Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

10.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нас. Памятаеце, раней было прынята называць з'езды партыі "гістарычнымі". Гэта ўспрымалася з іроніяй. Але без усялякай іроніі і зусім абгрунтавана другі з'езд грамадскага аб'яднання "Белая Русь", што адбыўся 3 лістапада ў сталічным Палацы Рэспублікі, можна назваць гістарычным.

Праўда, "Белая Русь" вырашыла пакуль не станавіцца партыяй. І ў гэтым заключаецца менавіта гістарычнае (без усялякіх перабольшванняў) значэнне апошняга з'езда, які сабраў каля 400 дэлегатаў. Калі б члены аб'яднання вырашылі ўсё ж стаць партыяй, то, безумоўна, па сваім уплыве яна б набыла статус вядучай палітычнай сілы ў краіне. Цяпер у аб'яднанне ўваходзяць 132 тысячы чалавек з 7 208 пярвічных арганізацый. Гэта ў некалькі разоў больш, чым ва ўсіх дзеючых палітычных партыях краіны разам узятых. На мінулых парламенцкіх выбарах "Белая Русь" здолела правесці ў Палату прадстаўнікоў 63 сваіх прыхільнікаў, гэта значыць, больш за палову ад усяго дэпутацкага складу. Падчас тых жа выбараў "Белая Русь" накіравала 5 107 назіральнікаў — зноў жа больш, чым усе партыі і грамадскія аб'яднанні. Да гэтага можна дадаць, што многія члены арганізацыі — вядомыя і аўтарытэтныя людзі, а яе лідар Аляксандр Радзькоў займае пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

І ўсё ж новай партыі пакуль не будзе. Чаму? Прычын тут некалькі. Па-першае, наша заканадаўства не дае магчымасці аўтаматычна ператварыць грамадскае аб'яднанне ў партыю. Шлях стварэння пярвічак і рэгістрацыі прыйдзецца праходзіць па-новаму. Па-другое, гучыць шмат заяў, што будучая партыя стане цэнтрысцкай. Але што гэта азначае на практыцы? З ідэалогіяй у "Белай Русі" пакуль істотныя клопаты. Па-трэцяе, неабходнасць у такой партыі не зусім відавочная — пра гэта неаднойчы казаў і Прэзідэнт Беларусі. Ва ўсялякім разе вопыт дзеяння "партый улады" ў іншых краінах не заўжды станоўчы — дастаткова ўзгадаць імклівае падзенне рэйтынгу "Адзінай Расіі" і тыя палітычныя праблемы, якімі гэта падзенне суправаджалася.

Аднак, калі меркаваць па настроях дэлегатаў з'езда, яны, хутчэй, гатовы прыняць рашэнне аб стварэнні партыі. Трэба толькі трошкі пачакаць, дапрацаваць асобныя дэталі, як кажуць, "падцягнуць хвасты". Што ж, пажывём-пабачым.

Вакол нас. Калі амерыканцаў паставілі перад выбарам паміж мармонам і афраамерыканцам, большасць выбрала апошняга. Як і прадказвалі многія, Барак Абама быў пераабраны на новы прэзідэнцкі тэрмін.

У Злучаных Штатах вельмі дзіўныя выбары. Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэта, хутчэй, імітацыя выбараў. Як гэта было неаднаразова раней, кандыдаты ад дзвюх вядучых партый спрачаюцца (трэба адзначыць, вельмі шчыра і з запалам) па пытаннях, якія можна аднесці, хутчэй, да разраду другога плана: лячыцца па абавязковай страхоўцы ці не, дазваляць аднаполыя шлюбы альбо пачакаць, легалізаваць аборты ці забараніць іх. Калі браць палітычныя і эканамічныя праграмы кандыдатаў, то яны амаль аднолькавыя, адрозніваюцца толькі ў рыторыцы і расстаноўцы акцэнтаў.

Рэальную апазіцыю да паўнавартаснага ўдзелу ў выбарах не дапусцілі. Рэспубліканцы і дэмакраты — гэта два крылы адной кіруючай партыі, якая моцна трымае ўладу ў Вашынгтоне і ва ўсіх штатах. Цікава назіраць, як некаторыя са здзіўленнем адкрываюць для сябе, што ў выбарах прымалі ўдзел і іншыя кандыдаты. А два з іх — Гэры Джонсан ад Лібертарыянскай партыі і Джыл Стайн ад "зялёных" — маглі нават мець шанц на поспех... Маглі, калі б іх дапусцілі да тэледэбатаў, калі б не арыштоўвалі некалькі разоў у час выбарчай кампаніі, калі б суды ўсур'ёз разглядалі іх скаргі. Такіх "калі" — некалькі дзясяткаў. Частка з іх знайшла адлюстраванне ў папярэдняй справаздачы назіральнай місіі АБСЕ. Аднак, нягледзячы на шматлікія парушэнні дзеючага заканадаўства, на архаічнасць самой выбарчай сістэмы ў Злучаных Штатах, пры якой грамадзяне "самай вялікай дэмакратыі" ў свеце не маюць магчымасць напрамую выбраць свайго прэзідэнта, выбары былі прызнаны місіяй АБСЕ законнымі і справядлівымі. Што тут скажаш? Застаецца прывесці толькі словы Мусаліні: "Сябрам — усё, ворагам — закон". Злучаныя Штаты не проста сябры кіраўніцтва АБСЕ — яны іх гаспадары.

З перамогай вас, спадар Абама!

З гісторыі. "Чырвоныя" ў горадзе! Менавіта такі покліч, які ў савецкіх фільмах выкрыквалі заўзятыя белагвардзейцы, прыходзіць у галаву, калі святкуецца 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Як і раней, ускладваюцца кветкі да помнікаў Леніна. Як і раней, збіраюцца групкі ветэранаў і віншуюць адзін аднаго. Зразумела, маштаб святкавання ўжо не той, і ўсё ж: Беларусь застаецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, у якой 7 лістапада — "чырвоны" дзень календара. Правільна гэта ці не, кожны павінен вырашаць для сябе асабіста, але пэўная гістарычная справядлівасць тут ёсць.

Без Кастрычніка 1917 года не было б сучаснай незалежнай і суверэннай Беларусі. Беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ стагоддзя быў слабы. Прыход да ўлады бальшавікоў стаў у літаральным сэнсе выратавальнай саломінкай для лідараў нацыянальных арганізацый. Бальшавікі былі зацятымі праціўнікамі рускага вялікадзяржаўнага шавінізму, які атаясамлівалі з самаўладдзем, таму абвясцілі права на самавызначэнне для ўсіх народаў. Дарэчы, адной з першых атрымала незалежнасць Фінляндыя. 7 лістапада там не святкуюць на дзяржаўным узроўні, але памятныя шыльды і музей Леніна захоўваюць.

Ледзьве не на наступны дзень пасля стварэння савецкага ўрада Сталін, які стаў наркамам па справах нацыянальнасцяў, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускага руху. Разам з тым, у Мінску існавала бальшавіцкая група Мяснікова-Кнорына-Ландара, якая выступала супраць самавызначэння беларускага народа. Аднак і гэтыя людзі пад неверагодным ціскам з Масквы вымушаны былі ў канцы 1918 года пайсці на ўступкі і прыняць абвяшчэнне БССР. Без паслядоўнай пазіцыі Леніна і Сталіна на пабудову савецкай дзяржаўнасці ў Беларусі ніякая БНР, ніякія гурткі і арганізацыі не здолелі б прывесці да стварэння суверэннай беларускай дзяржавы. Яны папросту не мелі такіх уладных рэсурсаў і магчымасцяў.

Сапраўды, Савецкая ўлада — гэта харчовая дыктатура і "чырвоны тэрор", жудасная калектывізацыя і антырэлігійныя ганенні. Аднак, калі мы вызнаем у якасці каштоўнасці нацыянальную дзяржаўнасць, то нельга не прызнаць значныя заслугі той палітычнай сілы, што прыйшла да ўлады 95 гадоў таму.

zvіаzdа.bу

gіgіn@bеltа.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика