«О Беларусь, ты сэрца і душа…»
26.10.2012
—
Новости Общества
|
Стаўбцоўшчына збірае гасцей на свята, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа 26 кастрычніка Рэспубліканскае свята паэзіі «О Беларусь, ты сэрца і душа...», прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, пройдзе на яго радзіме, Стаўбцоўшчыне, дзе знаходзіцца філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» з мемарыяльнымі сядзібамі Смольня, Акінчыцы, Альбуць і Ласток. Пра падрабязнасці маючай адбыцца дзеі напярэдадні журналістам расказалі намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Шэсцель і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. Праграма святкавання юбілею надзвычай насычаная. Так, у Акінчыцах гасцей будуць сустракаць героі твораў Коласа, адкрыецца выстаўка юных мастакоў Стаўбцоўшчыны, адбудуцца выступленні паэтаў-землякоў. Мемарыяльная сядзіба «Альбуць» запросіць на выстаўку-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з майстар-класамі, дзіцячую выстаўку рамёстваў і дэгустацыю старадаўніх беларускіх страў. Тут жа адбудзецца выступленне ўдзельнікаў грамадска-літаратурнай акцыі «130 прысвячэнняў Песняру». Між іншым за час яе правядзення ўжо сабрана каля сотні твораў, аўтары якіх — людзі розных узростаў, аматары і прафесіяналы паэтычнага радка. Вынікі акцыі будуць падведзены да дня нараджэння Якуба Коласа, пераможцаў чакаюць падарункі. Акрамя таго, плануецца выпуск асобнага зборніка з лепшымі прысвячэннямі. Выстаўку майстроў народнай творчасці, музычна-харэаграфічную кампазіцыю «Мой родны кут», падрыхтаваную народнымі калектывамі Стаўбцоўшчыны, выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі прапануюць гасцям у мемарыяльнай сядзібе «Смольня». Дарэчы, тут жа можна будзе наведаць закладзены летась сквер «Дрэва жыцця». Сёння ў ім растуць ужо 63 дрэўцы з розных рэгіёнаў краіны, кожнае з якіх сімвалізуе аднаго са славутых людзей Беларусі. У «Смольні» ў гонар сёлетніх юбілеяў беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа быў устаноўлены і мемарыяльны знак, прысвечаны першай сустрэчы славутых пісьменнікаў. Ускладанне кветак да помніка Якубу Коласу адбудзецца ў вёсцы Мікалаеўшчына. Завершацца ўрачыстасці ў Старасвержанскім цэнтры культуры, дзе пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі беларускіх выданняў і юбілейная святочная вечарына з канцэртам. Варта адзначыць, што да свята ва ўсіх чатырох мемарыяльных сядзібах філіяла праведзены рэстаўрацыйна-рамонтныя работы, адрамантаваны ўсе пад’язныя дарогі, адноўлены драўляныя скульптуры кампазіцыі «Шлях Коласа». Дзякуючы фінансавай дапамозе Мінскага аблвыканкама, зроблены рамонт і добраўпарадкавана тэрыторыя школы ў вёсцы Мікалаеўшчына, якая носіць імя песняра. Паводле слоў Сяргея Шэсцеля, на гэтыя мэты выкарыстана 650 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, за сродкі мясцовага бюджэта заасфальтавана вуліца імя Якуба Коласа ў горадзе Стоўбцы, выдаткі склалі 756 мільёнаў рублёў. Адноўленым пасля капітальнага рамонту сустракае юбілей свайго колішняга гаспадара і будынак Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску. Штогод тут праводзіцца грунтоўная праца па ўшанаванні памяці песняра і папулярызацыі яго творчасці. Па словах Зінаіды Камароўскай, у юбілейны год асабліва актывізавалася выставачная дзейнасць за мяжой. Тэматычныя экспазіцыі пабывалі ў Арменіі, Балгарыі, Латвіі, Польшчы. Зараз працягваецца выстаўка ў Санкт-Пецярбургу. Арганізацыі выставачнай дзейнасці спрыяе наладжанае супрацоўніцтва з музеямі іншых краін, у прыватнасці, з музеем Уладзіслава Бранеўскага ў Варшаве, музеямі Пушкіна ў Міхайлаўскім і Вільнюсе, музеем Максіма Рыльскага ў Кіеве. Дарэчы, і сёння, калі пра беларускага класіка вядома, здаецца, усё, яго жыццё і творчасць пакідаюць даследчыкам месца для новых пошукаў. — Колас не той, якім яго падае сціпла і вузка школьная праграма. Мы прывыклі ўяўляць яго такім, як на выяве помніка на плошчы, — суровым, забранзавелым. Але пры вывучэнні яго перапіскі, дзённікаў становіцца зразумела, што гэта быў чалавек вельмі адкрыты, шчыры, добрасардэчны, нават мяккасардэчны. Вось існуе стэрэатып, быццам Колас быў чалавекам сквапным. Але ў нас, у музеі, захоўваюцца стосы грашовых пераводаў пасляваеннага часу людзям, якія паэту нават не знаёмыя. Ёсць і іншыя прыклады. Праз Саюз пісьменнікаў у Ташкент Колас перадаваў грошы Ахматавай, калі даведаўся пра яе цяжкае становішча. Захаваўся і ліст Коласа да сакратара ЦК Узбекістана, у якім ён просіць дапамагчы прапраўнуку Пушкіна, вельмі таленавітаму мастаку, які таксама цярпеў нястачу. Ці вось усе ведаюць Коласа як аўтара «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Але наколькі выключныя яго гумарыстычныя вершы, большасці невядома. Не прачытаныя яшчэ да канца дасканала і яго «Казкі жыцця» — глыбокія філасофскія творы. Мала вывучаны курскі перыяд жыцця пісьменніка, не вельмі шырока асвятляецца ташкентскі перыяд, — гаворыць Зінаіда Камароўская. Паводле яе слоў, сённяшняя музейная экспазіцыя якраз скіравана на тое, каб паказаць Коласа-чалавека. Яна — быццам перагортванне старонак жыцця паэта ў доме, дзе ён правёў свае апошнія 12 гадоў. — Мы сапраўды не многае ці далёка не ўсё ведаем пра ўнікальных беларусаў — Коласа і Купалу, якія стварылі, ствараюць і будуць ствараць гонар беларускай нацыі. На творах Купалы і Коласа мы павінны выхоўвацца і захоўваць іх у сваіх сэрцах. Да Коласа і да Купалы нам трэба яшчэ ісці і ісці, вывучаючы пакінутую імі літаратурную спадчыну, — адзначыў у сваім слове Тадэвуш Стружэцкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стаўбцоўшчына збірае на свята да юбiлейнай коласаўскай даты
|
|