Таццяна Шамякіна: 2. «Джон Кенэдзі бацьку спадабаўся, а Нью-Ёрк не ўразіў» . 21.by

Таццяна Шамякіна: 2. «Джон Кенэдзі бацьку спадабаўся, а Нью-Ёрк не ўразіў»

12.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Працяг.Пачатак у нумары за 11 кастрычніка.

— Таццяна Іванаўна, а як пазнаёміліся вашы бацькі?

— Бацькі пазнаёміліся такім чынам. Бацька таты — мой дзядуля — быў ляснік. Яго даволі часта пераводзілі з месца на месца. У пачатку трыццатых гадоў ён служыў каля Гомеля, у вялікай, як мястэчка, вёсцы Церуха. Там мой бацька вучыўся ў пятым класе разам з дзяўчынкай, якая пазней стала яго жонкай. Яе звалі Марыя. Разам яны правучыліся ў школе ўсяго адзін год. А пасля, калі ўжо вучыліся ў сярэдніх навучальных установах у Гомелі, выпадкова сустрэліся ў кіно. Пазналі адзін аднаго, пачалі сустракацца. І ажаніліся ў 1940 годзе.

— Былі ж яшчэ зусім маладыя?

— Так. Ім па дзевятнаццаць гадоў было. І гісторыю свайго кахання, і шмат аўтабіяграфічных момантаў на фоне драматычных падзей гісторыі Шамякін апісаў у вядомым рамане-пенталогіі «Трывожнае шчасце».

— Таццяна Іванаўна, цікава, якім ваш бацька быў дома, у сям’і?

— Хоць ён вельмі многа працаваў, але займаўся дзецьмі. Асабліва я ўдзячна бацьку вось за што. Па-першае, мне ён, напрыклад, шмат чытаў. Маё дзяцінства прайшло менавіта пад знакам кнігі. Бацька прывозіў з Масквы цудоўныя дзіцячыя выданні, якія тут немагчыма было купіць. А там жа працавала кнігарня пісьменніка. І ён мяне прывучыў да чытання, я стала такой жа кнігалюбкай, як ён, як мой настаўнік Іван Навуменка. Бацькі і іх сябры ў той час з вялікай прагнасцю набывалі кнігі, стваралі свае ўласныя бібліятэкі. Хваліліся адзін перад адным падпіснымі выданнямі, які чарговы том якога аўтара ім прыйшоў. Дарэчы, маці ў мяне таксама філолаг. Яна скончыла рускае аддзяленне педінстытута, калі ўжо мела траіх дзяцей. А да вайны за яе плячыма засталося медыцынскае вучылішча, яна працавала на вёсцы фельчарам-акушэрам. Інстытуцкі дыплом атрымала з адзнакай, вучылася на адны пяцёркі. Гэта таксама спрыяла маёй любові да кнігі. Вось, напрыклад, яна вучыць што-небудзь, а я каля яе сяджу і прашу, каб яна мне таксама чытала і нешта расказвала. А яшчэ бацькі заўсёды выпісвалі шмат розных выданняў. І гэта таксама настолькі ўкаранілася ў сям’і, што я да сёння выпісваю аж дваццаць часопісаў і газет. І хоць стала цяжка з грашыма, ды і Інтэрнэт існуе, але я не магу парушыць добрую сямейную традыцыю.

— Акрамя кніг, што цікавіла Івана Шамякіна? Былі ж нейкія захапленні?

— Яны з Андрэем Макаёнкам былі заўзятымі рыбакамі. У маладосці часта выязджалі на рыбалку. Пасля ў іх была яшчэ адна прага: кожнае лета збіраліся абысці пешшу Беларусь. Трыццаць гадоў з імі жыла гэтая блакітная мара, яны абмяркоўвалі маршруты, сядзелі каля геаграфічнай карты, але… так і не сабраліся.

Акрамя таго, бацька любіў збіраць грыбы. І яму неяк заўсёды вельмі шанцавала.

— Сын жа лесніка!

— Так. Шанцавала нават у негрыбныя гады. А ведаеце, гэта ад назіральнасці. Менавіта пісьменніцкай. Ён бачыў так, як мы не бачым.

— Ці цягнула вашага бацьку на малую радзіму — у вёску Карма Добрушскага раёна? Ці часта ён там бываў? А вы? Вашы дзеці?

— Ён бываў, але не падоўгу. Значыць, не цягнула. Справа вось у чым. Сапраўды, ён нарадзіўся ў Карме. Але не вельмі доўга яны там пражылі. Дзед жа — ляснік, яго перакідвалі з месца на месца па ўсёй Гомельшчыне. І бацька неяк больш прыкіпеў душой менавіта да Церухі. Адтуль родам мама. На грошы ад Сталінскай прэміі ён купіў звычайны вясковы дом у Церусе, і мы туды пастаянна ездзілі, жылі кожнае лета. Вядома, з Церухі мы штогод выбіраліся да бабулі і дзядулі ў Карму.

— Таццяна Іванаўна, а бацькоўскія хаты ў Карме і Церусе захаваліся?

— У Церусе мы ў 90-я гады дом прадалі. Таму што туды перасталі ездзіць, настолькі былі цяжкія гады. Акрамя таго, пасля смерці майго брата маці і бацьку стала ўсё нецікава.

Я вельмі любіла тую хату ў Церусе. Купіў яе чалавек, які працуе да гэтага часу на Поўначы, ён яе не перарабляў. На гэты дом гомельскія ўлады, дзякуй ім, павесілі мемарыяльную дошку ў гонар Івана Шамякіна. Відаць, ва ўлад ёсць нейкі праект, але, як заўсёды, грошай, а можа, і нашай ініцыятывы не хапае, каб стварыць там мемарыяльнае месца. Бо сама мясціна вельмі прыгожая.

А ў Карме паставілі помнік- бюст Івану Шамякіну, але дом не захаваўся. Бюст стаіць на цэнтральнай плошчы, недалёка ад царквы Іаана Кармянскага. І гэта нядрэнны помнік.

— Ці расказваў ваш бацька пра нейкія цікавыя сустрэчы, паездкі? Я ведаю, што лёс закінуў яго і ў Нью-Ёрк…

— Асабліва часта ён ездзіў за мяжу ў 50—60-я гады, калі быў маладзейшы. У Нью-Ёрк трапіў у 1963 годзе, на сесію Генеральнай Асамблеі ААН. Прытым гэта аказаўся той год, калі забілі прэзідэнта Джона Кенэдзі. Так што мой бацька яго яшчэ бачыў. З-за праблем са здароўем ён пакінуў Асамблею раней на некалькі тыдняў. І якраз як толькі ён прыехаў дахаты, прыйшло паведамленне, што забілі прэзідэнта ЗША. Джон Кенэдзі бацьку спадабаўся. А Нью-Ёрк, наадварот, не ўразіў. Бацьку было цяжка і дрэнна ў шумным вялікім мегаполісе. Ён — лясны чалавек, выхаваўся і вырас на прыродзе. І яго ўсё гняло ў Нью-Ёрку. Беларусы ж такія (смяецца). Памятаеце, Коласу Парыж не спадабаўся.

Многія беларускія пісьменнікі ездзілі на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН: і Максім Танк, і Пятрусь Броўка, і Пятро Глебка, і іншыя. Шамякіну яшчэ адзін раз прапаноўвалі паехаць, але ён адмовіўся, таму што не спадабалася.

Я памятаю, з той паездкі ў Нью-Ёрк бацька прывёз амерыканскі хлеб, падобны да гумы. Ад яго проста агіда ўзяла, немагчыма было разжаваць. Тады ўжо было шмат хіміі ў прадуктах.

А так бацька шмат якія краіны наведаў. Польшчу, Фінляндыю некалькі разоў, Чэхаславакію, Балгарыю, Румынію, Аўстрыю. Разам з маці падарожнічаў па Дунаі. Яны тады наведалі адразу сем ці восем краін. І ва ўсіх савецкіх рэспубліках ён пабываў, прычым па некалькі разоў. Ва Украіну ўвогуле ледзьве не кожны год ездзіў, а можа, і кожныя паўгода. Там у яго жыло шмат сяброў. Між іншым, трэба сказаць, што Церуха ўсяго за восем кіламетраў ад мяжы з Украінай. І многія пісьменнікі краіны-суседкі прыязджалі да нас у госці: Ганчар, Казачэнка і інш. Іван Шамякін сышоўся з гумарыстам Сцяпанам Алейнікам, сцэнарыстам караткаметражнага фільма «Сабака Барбос і незвычайны крос», дзякуючы якому праславіўся рэжысёр Леанід Гайдай. Алейнік быў такі смяшлівы, дасціпны, вельмі падобны да запарожскага казака. Менавіта ён з сям’ёй асабліва часта прыязджаў да нас. Яны з бацькам любілі хадзіць на рыбалку, у грыбы. У ваколіцах Церухі азёры з так званым вадзяным арэхам, мясціны выключна прыгожыя. Ніякіх цывілізацыйных даброт тады не было. Госці начавалі ў машынах ці на сенавале — на гарышчы мой дзед сена раскладаў. І ўсё гэта ўспрымалася нармальна. Пісьменнікі ж — былыя вясковыя жыхары.

— Ці любіў нешта бацька прывозіць са сваіх паездак?

— Заўсёды прывозіў мне альбомы, паштоўкі, буклеты, усё, на што хапала грошай. Таму я стала вельмі рана збіраць мастацкія альбомы, кнігі па мастацтву. І гэта стала маёй, калі хочаце, прафесіяй, таму што ва ўніверсітэце я даўно, гадоў дваццаць пяць, чытаю курс па гісторыі і тэорыі сусветнай культуры. Такім чынам, дзіцячае захапленне перарасло ў прафесію. Акрамя беларускай літаратуры і міфалогіі, я займаюся і сусветнай культурай.

— Ці былі ў вашага бацькі, які сам пісьменнік, любімыя кнігі, якія асабліва натхнялі?

— Бацька найбольш любіў творчасць Якуба Коласа, і мне, між іншым, яго чытаў. Асабліва прозу і паэму «Новая зямля». Часта перачытваў. Можа, таму, што Якуба Коласа ён добра ведаў асабіста, доўгія гады сябраваў з сынам класіка — Данілам Канстанцінавічам. А што тычыцца Янкі Купалы, то бацька часта  сустракаўся з яго ўдавой — Уладзіславай Францаўнай (да яе смерці). Яе таксама добра памятаю, яе называлі цётка Уладзя. Яна бывала ў нас у гасцях, хоць і намнога старэйшая за бацьку.

Іван Шамякін часта перачытваў і рускіх пісьменнікаў- класікаў: Льва Талстога, Антона Чэхава і інш.

— Таццяна Іванаўна, у школе, вядома, ведалі, што вы — дачка Івана Шамякіна. Як там ставіліся да вас?

— У маім класе вучыліся і дачка пісьменніка Людміла Карпава, і дачка пісьменніка і адначасова вельмі вядомага журналіста, спецкора «Правды», Івана Новікава — Валя. Яшчэ — дачка старшыні Саўміна Кісялёва. У нас была такая школа, цэнтральная ў горадзе… Настаўнікі да нас ставіліся так жа патрабавальна, як да іншых, а можа, і больш патрабавальна. Прычым я ніколі не лезла ў нейкія функцыянеры, ніколі не займала ніякіх грамадскіх пасад — ні ў школе, ні ў ВНУ, трымалася ў баку ад мітусні.

— Як лічыце, якую галоўную спадчыну вы атрымалі ад свайго бацькі?

— Талент мастацкі я, на жаль, не атрымала.

— Але каму-небудзь з вашай сям’і дадзена творы пісаць?

— Мая старэйшая дачка Марыя — проста выдатная пісьменніца. Прафесіяналы яе вельмі хваляць, хоць яна цяпер настолькі загружаная працай, што мала друкуецца. Прычым яна з такіх людзей, якія ні ў якім разе не жадаюць сябе рэкламаваць і піярыць. Яна гаворыць: «Усё чалавеку павінна прыходзіць у час, ніякай славы мне пакуль не патрэбна!» І вельмі сціпла сябе паводзіць.

Малодшая дачка Славяна таксама піша, яе казкі чыталі па радыё яшчэ ў той час, калі яна была школьніцай. Ну а мне хоць Бог не даў асаблівага мастацкага таленту, але я павінна сказаць бацькам вялікі дзякуй за тое, што прывучылі да слова. Усё ж такі маю больш за 400 публікацый самага рознага кшталту: мемуары, успаміны пра розных пісьменнікаў, публіцыстыку, пераклады, навуковыя, навукова-папулярныя кнігі і артыкулы — па тэорыі літаратуры, славянскай міфалогіі, гісторыі сусветнай культуры.

— Мабыць, нешта са стасункаў з бацькамі вы перанеслі ў сваю сям’ю?

— Мне бацькі шмат чыталі ўслых і тлумачылі прачытанае. І тое ж я перанесла на сваіх дзяцей, лічу, што гэта самы правільны шлях у выхаванні. Я ганаруся, што прывучыла дачок да кнігі, яны таксама сталі філолагамі.

Яшчэ хачу адзначыць: бацька даволі рана навучыўся вадзіць машыну, за Сталінскую прэмію купіў «Победу», яшчэ ў 1951 го- дзе, і вазіў нас усюды, а тады машына была вялікая рэдкасць. І мы аб’ездзілі Прыбалтыку, Украіну, Расію. Шмат дзе былі, і за гэта я яму таксама вельмі ўдзячная. Бацька быў з дзецьмі ласкавы, імкнуўся выхоўваць перш за ўсё сумленне і сціпласць. У Церусе ён заўсёды працаваў да абеду, а пасля садзіў нас, а таксама суседскіх дзяцей і пляменнікаў у машыну і вазіў па розных мясцінах: на Сож, на мяжу з Украінай, у Гомель. На ўсё яго хапала. Хоць у Мінску, вядома, менш, бо тут было вельмі многа працы. Ён жа і пісьменнік, і ў Саюзе пісьменнікаў першы сакратар — на працягу многіх гадоў. А яшчэ ж дэпутат, член розных грамадскіх арганізацый. Часта ездзіў у камандзіроўкі, выязджаў у Маскву, Ленінград, іншыя гарады. Абавязкова прывозіў падарункі, заўсёды памятаў пра нас. Мяне найчасцей за іншых дзяцей вазіў у Маскву. І за гэта я ўдзячная. Паказваў там розныя музеі, Крэмль. У Трэццякоўскай галерэі шмат разоў з ім была, вельмі палюбіла. Усё, што закладаецца ў дзяцінстве, не прападае. Усё пайшло ў справу…

(Працяг будзе.)

Гутарыла Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара і з архіва Івана ШАМЯКІНА

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працяг.Пачатак у нумары за 11 кастрычніка.— Таццяна Іванаўна, а як пазнаёміліся вашы бацькі?— Бацькі пазнаёміліся такім чынам. Бацька таты — мой дзядуля —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика