АЛЁ, Народ на провадзе
06.11.2012
—
Новости Общества
|
Сіла — у... камбінацыі
Гэта, відаць, правіла: калі ў хаце паляўнічы, то і ў двары таксама паляўнічы — сабака. Які? А вось гэта ўжо іншая справа. Бім, Бімка — ганчак, па-сабачы вельмі прыгожы. І дзесь на паляванні яму, магчыма, цаны няма. А вось у побыце, прабачце, ён дурны, як цэп. Прынамсі, калі ў вальеры яго не заперці, кожнага, хто па вуліцы ідзе, ён аббрэша з галавы да пят! Ну каму гэта прыемна? Ды нікому. Але ж што з яго возьмеш — сабака. І што... дасі? Гэта я да таго, што аднойчы той ганчак у двары дзесь бавіўся. А па вуліцы Юзучок ішоў. Мужчынка ён не такі і малады, але ж расточкам не выйшаў. Таму і завуць яго як малога... Юзаф параўняўся з варотамі. Бім, пачуўшы "здабычу", куляй да яе і на брамку скок (на задніх лапах ён за чалавека вышэй). І ўжо зяпу адкрыў, каб гаўкаць. А Юзучок не разгубіся і тыц яму дулю — пад саменькі нос... Сабака ад нечаканасці так і застыў: зяпу закрыць не можа! Потым крыху ачомаўся, правёў смельчака вачыма, ціхенька апусціўся на зямлю і панура пабрыў да вальера. ...Той, хто сцэнку гэтую бачыў, потым, распавядаючы іншым, аж клаўся ад смеху. А яшчэ дзівіўся — таму, прынамсі, як многа можа сказаць (нават сабаку!) камбінацыя з трох пальцаў. Л.К., г. Іўе. Бульба разладуТое вяселле ў ваенным гарадку, як водзіцца, "...пело и плясало", але ж вельмі ціха, бо маладыя (а жаніліся прапаршчык і тэлефаністка) шмат радні не склікалі. Потым у іх была першая шлюбная ноч, а за ёю — і першая сямейная раніца. Маладая жонка (ну трэба ж!) устала першай, пайшла на кухню — гатаваць сняданак. Так што праз нейкі час халасцяцкая кватэра прапаршчыка напоўнілася рознымі прыемнымі пахамі. А яны, трэба прызнаць, здольны падняць з пасцелі любога мужчыну. Той наваспечаны муж выключэннем не стаў. Голы, у адных трусах (чаго ўжо тут цырымоніцца?), ён рушыў на кухню, акінуў позіркам стол, прыпадняў накрыўку на патэльні. Незадаволена прабубнеў: — Бульбу так не смажаць. — Чаму гэта "не смажаць"? — насцярожылася яго палавіна. — Мама мяне так вучыла. — Тады твая мама ў смажанай бульбе нічога не разумее, — прызнаў зяць, — бо пад накрыўкай бульба тушыцца... Ды і рэжуць яе зусім не так. Трэба — саломкай... А потым — на добры агонь, у разагрэты алей. Тады яна хрумсткая будзе, з румянай скарыначкай! Мая мама гэтак рабіла... — Ну дык хай яна і робіць! Заставайся са сваёю мамай — псіханула маладуха. — Хай яна табе бульбу смажыць! З гэтым пажаданнем яна накінула на плечы плашч і, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з дому. На дварэ было холадна, таму не дзіўна, што праз паўгадзіны муж убачыў сваю палавіну за столікам у гарнізоннай сталоўцы... Аднак побач не сеў. Ведама — з гонарам. Не без форсу, як аказалася, была і яна: столік таксама не памяняла. Прычым ні ў той дзень, ні потым. Такім чынам сям'я распалася, можна сказаць, не стварыўшыся. Што ў нейкай мясцовай Кнізе рэкордаў Гінэса можна было б зафіксаваць, як самы кароткі шлюб, бо доўжыўся ён з чатырох гадзін вечара да 10 раніцы. Ілья Шахрай, г. Мінск. АдзінаяПачаць гэтую гісторыю можна з таго, што па дарозе са школы Люся сустрэла бяздомнага коціка і прынесла яго дахаты. — Выкінь! Не хапала якой заразы, — спужалася маці, бо кот быў вельмі худы і нейкі падазрона аблезлы. — Але ж ён хворы і на вуліцы можа замерзнуць, — захныкала дзяўчынка. Яна ў маці была адзінай, любімай дачушкай, маці фізічна не выносіла яе слёз, таму коцік проста не мог не застацца ў іх кватэры. Яго адмылі ў спецыяльным шампуні, паказалі дактарам, палячылі, сталі ўзмоцнена карміць. А наеўшыся, ён вельмі палюбіў ляжаць на канапе. Таму праз нейкі час растаўсцеў, падрос... Люся тым часам сустрэла на вуліцы маленькага сабачку. У яго былі такія прыгожыя вочкі, ён так умольна скуголіў, так дрыжэў усім сваім цельцам... — Ён жа бяздомнік, мама, — ледзь не плакала дзяўчынка. — Яго выкінулі нейкія злыя людзі. А ты ж паглядзі — ён такі прыгожанькі! Шкада сабачку! Ну няхай ён жыве з намі?! Адмовіць Люсе ў такой драбязе маці зноў не змагла. Да таго ж сабачка, як гэта ні дзіўна, умомант падружыўся з... катом. А яны ўдвух — з... марской свінкай, якую нехта падкінуў на лесвічную пляцоўку. Яна была маларухомая і тоўстая. І ў хуткім часе прынесла прыплод... Аднойчы Люся зноў прыйшла не адна: — Вось, пазнаёмся, калі ласка, — сказала яна матулі. — Гэта — Вадзік. Ён бедны, у яго няма ні капейкі... І няма дзе жыць. Шкада ж чалавека! Ён добры, прыгожы і ў акулярах. Няхай ён жыве ў нас! Заходзь, Вадзік, не бойся. — А дзе ж мы яго размесцім? — хацела запярэчыць матуля. — У кватэры ж толькі два маленькія пакойчыкі і столькі жыльцоў. — Мы паселімся ў маім, — разважыла Люся. — Нам жа не будзе цесна, праўда, Вадзік? Ты праходзь, не бойся. Яна была ў маці адзінай дачушкай, і Вадзік, вядома ж, застаўся... Васіль Феранц, г. Мінск. Хачу, каб весела...Чаканне Каляд, Новага года, як і іх святкаванне, ахоплівае ўсіх — ад малога да вялікага, у кожнай хаце ідзе падрыхтоўка. А ўжо як... Сонечцы тады не было трох гадоў. Яна хадзіла ў дзіцячы садок і рыхтавацца да свята пачала пад кіраўніцтвам выхавацелькі, загадзя. Разам з іншымі дзеткамі яны развучвалі новыя танцы, рыхтавалі вершыкі, песні... І ўсё, каб парадаваць Дзядулю Мароза, каб атрымаць ад яго нейкі падарунак... Гэты прыўзняты настрой, гэтае чаканне, ну вядома ж, прыносілася дадому. Ну дык вось. Аднойчы вяртаецца Соня з садка, заходзіць у пакой да старэйшай сястры, а тая з сяброўкамі (яны ўжо вялікія — ходзяць у чацвёрты клас) робяць манікюр — фарбуюць сабе пазногці. — Я таксама хачу! І мне!.. Калі ласка, — стала ўмольваць малая. Сястра ўжо ведала, што казаць ёй "не" — сабе даражэй: Соня ўсё роўна свайго даможацца, не так, дык гэтак... Таму ўзялі з сяброўкай па пэндзліку і размалявалі дзяўчынцы пазногцікі. Малая ад радасці на сёмым небе была! Ледзьве дачакалася, пакуль лак той высахне! А ўжо як высах, задрала ручкі ўгору і, раскінуўшы пальцы веерам, пайшла ў скокі, прыпяваючы пры гэтым: Ногти накрасили, Стали в хоровод, Весело-весело Встретим Новый год! ...Вось гэтага — весялосці ў чаканні Каляд і Новага года, радасці пры сустрэчы — і хацеў бы пажадаць усім чытачам "Звязды". Валерый Гаўрыш,г. Чавусы. Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сіла — у... камбінацыі Гэта, відаць, правіла: калі ў хаце паляўнічы, то і ў двары таксама паляўнічы — сабака. Які? А вось гэта ўжо іншая справа. Бім, Бімка — ганчак,...
|
|