першы сад. На пытанне сяброў "Дзе правёў лета?" адказваў: "На курорце". Бо тут у нас самы лепшы загар (смяецца). Студэнты пра гэта ведаюць, таму многія з іх прыязджаюць да нас на падпрацоўку. Сёлета за 10 дзён па 2 млн зарабілі.

— Сёння людзі атрымліваюць у мяне не самую нізкую зарплату, — працягнуў грашовую тэму Віктар Іосіфавіч. — Сярэдняя зарплата па гаспадарцы каля 3 млн. За ліпень жа людзі атрымалі па

6-7 млн. Але ўсё ж тыповая для вёскі праблема з кадрамі ёсць: знайсці чалавека, які адказна ставіцца да працы, цяжка. Здавалася б, на моладзь усе спадзяванні. Але баюся, што ніякім заробкам не ўтрымаеш маладых людзей у паміраючай вёсцы. Гэта мы з жонкай свайго жыцця без гэтых месцаў не ўяўляем, бо тут усё наша, роднае, неад'емнае. Прыкладу ўсе намаганні, каб сваіх дзяцей пакінуць на вёсцы. А вось што тычыцца астатніх, то, баюся, з'едуць яны туды, дзе ёсць інфраструктура: клубы, тэатры, добрыя крамы... Балюча бачыць, як пусцеюць вёскі, як не знаходзіцца гаспадара...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадпрымальныя Віктар і Надзея Чабатары заўсёды лічылі фермерства справай сямейнай. Таму і дзяцей сваіх змалку настройвалі на тое, што пасля заканчэння...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика