Чупакабра перабралася ў Валожынскі раён?. 21.by

Чупакабра перабралася ў Валожынскі раён?

27.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Карэспандэнты "РГ" атрымалі трывожныя звесткі з вёскі Бабровічы: нехта масава душыць курэй і выпівае кроў, а потым адрывае галовы. Няўжо тая чупакабра, пра якую нядаўна гаварыла ўся краіна? Каб высветліць гэта, мы выправіліся на месца падзей.

У вёсцы Бабровічы Валожынскага раёна невядомы звер знішчыў больш за сотню курэй: задушыў і выпіў кроў. Мясцовыя жыхары жывуць у страху і да гэтага часу не ведаюць, што за істота забівае іх птушак.

Валожын. Чатыры гадзіны раніцы

– Прывітанне! Ну што, едзем?

– Так! Да сустрэчы!

 Уставаць прыйшлося ў чатыры гадзіны раніцы, каб паспець на першы аўтобус да Валожына. Людзі азіраліся, калі дзяўчаты на апошніх сядзеннях ўскліквалі: "Чупакабра нас ужо зачакаўся", і на працягу ўсяго шляху глядзелі на нас, як на вар'ятаў.

Ехаць  нам давялося стоячы, але натхнёныя тым, што адбываецца, мы працягвалі бурнае абмеркаванне нашых планаў. Калі выйшлі з аўтобуса на нашым прыпынку, мы ўпэўнена накіраваліся за мужчынам, які ўсім сваім выглядам паказваў, што ведае, куды ідзе, і ён нас не падвёў, перад намі знак "Бабровічы".

Бабровічы

Праз паўгадзіны мы ўжо стаялі каля хаты Анатоля Антонавіча, ад якога і атрымалі трывожную вестку: "Ой, добры дзень, а я і не чакаў вас так рана", – здзівіўся ён . "Вось я вам тут спіс пацярпелых ад чупакабры склаў. Пахадзіце па вёсцы, пагутарыце з людзьмі – а потым да мяне заходзьце зноў".

Першай у спісе значылася нейкая Лідзія Рыгораўна:

– Лідзія Рыгораўна, Лідзія Рыгораўна! Мы з нагоды чупакабры, Лідзія Рыгораўна, дзе вы? – крычалі мы ў двары яе карычневатага невялікага дома з прыгожымі ліштвамі, і вось ужо сабраліся сыходзіць...

– Аюшкі, вось яна я, дык вы з нагоды нашых курэй?

– Так, раскажыце, калі ласка, нам усё.

– А што вам расказаць? Ну, курыц было штук 15, а засталося пяць. Ну, яна ўначы прарываецца ў хлеў, душыць, кроў выпівае, галаву адкусвае, і курыца застаецца, вось суседзі вясной купілі, і таксама ўсіх гэтая пачвара перадушыла...

 Наступнай  у спісе была жанчына, якая распавяла нам яшчэ больш цікавага:

– Ну, перадушыла нейкая зараза усіх маіх курэй, 22 штукі!.. Кроў высмактаная, галовы адгрызеныя побач ляжаць, ніводнай жывой не засталося... Я вось збіралася з пляменнікам ў ягады ехаць, кажу, што маладых я выпускаць не буду, няхай там сядзяць, а калі прыйшла, хлеў адкрываю і ўсе ляжаць... Дык пра гэта яшчэ раней ведалі, яшчэ мае бацькі і дзяды казалі, што ў курэй кроў высмактаная была. Я нават ведаю, як яна выглядае, гэная чупакабра ці як яе, – вось такая маленькая, як хвост у яе ёсць, галава маленькая, ледзь карычневая, я нават бачыла, як праз дарогу ішла туды, вось там у нас бур'ян быў, напэўна, там і жывуць.

 Адтуль мы пайшлі да суседкі, Мар'і Голуб, якая таксама пацярпела ад невядомай істоты:

– Так, было такое, падушыла і панесла, шмат курэй у мяне так перавяла. Вось, бывае, прыйдзеш і нежывая ўжо ляжыць, толькі галава адкусаная. Гэтыя пачвары ў елачках або ў старых дамах селяцца, тут нават ставілі пасткі і лавілі, але толькі куніцу злавілі... Але забойствы курэй пасля таго ўсё адно працягваліся! Ну вы ідзіце ў зялёны дом непадалёк, вам там больш раскажуць.

У зялёным доме, у які нас накіравалі суседзі, так сказалі:

– Я нікога не бачыла, але вось прыйшла раніцай у застаронак, ляжаць там... Было ў мяне 17 штук, 4 засталіся, дзірачкі вось тут на шыі, каля вуха. Але ж тхор звычайна адну якую-небудзь сцягне, а тут паклала ўсіх, як улезла, не ведаю... Нехта кажа, што гэта тхор, а так халера яго ведае, вось вы схадзіце ў дом насупраць, там дзе колюць свінню.

 У доме, дзе колюць свінню (дарэчы, мужчына па слядах якога мы ішлі ў Бабровічы, апынуўся сынам гаспадыні):

 – Мяса яна не есць, кроў выпівае і галаву адкусвае. У нас гэта не ўпершыню, некалі ліса хацела забраць адну, але я адабрала, літаральна з лап выцягнула. А так я думаю, што можа тхор, хоць яны цягнуць курэй звычайна, калі ў іх ёсць дзеці, ну я не ведаю...

 Наслухаўшыся вусцішных падрабязнасцяў, вяртаемся...

Анатоль Антонавіч паказаў нам клетку, у якой жылі куры (дарэчы, клетка была моцная).

– Ну вось, дзверцы былі добра прывязаныя, разумееце, нехта іх адцягнуў вось так і курачак маіх выцягнуў і падушыў, зверху ўсё як мае быць было зроблена, але ўсё роўна..."

Прыкметы “валожынскай чупакабры" цалкам супадаюць з істотай, якая трымала ў страху ўвесь Салігорскі раён, але да гэтага часу так і не высветлена, хто гэта быў... Сын мясцовага жыхара на адным з сайтаў размясціў каментар з гэтай нагоды. Можа, на самой справе "салігорская чупакабра" перабралася да нас і зараз будзе вяршыць лёс жывёл на нашых землях?

Наслухаўшыся жудасных гісторый, мы доўга галасавалі на дарозе, каб патрапіць ў Валожын, але машыны як на злосць ехалі ў іншы бок. У рэшце рэшт мы селі ў аўтобус і на працягу ўсяго шляху нас не пакідалі ні на хвіліну думкі аб монстры, які смокча кроў…

Аліна ЛАПЦЁНАК, Марыя СВІРЫДОВІЧ,

Школа маладога журналіста.

Фотаgeraldika.ru

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнты "РГ" атрымалі трывожныя звесткі з вёскі Бабровічы: нехта масава душыць курэй і выпівае кроў, а потым адрывае галовы. Няўжо тая чупакабра, пра якую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика