Драматургія і шашкі. 21.by

Драматургія і шашкі

16.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фёдар Драбеня "Беларуская драматургія канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя: жанрава-стылёвыя тэндэнцыі".

БДУ, 2012.

Вядомы англійскі даследчык беларускай літаратуры неяк пры сустрэчы пахваліў кнігу, у якой, як мне здавалася, не хапіла аналітычнасці ў высновах. І я адразу атрымала ад англійскага прафесара парадаксальны ўрок. Маўляў, галоўнае — сабраць і сістэматызаваць матэрыял, а высновы... высновы могуць залежаць ад многіх фактараў: ад навуковай моды ці пазанавуковых чыннікаў. Верагодна, наступнае пакаленне наогул зробіць іншыя высновы. Галоўнае ўсё ж сабраць матэрыял...

І хоць па-ранейшаму вышэйшым пілатажам з'яўляюцца кнігі, аўтары якіх робяць грунтоўныя высновы, трэба прызнаць вартасць кніг, дзе сабраны і сістэматызаваны вялізны масіў матэрыялаў.

Кніга Ф. Драбені "Беларуская драматургія канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя: жанрава-стылёвыя тэндэнцыі" з'яўляецца грунтоўным даведнікам па сучаснай беларускай драматургіі: там разгледжаны тэксты А. Петрашкевіча, С. Кавалёва, У. Бутрамеева, А. Дударава, Р. Баравіковай, Л. Рублеўскай, М. Адамчыка і М. Клімковіча, І. Сідарука, М. Арахоўскага, А. Курэйчыка, Ф. Палачаніна, Г. Каржанеўскай, Я. Конева і многіх іншых. У першым раздзеле аналізуюцца п'есы мяжы стагоддзяў з пункту гледжання іх жанраў і кампазіцыі; у другім — акрэсліваецца функцыянаванне формаў трагедыі, камедыі, драмы, факусіруецца ўвага на гістарычнай драме, уплывах паэтыкі мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага тэатра, а таксама разглядаецца спецыфіка аднаактовай п'есы; трэці раздзел прысвечаны сучаснай беларускай дзіцячай драматургіі.

Гэтую кнігу можна назваць у пэўным сэнсе бясспрэчнай: аўтар фіксуе жанры, адзначае кампазіцыйныя элементы, прыводзіць беларускія прыклады архетыповых сюжэтаў. Аўтар падрабязна апісвае, што дзе ёсць у сучаснай беларускай драматургіі, пазбягаючы акрэслівання, хто кім ёсць.

Гэта было натуральна для дысертацыйнага тэксту, з якога вырасла кніга, бо навука цікавіцца тымі творамі, якія прайшлі стадыю ацэнкі і крытыкі. Але тое сіта, праз якое аўтар прасейвае драматургічныя тэксты, здаецца такім дробным, што ёсць падазрэнне, нібыта ніводзін тэкст не схаваўся ад пільнага каталагізавання. І вось тут хацелася б расстаноўкі фігур на шахматнай дошцы, а чытач атрымлівае расстаноўку шашак: белыя да белых, чорныя да чорных, аднаактовыя п'есы да аднаактовых п'ес...

Студэнтам я ў такіх выпадках расказваю анекдот пра паліцэйскага ХІХ ст., аматара жаночай прыгажосці, які, яшчэ не маючы магчымасці фатаграфаваць арыштаваных зладзеяў, мусіў запаўняць фармуляр з іх апісаннем. І вось ён глядзіць на злачынцу, яркую паненку, і запісвае ў радок: "Вочы" — "чорныя, глыбокія, страсныя, аднаго не хапае". Калі чытаеш навуковы ці крытычны тэкст, заўсёды хочацца ведаць, ці чорныя, ці страсныя, ці ўсіх хапае? Бо прыналежнасць тэксту, напрыклад, да фантасмагорый нічога не кажа пра яго якасць. Але ў кнізе прааналізавана такая колькасць тэкстаў, што на выбудоўванне іерархій не застаецца месца.

Аўтар робіць фіксацыю, канстатацыю, "скрыншоты". Ён бездакорна адказвае на пытанне "Што?", рэдка ставячы пытанне "Як?", "Чаму?" і "Навошта?".

Некарэктна навязваць аўтару мэты, якіх ён не ставіў, але... Напрыклад, Ф. Драбеня фіксуе ў беларускай літаратуры жанр містэрыі, народжаны сярэднявечным заходнееўрапейскім рэлігійным тэатрам ХІІІ-ХVІ стагоддзяў, называе прыклады. І ўсё...

Магчыма, спецыялістам тлумачэнні тут без патрэбы, а чалавек недасведчаны, але цікаўны міжволі запытае: "А як ацэньваць наяўнасць містэрый? Гэта добра для літаратуры? Кепска? А раней як жанр быў у нас прадстаўлены? І з якой прычыны драматургі зноў да яго звяртаюцца?" Ну і зусім ужо цынік спытае: "Ну і што?" Перад такім наіўна-нахабным пытаннем кніга застанецца безабароннай.

Дарэчы, калі б аўтар паспрабаваў прапанаваць уласнае вытлумачэнне падзей, адмовіўшыся ад абранай ім стратэгіі бясспрэчнасці, то, верагодна, атрымаў бы вострую зваротную рэакцыю апанентаў (у гуманітарных дысцыплінах ёсць светапоглядныя пазіцыі), але кніга выйграла б, як п'еса з завязкай, кульмінацыяй і развязкай выйграе ў тэксту са спісам дзеючых асоб і экспазіцыяй.

Наогул кніга "Беларуская драматургія канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя: жанрава-стылёвыя тэндэнцыі" атрымалася разлічанай адразу на некалькі мэтавых аўдыторый. Калі "шырокае кола чытачоў" наўрад ці ацэніць аргументы для адасаблення "інсцэніровак" ад "рымейкаў", то гэтым можна зацікавіць спецыялістаў. Настаўнікам, школьнікам ці студэнтам у моры беларускай драматургіі дапамогуць арыентавацца пераказы некаторых сюжэтаў. Самым нечаканым сегментам мэтавай аўдыторыі бачацца драматургі-пачаткоўцы. Яны звычайна знаёмыя з унутрыцэхавай рэпутацыяй калег, а манаграфія пры такім ракурсе выглядае своеасаблівым дасье на сучаснікаў-канкурэнтаў і аглядам усяго, што было напрацавана ў сучаснай беларускай драматургіі.

Аксана Бязлепкіна

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Экслібрыс "Звязды"
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика