– Так. Але думаю, яны ўсе сядзяць дома і не выходзяць на вуліцу. Сапраўды складваецца ўражанне, што Маладзечна – горад здаровых людзей. Але гэта не так, бо інваліды ёсць у кожным горадзе. Аксана Ігнатовіч, прадаўшчыца:
– Я часам бачу інвалідаў на вуліцы. Умовы для іх ствараюцца, але вельмі марудна. Напрыклад, грамадскія прыбіральні непрыстасаваныя для іх. А калі б былі створаныя спецыяльныя таксі, яны маглі б больш свабодна рухацца па горадзе. Марыя Юр’ева, кантралёр:
– Не думаю, што можа стварыцца такое ўражанне. Інваліды ў нас ёсць. Я бачыла невідушчых людзей, а таксама людзей на мыліцах. Калясачнікаў сустракаю радзей, але і яны ёсць. Наталля Шчаблыкіна, пенсіянерка:
– Можна так і падумаць. Для інвалідаў нязручныя нашы тратуары, на якіх няма пандусаў. Нават калі рыхтавалі горад да “Дажынак”, нічога ў гэтым плане не змянілі. Калі маладым мамам цяжка з каляскамі, то інвалідам увогуле немагчыма. Валянціна Чарняўская, прадпрымальніца:
– Думаю, інвалідам нязручна ў горадзе: няма пандусаў, спецыяльнага транспарту. Часам у іх нават няма магчымасці набыць каляскі. Калі звычайныя людзі атрымліваюць малыя пенсіі, што ж казаць пра інвалідаў? Казімір Клімантовіч, рабочы:
– На маю думку, у нашым горадзе створаныя добрыя ўмовы для інвалідаў. Яны могуць атрымліваць дапамогу ў медыцынскіх установах. Існуюць таксама сацыяльныя работнікі, які некалькі разоў на тыдзень наведваюць іх. Анатоль Сарока, рабочы:
– Я так не думаю. Інваліды на нашых вуліцах ёсць. Я бачу іх не часта. Можа, ім не вельмі камфортна ў горадзе. Але паступова ўмовы для іх ствараюцца.