Натхнёныя Радзімай. 21.by

Натхнёныя Радзімай

18.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сярод вядомых выхадцаў з Беларусі — заснавальнік карпарацыі Metro-Goldwin-Mayer і першы прэзідэнт Ізраіля

Цяжка пералічыць, колькі таленавітых навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў дала Беларусь свету. Сярод іх — нацыянальны герой ЗША Тадэвуш Касцюшка, рэлігійны дзеяч Францішак Дзеружынскі,  прэзідэнт парламента на Гаваях Мікалай Судзілоўскі, вучоны Ігнат Дамейка, спявак Міхал Забейда-Суміцкі, мастак Тамара Стагановіч  і многія іншыя. Свой след беларусы пакінулі амаль у кожнай краіне свету. Толькі пра ўклад беларусаў у развіццё ізраільскай дзяржавы можна выдаваць асобную кнігу. Ідэю такога выдання абмеркавалі на нядаўнім круглым стале ў Інстытуце культуры Беларусі “Беларусь—Ізраіль: міжнародны культурны дыялог”.  А пакуль кніга не ўбачыла свет, прапануем пазнаёміцца з пяцёркай цікавых, таленавітых і неардынарных асоб з беларускімі каранямі, якія зрабілі сабе імя за мяжой.

Уладальнік Нобеля
Жарэс Алфёраў з Віцебска, вядомы савецкі і расійскі фізік, удастоены  Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур.
Скончыўшы з залатым медалём сярэднюю школу ў Мінску, па парадзе свайго настаўніка фізікі Жарэс паехаў паступаць у Ленінград. Пасля Ленінградскага электратэхнічнага інстытута імя Ульянава, куды, дарэчы, ён быў прыняты без экзаменаў, працаваў ў Фізіка-тэхнічным інстытуце імя Ёфэ, спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, пасля — дырэктарам і навуковым кіраўніком. Сёння Жарэс — дэпутат Дзярждумы РФ, старшыня прэзідыума Санкт-Пецярбургскага навуковага цэнтра РАН, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, галоўны рэдактар “Лістоў у “Часопіс тэхнічнай фізікі”. Акрамя гэтага, Алфёраў ініцыяваў прэмію “Глабальная энергія” і заснаваў Фонд падтрымкі адукацыі і навукі, у стварэнне якога ўклаў траціну атрыманай ім Нобелеўскай прэміі.

Аматар коней і кіно
Луіс Барт Маер, выхадзец з Мінска, заснаваў карпарацыю Metro-Goldwin-Mayer, якая ў 1930-я гады была найбуйнейшай кінакампаніяй Галівуда, а таксама ініцыяваў стварэнне галоўнай кінапрэміі “Оскар”.
Сям’я Маер пераехала з Беларусі ў ЗША ў 1897 годзе, калі Луісу (Лазару па нараджэнні) было каля двух гадоў. Спачатку Маеры жылі ў Злучаных Штатах, пасля перабраліся ў Канаду, дзе бацька Луіса адкрыў фірму “Маер і сыны” (“J. Mayer & Son”) па зборы металалому і ўтылізацыі бытавых адходаў. “Металургічны” бізнес нейкі час быў асноўным і для Луіса, пакуль ён выпадкова не ўладкаваўся ў Бостанскі кінатэатр. У 1907 годзе ініцыятыўны беларус адкрывае свой першы кінатэатр, пазней — уласнае дыстрыбутарскае агенцтва ў Бостане, сумесную карпарацыю Metro Pictures са сваёй кінастудыяй і яшчэ шмат іншых кампаній і арганізацый. Але, напэўна, дасягненнем Маера была карпарацыя Metro-Goldwin-Mayer. Луіс Маер вядомы таксама як таленавіты прадзюсар (самы паспяховы фільм — “Бен-Гур”, зняты ў 1925 годзе) і конезаводчык.

Бізнесмен з душою філантропа
Сімха Баеўскі (больш вядомы як Сідні Баерскі Маер), ураджэнец Крычава, стварыў магутнейшую сетку ўнівермагаў у Аўстраліі, якая сёння налічвае больш за дзве тысячы крам і каля паўмільёна супрацоўнікаў.
Сімха іміграваў у Мельбурн, дзе ўжо некалькі гадоў жыў яго брат, у 1899 годзе. У далёкую Аўстралію ён прыбыў у адзіным касцюме  з трыма пенсамі ў кішэні. Але трэба было неяк выжываць. Браты арандавалі ў мястэчку Бендзіга, за сотню кіламетраў ад Мельбурна, нешта накшталт барака і стварылі там магазін тканін, які і паклаў пачатак Маераўскай кар’еры. Сідні Маер быў таксама вядучым філантропам Аўстраліі — дарыў велізарныя сумы дзіцячым бальніцам, субсідзіраваў Мельбурнскі ўніверсітэт, аплачваў рэгулярныя дабрачынныя канцэрты створанага ім жа Нацыянальнага сімфанічнага аркестра. Пасля смерці Сімхі быў заснаваны Фонд Маера, які да сённяшняга дня працягвае дабрачынныя традыцыі вядомага ўраджэнца Беларусі.

Прэзідэнт са шматдзетнай сям’і
Хаім Вейцман з беларускага мястэчка Моталь стаў першым прэзідэнтам Ізраіля.
Хаім быў трэцім з пятнаццаці дзяцей у свайго бацькі-лесасплаўшчыка. Атрымаўшы традыцыйную яўрэйскую адукацыю і скончыўшы Пінскае рэальнае вучылішча, юнак захапіўся хіміяй і з’ехаў вывучаць яе ў Германію і Швейцарыю. У 1897 годзе, калі Хаіму было 23 гады, ён атрымаў ступень доктара навук . За год да таго малады вучоны далучыўся да сіянісцкага вучэння, а праз некалькі месяцаў ужо ўдзельнічаў у рабоце Сусветнага сіянісцкага кангрэса. Хаім быў палымяным абаронцам яўрэйскага народа і прыхільнікам стварэння дзяржавы яўрэяў. У многім дзякуючы яму на сусветнай карце і з’явіўся Ізраіль. Стаўшы прэзідэнтам новастворанай дзяржавы, Хаім заклаў практычна ўсе асновы, на якіх грунтуецца сучасны Ізраіль, — палітычныя, эканамічныя, сацыяльна-бытавыя і культурныя.

Горад і кветка ў гонар беларуса
Ігнат Дамейка з маёнтка Мядзведка Навагрудскага павета, вядомы вучоны, быў прызнаны нацыянальным героем Чылі.
Пасля манастырскай школы ў Шчучыне Дамейка паступіў у 1816 годзе на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў, у паўстанні 1830—1831 гадоў у Польшчы і Беларусі, пасля чаго па аб’ектыўных прычынах эміграваў. Спачатку Дамейка вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўніверсітэта, займаўся даследаваннямі. У 1837 годзе па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў прыняў прапанову чылійскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы ў горадзе Какімба на поўначы Чылі. Там Дамейка чытаў лекцыі, дапамагаў у правядзенні рэформ чылійскіх універсітэтаў, арганізаваў для моладзі курсы па вывучэнні фізікі і хіміі, заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, стварыў заалагічную калекцыю і арганізаваў геалагічныя экспедыцыі. Чылійцы настолькі высока ацанілі заслугі беларуса, што абвясцілі Дамейку нацыянальным героем, а таксама зрабілі ў яго гонар памятны медаль, яго імем назвалі адзін з партовых гарадоў (Пуэрта-Дамейка), вулканічны ланцуг гор у Андах працягласцю каля 350 кіламетраў, а таксама адкрыты ім мінерал (дамейкіт) і фіялкавую кветку (“віела дамейкана”).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сярод вядомых выхадцаў з Беларусі — заснавальнік карпарацыі Metro-Goldwin-Mayer і першы прэзідэнт Ізраіля
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика