"УКантакце" з хуліганамі
06.11.2012
—
Новости Общества
|
Асяроддзе Пра што гаворка? Вандалізм — злачынства, якое заключаецца ў пашкоджанні будынкаў, манументаў, грамадскага транспарту і чужых рэчаў. За гэта прадугледжана пакаранне. Часткова вандалізм перасякаецца з графіцізмам, асабліва такой яго разнавіднасцю, як тэгінг. Тэгінг — разнавіднасць графіці, якая заключаецца ў хуткім нанясенні подпісу аўтара на якія-небудзь паверхні, часта ў грамадскіх месцах. Менавіта з гэтым відам графіці сустракаецца ў рэальнасці амаль кожны з нас ці не штодзённа. Тэгераў (людзей, што займаюцца маляваннем "тэгаў"-подпісаў) не хвалюе сэнсавае напаўненне іх твораў або іх эстэтызм, галоўнае — колькасць і хуткасць. Калі ў доме нехта выб'е шыбу ў акне і ніхто не ўставіць новае шкло, хутка ў гэтым будынку пачнуць разбіваць і іншыя вокны, з'явіцца шмат смецця і "падазроных" асоб. Безумоўна, гэта ўсё справы не злога дамавіка, а саміх людзей. Калі яны будуць бачыць, што шкло разбіта і новае не ўстаўлена, парушыцца пэўнае табу: нельга біць шыбы ў доме. І вось вам — адно шкло ўжо было разбіта, другое разбіў я, але ўстаўляць не буду, бо і папярэднік не ўстаўляў....Інтэрнэт-праект супраць вандалізму на гарадскіх вуліцах, які называецца "Перахват", распрацавалі ў галоўным упраўленні ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Цяпер ён існуе ў выглядзе самастойнага сайта, а таксама мае падраздзелы: старонку ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" і суполку "Стоп-Вандал" "УКантакце". Не пакараннем, а перакананнем У аснову інтэрнэт-праекта "Перахват" лягла так званая "тэорыя разбітых вокнаў", сутнасць якой — менавіта ў вышэйапісанай салідарнасці, якая паказана на прыкладзе шматпавярхоўкі з толькі адной-адзінай разбітай шыбай спачатку. Праект прымае паведамленні пра розныя гарадскія праблемы і, па магчымасці, дапамагае ўладам рашаць іх. Галоўнае — прывучыць людзей быць неабыякавымі да свайго горада, дапамагаць у навядзенні парадку ў ім. Зараз любы чалавек можа пакінуць сваё паведамленне. Таксама рэгулярна абнаўляюцца старонкі ў сацыяльных сетках — у "Фэйсбуку" і "УКантакце". Апошняя — самая буйная на тэрыторыі Еўропы, і не дзіва, што ў большасці маладых людзей ёсць тут старонка. Сярод моладзі шмат і тых, хто, прыкрываючыся вулічным мастацтвам (графіці, якое намаляваў прафесіянал, — сапраўдная прыгажосць), пакідае свае подпісы на сценах і аўтобусных прыпынках. Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі з'яўляецца аўтарам праекта "Перахват". Паводле яго слоў, ідэя такая з'явілася даўно. Іншая справа, што не было ўпэўненасці ў сваіх сілах: усё ж такі гэта азначала прыйсці амаль што на "варожую тэрыторыю" маладых іншадумцаў са сваёй прафілактыкай. Ледзь не смяротны нумар! Аднак, як аказалася, інтэрнэт-праекту "Перахват", пад эгідай якога і адбылося "пакарэнне" сацыяльнай сеткі "УКантакце", многае па сілах. Што да "тэорыі разбітых вокнаў", якая ляжыць у аснове праекта, то ў адаптацыі да групы "Стоп-Вандал" яна гучыць так: калі мы сёння не пачнём шукаць агульную мову з маладымі гарадскімі пэцкалямі, то заўтра "наскальны" жывапіс і вандалізм захопіць горад. Дарэчы, аналагаў за мяжой гэтай суполкі, як і аналагаў праекту "Перахват", паводле слоў Аляксандра Ластоўскага, не існуе. Стварыўшы суполку "Стоп-Вандал", міліцыя ўмяшалася ў "святая святых" шкоднікаў, якія дзяліліся сваімі "подзвігамі", размяшчаючы інфармацыю на "сценах" у сацсетцы. І тут — на табе! "Вораг" уварваўся