Найчасцей падвалы затапляюць самі жыхары. 21.by

Найчасцей падвалы затапляюць самі жыхары

26.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Без гумовых ботаў у падвал дома па Вялікім Гасцінцы, 74-а не зайсці.

Жыхары пяціпавярхоўкі па Вялікім Гасцінцы, 74-а сустрэлі карэспандэнта “РГ” у гумовых ботах.

– Пераабуйцеся хоць у мае, вы ж так нічога не ўбачыце, – прапанавала адна з жыхарак дома.

І сапраўды, без гумовых ботаў хадзіць па падвале немагчыма. Вада стаіць на некалькі сантыметраў. На падлозе ляжаць дошкі, але нават  ходзячы па іх, абутак намочыш. На сценах павуцінне і сляды ад смаўжоў.

– І гэта ж цяпер ужо маразы, дажджоў даўно няма, а вада так і стаіць, – гаворыць Нэлі Пятроўна, якая правяла мяне па падвале. – А калі дажджы, то так і лье праз шчыліны ў фундаменце і адмостцы, проста ручаямі цячэ, і вады па калена.

Дыхаць у падвале зусім не хочацца. Пахне тухлінай і сырасцю.

– Мы тут пасяліліся, як толькі дом здалі, – распавядае жыхарка дома. – За 48 гадоў капрамонту не было. Некаторыя работы, праўда, усё ж вялі: перакрылі дах, замянілі вадасцёкавыя трубы, адрамантавалі асвятленне падвала. Але галоўная наша бяда – гэта вада ў падвале, і ніяк яе не вырашаць. Часам майстры, якіх выклікаем, у падвал і не заходзяць. Кажуць, што ў іх ботаў няма. Зімой галубы трапляюць у вентыляцыйную шахту і здыхаюць там. Мы тэлефанавалі, каб нам прачысцілі, бо не было ніякай вентыляцыі. Пытаемся, а чаму ніжэй не прабіваеце. Адказваюць, што тыя людзі не звярталіся. А мы ж ужо колькі гадоў так жывём, ад 2005 года толькі я дабіваюся рамонту.

Што кідаюць у каналізацыю

Як паведаміў загадчык аддзялення камунальнай гігіены Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (ЦГіЭ) Міхаіл Міхалевіч, найчасцей вада ў падвале збіраецца з-за таго, што забівае каналізацыю. А забіваюць яе самі жыхары:

– Многія не ўмеюць карыстацца каналізацыяй. Кідаюць туды анучы, лупіны ад бульбы, сродкі гігіены. А нават паперу нельга кідаць ва ўнітаз, бо яна не раствараецца і потым забівае. Колькі кідаюць, столькі і забівае. Трэба было б запрашаць усіх жыхароў, калі сантэхнікі дастаюць, што знайшлі ў забітай каналізацыі. У Літве, напрыклад, у такіх выпадках жыхары збіраюць сур’ёзную суму, прыкладна нашых пяць мільёнаў рублёў, і тады ім ліквідуюць затор. І дастануць ці памперс, ці яшчэ нешта. А ў нас гэта бясплатна, таму і забівае пастаянна. Рубель – лепшы настаўнік у гэтай справе. Заплаціўшы аднойчы, другі раз падумаеш, што куды трэба выкідаць.

У выпадках, калі ў доме здарылася аварыя, звяртайцеся з пісьмовай заявай у ваша ЖРЭУ. На працягу сутак праблему павінны вырашыць. Калі на заяву ЖРЭУ не адрэагавала, варта звяртацца ў ЦГіЭ.

Калі домакіраўніцтва несвоечасова ліквідавала аварыю і яе наступствы, супрацоўнікі ЦГіЭ выпішуць рэкамендацыю, як хутка трэба вырашыць праблему. Калі рэкамендацыю не выканаюць у тэрмін, штраф атрымлівае службовая асоба ЖРЭУ.

Дому патрэбны рамонт

Сітуацыю каментуе начальнік ЖРЭУ №2 Валеры Віткоўскі:

– Чысцілі ў гэтым доме якраз у суботу, забіла каналізацыю. Што мы з затораў не дастаём, ажно няёмка гаварыць. Бывае, што нават смецце проста бяруць і выкідваюць, ці лупіны ад кавуна. Аднойчы сапсаваныя агуркі даставалі! Але ў гэтым доме праблема не толькі ў тым, што забівае каналізацыю. У час, калі будзе раставаць снег, пасля дажджу, вада ўсё роўна з’явіцца. Так стаіць дом. Трэба праводзіць працы па водаізаляцыі ці водаадвядзенні, аднак гэта патрабуе грошай, якіх мы цяпер не знойдзем. Ёсць яшчэ адзін варыянт – падняць падлогу, яе варта забетанаваць. Аднак на такую працу пакуль таксама няма сродкаў.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхары пяціпавярхоўкі па Вялікім Гасцінцы, 74-а сустрэлі карэспандэнта “РГ” у гумовых ботах.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика