"У мяне атрымліваецца "аЦЫРКачваць"
28.11.2012
—
Новости Общества
|
З Таццянай БАНДАРЧУК, дырэктарам-мастацкім кіраўніком Белдзяржцырка, мы сустрэліся ва ўтульнай цыркавой кавярні. Размаўлялі пад "акампанемент" смеху і апладысментаў, што даносіліся з залы. Некалькі разоў "прынцэса цырка" перапыняла размову і далучалася да гледачоў, каб не прапусціць нейкі складаны трук на манежы. Пра Астапа Бэндэра, цыркавую дынастыю і 42 кілаграмы Стараюся не прапускаць ніводнага спектакля, асабліва на працягу двух прэм'ерных тыдняў. Пастаянна аналізую рэакцыю гледача. Сюды, у vір-залу, па запрашэннях прыходзяць розныя людзі. Падчас антракту пытаюся: "Ну як?" І яны выказваюць свае меркаванні. Такім чынам складваецца нейкая карціна пераваг спектакля і яго недахопаў. Калі кожны з дзвюх тысяч сённяшніх гледачоў прыйдзе да сябе ў офіс, на завод, у дзіцячы сад і скажа: "Слухай, я быў у цырку, там так класна, схадзі!", значыць, будзе поўная зала. Я люблю поспех, радуюся, калі атрымалася прэм'ера. (У Таццяны Мікалаеўны зазваніў тэлефон: "Добра, сонейка. Ты не пярэч маме, павячэрай. Я прашу".) У нас з унукам вельмі вялікая любоў. Ці большая, чым з сынам? Напэўна, так. Сын ужо чужы. Ён належыць іншай жанчыне. Ігнат не называе мяне бабуляй — усё "Таццяна" ды "любімая". Проста, калі памерла мая мама, ён спужаўся таго, што бабулі паміраюць. І перастаў мяне так называць. Летась я была на фестывалі ў Манака, купіла яму там вельмі прыгожыя туфлі, чорна-белыя такія, як у Бэндэра. "Бабуля мне іх з Манака прывезла", — чую, як унук шэпча некаму ў тэлефонную трубку. А я: "Во, нарэшце ты сказаў "бабуля". Ігнат паклаў трубку і кажа: "Слухай, Таццяна, уяві сабе, тэлефануе мне сябар і пытаецца: "Адкуль у цябе такія туфлі?" А я: "Мне любімая з Манака прывезла". Што ён пра мяне падумае?" (смяецца). У майго ўнука, хоць яму яшчэ толькі 13 споўніцца, тонкі гумар, ды і палец у рот яму не кладзі, адкусіць дакладна. Працягнуць ці не цыркавую дынастыю, Ігнат вырашыць сам. Пасля. Цяпер ён займаецца музыкай, ходзіць на плаванне, умее танцаваць брэйк-данс і стаяць на галаве. Мы яго адукоўваем, але пры гэтым не загружаем чымсьці спецыяльным, цыркавым, таму што шкадуем. Ведаем, якая гэта пякельная праца, як вялікія нагрузкі адбіваюцца на здароўі. Праўда, нядаўна Серж (сын ад першага шлюбу, галоўны рэжысёр Белдзяржцырка. — Аўт.) захапіўся коннай дрэсурай. Мы закупілі поні-далмацінаў і хочам падрыхтаваць з Ігнатам нумар для ўдзелу ў дзіцячым фестывалі ў Манака. Я не сумняваюся, што ў яго атрымаецца. Ігнат хваткі: ёсць у каго. Серж мне больш, чым сын. Мы заўсёды былі і застаёмся сябрамі, калегамі. Былі мы яшчэ і партнёрамі. У 18 гадоў Серж мяне — я тады важыла 42 кілаграмы — у цыркавым нумары нават на руках насіў. А гэта ўжо іншыя адносіны, іншая ступень даверу. Натрэніраваны быў, а цяпер — гляньце, які худзенькі. Кажа, што горш за мяне выглядае, жартуе: "Мама, неўзабаве я ўжо стары буду, а ты ўсё маладая і маладая" (смяецца). Пра парваныя звязкі, Маргарэт Тэтчэр і смецце У цырк мяне прывяла жонка тагачаснага дырэктара Міхаіла Марусалава, Лідзія Якаўлеўна. Яна, балерына на пенсіі, вяла танцавальны гурток "Лявоніха" пры медінстытуце. Я была яе любіміцай, бо, у адрозненне ад аднакурсніц, паспела павучыцца ў харэаграфічным вучылішчы. Таму і танцавала лепш за ўсіх. Колькі сябе памятаю, марыла стаць балерынай. Хірургам жа вырашыла стаць пасля траўмы — парвала звязкі. Падслухала, як урач у шпіталі сказала маёй маме, што кар'ера балерыны мне не свеціць. Гэта быў першы стрэс у маім жыцці. У той момант вырашыла: "Стану хірургам і буду лячыць балерын, звязкі ім зашываць, каб яны, шчаслівыя, танцавалі далей". У выніку скончыла медвучылішча. Потым паступіла ў медінстытут, які прамяняла на пачатку 2 курса на цырк. Дагэтуль здзіўляю ўрачоў, калі паказваю свае веды ў фармакалогіі і анатоміі. Калі трэба, і ўнука магу ўкалоць, і сябе, і мужа. Жанчыне, лічу, не перашкодзіць медыцынская адукацыя. Бліц-апытанка — Ёсць нешта, чаго ніколі не будзе ў беларускім цырку? — Ніколі не будзе вайны, ніколі не будзе чорных касцюмаў, ніколі не будзе брудна... — А асабіста вам якія цыркавыя праграмы падабаюцца? — Мае любімыя тыя, дзе шмат акрабатаў, гімнастаў. Вельмі люблю нумары ў паветры. Я таксама аматар балета ў цырку. Лічу, што ён, як і цыркавая дэкарацыя, можа ўпрыгожыць любы нумар. — Таццяна Мікалаеўна, вы, акрамя цырка, узначальваеце і Беларускую федэрацыю танцавальнага спорту. А самі танцаваць любіце? Ёсць любімы танец? — Безумоўна, сальса (паказвае рухі рукамі). — А якая жывёла — любімая? — Конь. Гэта незвычайная жывёла. Самая разумная, грацыёзная. — Пра што марыць "прынцэса цырка"? — (Не раздумваючы) З'ехаць на тыдзень да мора! Але пакуль не магу. Аднойчы забылася тэлефон дома, праз пару гадзін вярнулася забраць — 74 непрынятыя выклікі! Так і жыву. Усё жыццё... паўжыцця (усміхаецца) імкнулася і імкнуся прыўнесці нешта нестандартнае. Мы з маім партнёрам у свой час аб'ездзілі паўсвету з унікальным нумарам "Пуант на далоні" (Таццяна круціла абруч, стоячы на пуантах, як статуэтка, на моцнай далоні акрабата Генадзя Бандарчука. — Н.Д.). "Жалезная лэдзі" Маргарэт, калі ўбачыла наша выступленне, сказала: "Не можа быць!.. Там унутры жалеза, напэўна ...". І мы спецыяльна для яе паўтаралі гэты трук. У цырку я не толькі дырэктар, але і мастацкі кіраўнік, пішу сцэнарыі, прыдумляю касцюмы, дэкарацыі, афішамі займаюся. Чаго толькі не раблю! Усё, што тычыцца творчасці, у мяне заўсёды атрымлівалася. Планую выступленні, каб заўсёды можна было здзівіць гледача і... упісацца ў фінансавыя магчымасці. Скажу без пахвальбы: часам толькі яны і стрымліваюць маю фантазію. Займаюся не толькі пракатнымі праграмамі, раблю і аўтарскія. У кожную з іх закладваю нейкі сэнс, пішу тэксты, нават вершы пра цырк. Я вельмі люблю ствараць шоу, гэта мая страсць. "Калі б вы ведалі, з якога смецця..." нараджаюцца цыркавыя касцюмы. Калі я працавала ў Саюздзяржцырку артысткай, мы ўсё рабілі самі. Куплялі ў камісіёнцы сумачкі, расшытыя чэшскімі камянямі, абутак, тканіну... і фантазіравалі. Фантазірую і дагэтуль, прычым не толькі для цырка... Вось і гэты каўнерык на сваёй сукенцы (паказвае) сама сёння ноччу аздобіла камянямі. Прага нешта перарабляць у мяне з дзяцінства. У 15 гадоў парэзала маміну сукенку, якую тая не насіла, і сваімі рукамі пашыла сабе новую. Вельмі любіла перастаўляць мэблю ў пакоі. Пра дыету, зайздрасць і фестываль у Монтэ-Карла ("Піце каву, калі ласка. А якія пірожныя прыгожыя! Давайце паспытаем, што яны тут панараблялі такога!") Ніколі не сядзела на дыеце. Проста я вельмі рухомая, "электравенік", як я пра сябе кажу. Цяпер нічым спецыяльна не займаюся. Часам катаюся на лыжах, часам хочацца з унукам пагуляць у бадмінтон. "Мосцік" магу зрабіць без праблем. Вы ж ведаеце пра мышачную памяць, я ж столькі гадоў на руках адвісела пад купалам. Праўда, пасля шматгадовых заняткаў акрабатыкай ужо цяпер часам проста не хочацца лішні раз руку падымаць (смяецца). Ведаю людзей, якія ў 30 гадоў ужо выглядаюць на ўсе 60. Можа, у іх няма кахання ў жыцці, можа, яны мала любяць само жыццё. Я ўпэўнена, што большасць хвароб ад зайздрасці, незадаволенасці, засмучэння. Пагадзіцеся, што ўсе ўмеюць спачуваць, але далёка не ўсе — радавацца чужым поспехам, кар'ернаму росту, не зайздросціць, што ў кагосьці малады муж. Я ўмею радавацца за іншых. Мой калектыў вельмі радаваўся, калі даведаліся, што мне прысвоілі званне народнай артысткі Беларусі (у снежні 2011 года. — Аўт.). Вы б бачылі, колькі мне падарылі кветак! Але былі і іншыя людзі, якія зайздросцілі... Сапраўдныя ж сябры казалі: "Як? Таццяна ж ужо 20 гадоў, як народная" (усміхаецца). Недарэмна кажуць, што світа робіць караля. У мяне выдатная творчая каманда. Гэта сын, балетмайстры, пастаноўшчыкі, артысты... Мне цяпер ужо можна нічога не гаварыць. Сказаць толькі: "Уявіце сабе, упершыню ў гісторыі беларуская каманда выступіць у якасці пастаноўшчыкаў цыркавога фестывалю ў Монтэ-Карла". У нас будзе 16 уласных пастановак. Калі б мне сказалі пра гэта 3 гады таму, я толькі пасмяялася б: "Ну добра, фантазіруйце! Як я гэта зраблю?" Пра гумавыя боты, прыбіральшчыцу і Юлію Раскіну Гендырэктар фестывалю ў Монтэ-Карла Урс Пілз прыязджаў да нас у адрэстаўраваны цырк. Ён сказаў: "За 34 гады, што я ўзначальваю ўнікальны цыркавы фестываль свету, пабачыў вельмі шмат цыркаў. І магу сказаць вам, беларусы, што такі цырк, як у вас, бачу ўпершыню. Беларускі цырк — самы лепшы цырк у свеце". Вы б ведалі, які ў зале стаяў гул. Пасля гэтых слоў мне ўжо нічога не страшна. Як толькі прыйшла сюды ў 1996 годзе, адразу надзела гумавыя боты і пайшла ў склеп: разграбаць кардон і скрыні... Праз 14 гадоў, калі глядзела першае пасля рамонту прадстаўленне, думала, што сплю. Плакала і не верыла, што дажыла да гэтага цуду! Калі я і сквапная, то толькі да прыгажосці. Калі кветкі пасадзіць, то мне іх трэба шмат. Я не магу вымыць падлогу дрэнна. Калі бяруся, павінна ўсе плінтусы прайсці... Я заўсёды кажу: самае складанае ў цырку знайсці не артыста, а прыбіральшчыцу. Таму што вельмі рэдка хто ўмее нармальна прыбіраць. Людзі бруду не бачаць. Адказна падыходжу да любой справы, за якую бяруся. Інакш лепш увогуле не буду рабіць. Не люблю спрачацца. Калі я ведаю нешта дакладна, навошта спрачацца? Калі я не ўпэўнена, тым больш не буду спрачацца. Я паважаю чужую думку, але магу яе не падзяляць. У мяне на ўсё ёсць сваё бачанне. Вельмі люблю дарыць і ніколі не шкадую пра страчанае, бо я бачыла смерць. Таму разумею, што ўсё ў жыцці часовае. Мы хочам зрабіць студыі, у якіх будзем "ацыркачваць" таленавітых дзяцей. Бо адораных новых артыстаў трэба шукаць. Мы цяпер у пачатку гэтага шляху. Я супраць абязлічвання артыстаў. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, вядомая беларуская гімнастка Юлія Раскіна працавала ў славутым цырку Сіrquе du Sоlеіl. Там яе штодзень грыміравалі ў курачку і адпраўлялі на сцэну ў натоўпе іншых дзяўчат. Ніхто не ведаў ні яе прозвішча, ні яе заслуг. А ў Мінску я зрабіла з яе зорку, цыркавую артыстку, яе запрашаюць на гастролі. Цырк і спорт — не адно і тое ж. І работа на вынік вельмі адрозніваецца ад работы на гледача. У мяне атрымліваецца "ацыркачваць". Я шкадую людзей, бяздумна не звальняю. Здараецца, сваруся. Але я вельмі мала даю вымоў, таму што чалавек з вымовай адразу пазбаўляецца прэміі. А вы самі ведаеце, якія заробкі ў культуры... (Таццяна Бандарчук заспяшалася. "Я павінна ісці, бо артысты пакрыўдзяцца, што не бачаць мяне ў глядацкай зале"). Надзея ДРЫЛА. Фота Надзеі БУЖАН і з асабістага архіва Таццяны Бандарчук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Таццянай БАНДАРЧУК, дырэктарам-мастацкім кіраўніком Белдзяржцырка, мы сустрэліся ва ўтульнай цыркавой кавярні. Размаўлялі пад "акампанемент" смеху і...
|
|