ў асабістую прастору. Што да карысці суполкі, то яна каласальная ўжо таму, што там увесь час тлумачыцца, у што могуць ператварыцца незаконныя захапленні моладзі. Гэта, можна сказаць, "укараненне" міліцыянера ў закрытую групу з мэтай пераканаць яе ўдзельнікаў пакінуць шкодны занятак і не псаваць гарадскія будынкі. Гэта ўсё магчыма ў віртуальнай прасторы, у рэальнасці — наурад ці... Важна, што ў групе, разам з агрэсіўнымі графіцістамі прысутнічаюць і прадстаўнікі легальнага вулічнага мастацтва, а таксама тыя, хто ўвогуле выступае супраць графіцістаў. Таму можна даведацца якое заўгодна меркаванне. Кодэкс гонару для графіцістаў На старонцы суполкі "Стоп-Вандал" сказана, што тыя, хто парушае закон, выкарыстоўваючы ў сваіх каментарыях нецэнзурную лексіку, прыцягваюць тым самым да сябе ўвагу міліцыянераў. І сапраўды, калі суразмоўца праяўляе агрэсію, то ён, як папярэджвае Аляксандр Ластоўскі, пападае "пад нагляд". А паглядзець міліцыянерам ёсць на што: у большасці хуліганаў асабістыя старонкі "УКантакце" напоўнены пацвярджэннямі "подзвігаў". <І>Таму суполка можа быць каштоўнай і з пункту гледжання папаўнення "банку звестак" вандалаў. Насамрэч, у суполцы ёсць і сапраўдныя графіцісты, для якіх іх занятак — мастацтва, і агрэсіўныя графіцісты-"тэгеры" — тыя, хто ў сваёй "творчасці" аддае перавагу малазразумелым надпісам-каракулям. Што цікава, у асяроддзі мінскіх графіцістаў існуе пэўны "кодэкс гонару". Ён не дазваляе размалёўваць, напрыклад, гістарычныя аб'екты. На жаль, такія традыцыі ў нашай краіне пакуль што не вельмі моцныя. Актыўная ўдзельніца суполкі "Стоп-Вандал" Наталля Арысовіч падтрымлівае графіцістаў. Дзяўчына адштурхоўваецца ад таго, што ў Еўропе не змагаюцца з гэтым праяўленнем вулічнага мастацтва. І менавіта таму там яно трансфармавалася ў сапраўдныя шэдэўры. У нас жа сітуацыя іншая. "Чаму мастак павінен маляваць прыгожа, ведаючы, што яго работу "замажуць"? — задаецца пытаннем Наталля. — У такім выпадку яму лепш напісаць проста сваё імя. У Еўропе не змагаюцца з графіці, бо разумеюць, што гэта частка вуліцы, частка горада..." Ілюстратар Ваня, блізкі да асяроддзя графіцістаў, прызнаўся, што чуе пра праект "Перахват" і суполку "Стоп-Вандал" упершыню. "Мне здаецца, гэта не самая лепшая ідэя — стварыць такога кшталту суполку ў сацыяльнай сетцы, — дзеліцца сваімі думкамі хлопец, — хаця б таму, што "УКантакце" людзі ў большай сваёй частцы проста бавяць час, забаўляюцца. Гэта значыць, сам па сабе праект неблагі, проста "УКантакце" — не лепшае месца для яго рэалізацыі". Што да таго, ці з'яўляецца графіці відам хоць і вулічнага, але мастацтва, ілюстратар ўпэўнена адказвае: "У нас ёсць людзі, якія малююць графіці не проста якасна і прыгожа, але і ў поўнай меры прафесійна. Праблема ў тым, што ім прыйшлося прайсці праз многія цяжкасці, каб навучыцца графіці-мастацтву, таму што складана знайсці легальную магчымасць папрактыкавацца, ды і фестывалі праводзяцца рэдка". Прынамсі, няправільна будзе аспрэчваць тое, што часам графіці бывае сапраўдным мастацтвам. Але неэстэтычныя каракулі складана ўспрымаць. Тут для графіцістаў важна не баяцца ставіць перад сабой высокія мэты. Напрыклад, стаць сапраўдным графіці-геніем. А кіраўніцтву горада — у пагоні за вандаламі не прапусціць сапраўды таленавітых людзей, якія могуць зрабіць родны горад прыгажэйшым. Надзея ЮШКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як звязаны паміж сабой мінскія праваахоўнікі і "разбітыя вокны"? |
|