Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным
08.12.2012
—
Новости Общества
|
Першая сярод роўных У нас. На саміце лідараў краін СНД вырашана, што ў 2013 годзе Беларусь будзе старшынстваваць у гэтай міжнароднай арганізацыі. Такая падзея, безумоўна, адносіцца да сферы знешняй палітыкі, але ў гэтым выпадку закранае многія пытанні ўнутры Беларусі — хаця б таму, што штаб-кватэра СНД размешчана ў Мінску.
За апошнія дваццаць гадоў неаданаразова прапаноўваліся розныя праекты рэфармавання СНД. Апошні раз (і самы гучны) — у сакавіку 2010 года Ігарам Шувалавым, на той час першым расійскім віцэ-прэм'ерам, на Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу. Тады здавалася, што Крэмль вылучае СНД у якасці асноўнай пляцоўкі для развіцця інтэграцыйных працэсаў паміж былымі саюзнымі рэспублікамі. Але словы так і засталіся словамі. Зараз, на фоне імклівага руху наперад Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, роля СНД зноў аказалася пад пытаннем. І пераход старшынства ў арганізацыі да Беларусі бачыцца як ніколі своечасовым. Наша дзяржава, адзін з галоўных рухавікоў інтэграцыі на еўразійскай прасторы, валодае ўнікальнай якасцю. Усе тыя арганізацыі і аб'яднанні, якія яна ўзначальвае, атрымліваюць новы імпульс да развіцця. Ні для каго не сакрэт, што Саюзная дзяржава дасягнула такой высокай ступені шчыльнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю ў значнай ступені дзякуючы таму, што старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка. У АДКБ падчас старшынства Беларусі значна павысіўся ўзровень ваеннай, найперш ваенна-тэхнічнай, кааперацыі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі. Таму ў наступным годзе, калі Беларусь будзе першай сярод роўных у СНД, трэба чакаць новых інтэграцыйных ініцыятыў. І яшчэ. Безумоўным дасягненнем Ашхабадскага саміту стала дамоўленасць пра сумеснае святкаванне краінамі СНД 70‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта проста правільна і справядліва — і тут няма чаго дадаць. Вакол нас. На жаль, змрочны сцэнарый развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе пасля г.зв. "арабскай вясны" стаў рэчаіснасцю. У Сірыі працягваецца грамадзянская вайна. На вуліцах Туніса, некалі адной з самых свецкіх краін рэгіёна, з'яўляецца ўсё больш жанчын у паранджы, а ісламісты, якія набіраюць моц, пачынаюць адпужваць замежных турыстаў. Лівія фактычна падзелена паміж рознымі племяннымі кланамі. На гэтым тыдні максімальна абвастрылася сітуацыя ў Егіпце. Што ж адбываецца ў краіне? Нічога дзіўнага. Чарговы прэзідэнт — Мухамад Мурсі — вырашыў усталяваць уласную дыктатуру. Праўда, гэтым разам у імя рэвалюцыі. Кіраўнік Егіпта прапанаваў прыняць канстытуцыйную дэкларацыю, што дазваляе яму прымаць любыя дэкрэты, зноў жа "ў абарону рэвалюцыі", якія потым нельга абскардзіць у судзе. І гэта выклікала сур'ёзную заклапочанасць як у самім Егіпце, так і за яго межамі. Справа ў тым, што Мурсі — прадстаўнік радыкальнай ісламісцкай арганізацыі "Браты-мусульмане". Гэта адна з самых старых палітычных партый на Блізкім Усходзе, якая дзейнічае адразу ў некалькіх мусульманскіх краінах, пераважна арабскіх. Яе палітычны цэнтр знаходзіцца ў Егіпце. Свецкія кіраўнікі, няхай сабе і аўтарытарныя, жорсткімі захадамі стрымлівалі рост уплыву "Братоў-мусульман", што выступаюць за стварэнне ісламісцкай дзяржавы. Але рэвалюцыйная хваля мінулага года знесла ўсе перашкоды на шляху да ўлады перад самымі радыкальнымі элементамі ісламістаў. Зараз відавочна, што насуперак марам і фантазіям палітыкаў ЗША і Еўрасаюза мінулагоднія "рэвалюцыі" сталі зусім не ліберальна-дэмакратычнымі, а ісламісцкімі. У сувязі з гэтым не можа не ўражваць тая ўпартасць, з якой Захад падтрымлівае ўзброеную сірыйскую апазіцыю, найбольш з'яднанае і ўплывовае ядро якой прадстаўляюць таксама ісламісты. А пакуль у Егіпце зноў пралілася кроў, зноў з'явіліся танкі на вуліцах Каіра. Сцэнарый развіцця падзей усё больш, хаця і з пэўнай нацяжкай, нагадвае Рускую рэвалюцыю 1917 года, якая прайшла шлях ад лютага да кастрычніка. З гісторыі. 5 снежня 1867 года ў вёсцы Зулаў Свянцянскага павета Віленскай губерні нарадзіўся Юзэф Пілсудскі, чалавек, якому было наканавана адыграць надзвычай важную ролю не толькі ў польскай гісторыі, але і беларускай. У апошнія дваццаць гадоў сталі з'яўляцца публікацыі, у якіх Пілсудскага называюць беларусам. На першы погляд, а чаму не? Нарадзіўся на этнічнай беларускай тэрыторыі, у межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта павярхоўнае меркаванне. Вядома, Пілсудскі быў палякам, шчырым, адданым, сапраўдным патрыётам. Яго дзяцінства і юнацтва прыпалі на эпоху палітыкі русіфікацыі, якая праводзілася ў Польшчы. Таму кажуць, што марай Юзэфа было ўзяць Маскву і на мурах Крамля напісаць: "Гаварыць па-руску забараняецца". Пілсудскі прысвяціў барацьбе за адраджэнне Польскай дзяржавы ўсё сваё жыццё. І дамогся рэалізацыі пастаўленай мэты. Іншая справа, што рабіў ён гэта за кошт суседніх народаў, у тым ліку і беларускага. У красавіку 1919 года, калі польскія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі, "начальнік дзяржавы" выдаў дэкларацыю "Да грамадзян былога Вялікага Княства Літоўскага", у якой абяцаў роўныя правы і ледзьве не аўтаномію. Трэба сказаць, што пэўныя палітычныя колы і частка інтэлігенцыі паверылі абяцанням. Увогуле, Пілсудскі любіў паразмаўляць пра аўтаномныя правы "нацыянальных меншасцяў". Але гэтыя словы не спраўджваліся. Калі маршал здзейсніў пераварот у 1926 годзе і стаў поўнаўладным дыктатарам, беларусам, як і ўкраінцам, яўрэям і літоўцам, якія жылі ў Польшчы, давялося на сябе зазнаць, што такое гэтая "аўтаномія". Закрыццё школ, газет, часопісаў, павальныя арышты, а ў самым канцы яго праўлення — канцлагер ў Бярозе-Картузскай. Ды і палякам, тым, хто не згаджаўся з воляй Пілсудскага, даводзілася не лепш. Міжваенная дыктатура Пілсудскага і яго спадкаемцаў была адной з самых жорсткіх у тагачаснай Еўропе. І ўраджэнец Віленшчыны, адданы патрыёт і герой сваёй краіны, у нашай беларускай гісторыі застанецца як адна з самых змрочных постацяў. gіgіn@bеltа.bу, zvіаzdа.bу Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першая сярод роўных У нас. На саміце лідараў краін СНД вырашана, што ў 2013 годзе Беларусь будзе старшынстваваць у гэтай міжнароднай арганізацыі. Такая падзея,... |
|