Сашына ўсмешка. 21.by

Сашына ўсмешка

21.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтай спартсменцы я паставіла б помнік ужо зараз. Ісці па жыцці з усмешкай на вуснах — няпроста. А паспяваць пры гэтым заваёўваць медалі, трэніруючыся па паўдня шэсць разоў на тыдзень, знаходзіць у такім цэйтноце час на добрыя ўчынкі, быць заўсёды на віду і заставацца абсалютна шчырым і добразычлівым чалавекам — амаль немагчыма. Але гэта не міф, не казка, а паўсядзённае жыццё двухразовай сярэбранай прызёркі лонданскай Алімпіяды Аляксандры Герасімені.

"Як ні дзіўна, але на чэмпіянаце свету я добра адпачыла. Звычайна на спаборніцтвах ні на што не хапае часу, толькі трэніроўкі і выступленні, а ў гэты раз я вельмі камфортна сябе адчувала, паспявала нават высыпацца. Безумоўна, я шчаслівая, што хапіла сіл не толькі на алімпійскі адрэзак, але і на канцоўку сезона. У мяне часта пытаюцца, якая з узнагарод гэтага года самая каштоўная. Гэта ўсё адно, што спытаць у маці, каго са сваіх дзяцей яна любіць больш. Як тут выбраць?! Кожная перамога засталася ў памяці яркім выбліскам, незабыўным успамінам. Да канца гэтага года ў мяне яшчэ запланавана выступленне на міжнародным турніры імя Уладзіміра Сальнікава ў Санкт-Пецярбургу. А потым буду рыхтавацца да сустрэчы Новага года. У гэты раз вырашыла святкаваць дома з роднымі і блізкімі. Даўно такога не было, трэба вяртацца да добрай традыцыі. У наступным годзе хачу ўзяць невялікую паўзу. Буду адпачываць, вучыцца, займуся асабістым жыццём. Хутчэй за ўсё, прапушчу чэмпіянат свету, а вось на летнюю Універсіяду ў Казані абавязкова паеду. Гэтыя спаборніцтвы для мяне — святое".

Напрыканцы Аляксандра, як і паабяцала на нядаўнім ушанаванні алімпійцаў, уручыла ўзнагароды лепшым спартыўным журналістам года. На працягу тыдня на сайтах рrеssbаll.bу і tut.bу ішло галасаванне, па выніках якога вышэйшую адзнаку сваёй творчасці атрымаў журналіст газеты "Прессбол" Сяргей Новікаў. Акрамя гэтага, алімпійская прызёрка адзначыла прафесійнае майстэрства Юрыя Міхалевіча, Ганны Эйсмант і Сяргея Вярсоцкага, падарыўшы журналістам памятныя сувеніры.

Пасля прэс-канферэнцыі ўдалося задаць Сашы некалькі пытанняў.

— У тваім жыцці вялікае месца займае дабрачынны праект "Мары збываюцца". Раскажы, калі ласка, пра гэту ініцыятыву?

— Праект прыдумалі разам з сябрамі і калегамі. Падтрымліваем хворых дзетак і іх бацькоў, наведваем выхаванцаў дзіцячых дамоў — увогуле дапамагаем тым, хто мае патрэбу ў гэтым. Я вельмі ўдзячна кожнаму, хто далучыўся да нашай вялікай сям'і, насамрэч неабыякавых людзей у нас хапае. Вядома, ёсць пэўныя цяжкасці. Паступова выводзім праект на міжнародны ўзровень. Хацелі правесці акцыю ў Лондане пасля Алімпіяды, але не атрымалася. Было шмат няўвязак, праблем з візамі... Але мы стараемся і далей развівацца ў гэтым напрамку.


  — Не ўсе публічныя людзі афішуюць сваю дабрачынную дзейнасць. А некаторыя, наадварот, робяць усё, што толькі магчыма, каб папулярызаваць падобную ініцыятыву ў грамадстве. Як ты ставішся да гэтага?

— Я належу якраз да тых, хто не імкнецца афішаваць усе свае справы. Але трэба зразумець, што любая дзейнасць публічных людзей так ці інакш прыцягвае ўвагу, як бы ты ні хацеў штосьці пакінуць у тайне. Аднак і ў гэтым ёсць свае плюсы. Калі наш прыклад можа стаць штуршком для іншых, чаму не?!

— Не так даўно ты задалася мэтай арганізаваць аматарскі турнір па плаванні для дзяцей. Як ідзе гэтая справа?

— А вось тут усё выдатна. Мы супрацоўнічаем з Рэспубліканскім цэнтрам адукацыі, ужо рыхтуецца палажэнне, будзем рассылаць па школах, шукаць удзельнікаў. Безумоўна, гэта досыць працяглы працэс. Але зараз я дома і буду кантраляваць развіццё падзей. Думаю, праз некалькі месяцаў — напэўна, увесну — ўжо пачнуцца першыя этапы спаборніцтваў.

— Трэніроўкі, спаборніцтвы, дабрачынныя праекты, грамадская дзейнасць... Гэты спіс можна працягваць. Здаецца, павінна стамляцца, але ты заўсёды ў добрым настроі і з ўсмешкай на твары. У чым твой сакрэт?

— Часам я аджартоўваюся, што натрэніравала мышцы на твары, вось і не магу перастаць усміхацца <І>(смяецца) . Насамрэч у мяне гэта атрымліваецца неяк аўтаматычна, я нават не адчуваю і не заўважаю. Проста люблю сустракацца з людзьмі, размаўляць з імі, абменьвацца ўражаннямі. Ад гэтага атрымліваеш каласальны энергетычны зарад! Вось і з'яўляецца ўсмешка.

— Кажуць, што ідэальных людзей не бывае. Згодная з гэтым ці паспрачаешся?

— Абсалютна згодна. І я далёка не ідэал. Як і ў кожнага, у мяне ёсць звычайныя чалавечыя недахопы і слабасці.

— Якія, напрыклад?

— Безумоўна, я не стану ў гэтым прызнавацца (смяецца). Калі толькі пра самае бяскрыўднае... Напрыклад, я страшная гультайка. Ніхто не верыць, але гэта так. Таму добра, калі ў мяне шмат нейкіх спраў. Тады ў канцы дня я магу сказаць сабе: "Ну, не так уж я і гультайнічала сёння!"

— Дарэчы, пра ляноту. Які для цябе самы лепшы рэлакс — пеністая ванна са свечкамі, шопінг ці яшчэ нешта?

— Не, не, гэта не мой адпачынак. А вось цішыня, утульны пакой і цікавая кніга — іншая справа.

Развітваючыся з Сашай, злавіла сябе на думцы, што ледзь не ўпершыню мне неяк асабліва камфортна і спакойна пасля размовы з вельмі вядомым чалавекам. І самой захацелася ўсміхацца. Ісці па марозным снежным Мінску і проста дарыць усмешку мінакам.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтай спартсменцы я паставіла б помнік ужо зараз. Ісці па жыцці з усмешкай на вуснах — няпроста. А паспяваць пры гэтым заваёўваць медалі, трэніруючыся па паўдня...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика