Новы год на “новым” месцы. 21.by

Новы год на “новым” месцы

29.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Навагрудскія выратавальнікі ў навагоднюю ноч жадаюць землякам дабрабыту, а на вуліцы Новай у Мінску ў наступным годзе чакаецца бэбі-бум

У кожным кутку нашай планеты, у кожным населеным пункце той ці іншай краіны, у кожнай асобна ўзятай сям’і гадамі склаліся свае традыцыі провадаў старога і сустрэчы новага года. Аднак традыцыя загадваць жаданне пад бой курантаў існуе, бадай, усюды: нам хочацца верыць, што наступны год будзе лепшым, чым мінулы, што ўсе непрыемнасці застануцца ў мінулым, а лепшыя моманты перанясуцца ў будучыню. Бо кожны наступны год — НОВЫ, і ён звычайна асацыюецца з абнаўленнем, чысцінёй, паспяховым пачаткам чарговага жыццёвага этапу. Вось такое магічнае значэнне мае гэтае, здавалася б, звычайнае слова. Цікава, а як складаецца жыццё ў жыхароў тых населеных пунктаў, у назвах якіх прысутнічае слова “новы”? Па ідэі, для іх кожны дзень павінен быць як новая старонка жыцця, а ў навагоднюю ноч павінна збывацца ўдвая больш жаданняў. Карэспандэнты “НГ” вырашылі паверыць у цуды і высветліць, ці так гэта на самай справе. Папярэдне вывучыўшы карту Беларусі, мы адправіліся ў “новыя” куточкі краіны, каб пацікавіцца ў мясцовых жыхароў, якой яркай падзеяй запомніўся ім мінулы год, якія іх чаканні ад новага года і планы на святочную ноч.

З будучым папаўненнем!

Новы год жыхары сталіцы Алеся і Іван Жвірко будуць сустракаць у абноўленай кватэры, якую яны атрымалі некалькі гадоў таму ў новабудоўлі па вуліцы Новай у Мінску. Літаральна за некалькі тыдняў да свята маладая сям’я скончыла ў сваім гняздзечку грандыёзны рамонт, які расцягнуўся на некалькі гадоў.

— Цяпер вось будзем рыхтавацца да свята, якое вырашылі правесці менавіта тут, — гаворыць Алеся. — У навагоднюю ноч да нас далучацца мае бацькі, сябры сям’і, якім апошнім часам з-за доўгага рамонту не ўдавалася надаць належнай увагі. Такім чынам заб’ём адразу некалькіх зайцоў: і паразмаўляем, і абноўленую кватэру пакажам, і Новы год разам сустрэнем.

Самай доўгачаканай падзеяй наступнага года для Алеся і Вані стане з’яўленне на свет іх першынца — дачушкі Іначкі. Імя гэтае будучая мама прыдумала яшчэ ў дзяцінстве, у гонар бабулі, якая была для яе самым дарагім чалавекам. Муж ідэю Алесі цалкам падтрымаў. Для малышкі ўжо і пакой асобны падрыхтаваны: месяц-паўтара засталося да з’яўлення чалавечка ў гэтай дружнай сям’і, і трэба быць падрыхтаванымі да такой падзеі.

— Дарэчы, у наступным годзе ў нашым доме чакаецца сапраўдны бэбі-бум, — далучаецца Іван. — Толькі ў нашым пад’ездзе прыбаўкі ў сям’і чакае трынаццаць сем’яў: дом новы, і жывуць тут у асноўным маладыя сямейныя пары. Хочацца верыць, што гэтае супадзенне — 2013 і 13 дзетак — прынясе шчасце нашым нашчадкам.

У Новай Гуце — усё “гуд”!

Хоць у Новы год мытнікам даводзіцца працаваць, некалькі хвілін для радасці пад бой курантаў яны знаходзяць. Па-сапраўднаму адчуць свята ім дапамагаюць работнікі культуры. Дырэктар Дома культуры ў Новай Гуце Гомельскай вобласці Святлана Задарожная старанна прадумляе сцэнарыі, а потым разам з артыстамі накіроўваецца на “гастролі”.

— Мы заўсёды рады нашым артыстам, — расказвае начальнік філіяла дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства “Белмытнясервіс” Васіль Гнацюк. — Спектакль ад прафесіяналаў стварае па-сапраўднаму святочны настрой. Гэты год быў для нас плённым у працы, і так хочацца, каб з сабой у наступны год мы ўзялі толькі самае добрае. Год Чорнай Вадзяной Змяі абавязкова будзем сустракаць з думкамі аб тым, што ўсе задуманыя планы рэалізуюцца, а асабістыя мары ажыццявяцца. А на працы і ў нашых сем’ях будуць панаваць лад і ўзаемаразуменне!”

Гуляе рэха ля Замкавай гары

“Дзякаваць Богу, што ў саму навагоднюю ноч пажараў і розных здарэнняў амаль не адзначаецца, — расказвае інспектар упраўлення прапаганды і навучання насельніцтва Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Герасімчык. — Статыстыка пагаршаецца ў першыя дні новага года. Нават калі дзяжурства выпадае на навагоднюю ноч, не засмучаюся. Бо даўно ўсвядоміў: гэта мая праца. А калі б думаў інакш, то адразу не абраў бы сабе такую прафесію. Хаця з выбарам я вызначыўся яшчэ калі вучыўся ў школе. Мая мама Валянціна Уладзіміраўна сямнаццаць гадоў адпрацавала дыспетчарам цэнтра аператыўнага ўпраўлення пажарнай часці ў Слоніме. Таму я, можна сказаць, вырас сярод пажарных”.

Навагрудскія выратавальнікі сустракаюць Новы год з кубачкам гарбаты і тортам. Кажуць, на выпадак чаго галава павінна быць светлая. І заўсёды пад бой курантаў успамінаюць, якім быў год мінулы, ставяць задачы на будучыню і ў думках заўсёды жадаюць дабрабыту і шчасця ўсім сваім землякам.

“Гэты год быў плённым, насычаным падзеямі, — адзначае Алег Герасімчык. — Хацелася б, каб наступны год быў для людзей розных прафесій яшчэ больш паспяховым!”

Усё для людзей

“Адыходзячы год быў багатым на падзеі, — падзяліўся старшыня Навамышскага сельскага савета Іван Бяшэйка. — Вось некаторыя з найбольш значных. Дванаццаць населеных пунктаў Указам кіраўніка дзяржавы № 306 ад 9 ліпеня 2012 года “Аб некаторых пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання горада Баранавічы і Баранавіцкаага раёна” былі ўключаны ў склад райцэнтра, у тым ліку і дзве нашыя вёскі — Зорная і Бараўцы. Старшыня нашага Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Мяфодзьевіч Язубец стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У РСУП “Брэстплемпрадпрыемства”, якое знаходзіцца на тэрыторыі Навамышскага сельсавета, поўным ходам пайшла мадэрнізацыя”.

У сваёй працы мясцовая ўлада старалася быць як мага бліжэй да людзей і дапамагаць ім у вырашэнні хвалюючых пытанняў. Яны, на першы погляд, нязначныя, але па сутнасці сваёй вельмі важныя. Напрыклад, жыхарцы Новай Мышы Надзеі Тарасюгінай прывезлі сухія колатыя дровы. Надзея Георгіеўна, чалавек пажылы, была ў час вайны вязнем. У яе няма родных, таму дапамога была дарэчы.

Многія ведаюць, як праблематычна стала дабірацца ў многія населеныя пункты Беларусі. Але жыхары вёсак, якія знаходзяцца на тэрыторыі Навамышскага сельсавета, у гэтую заснежаную зіму не адчувалі нязручнасцяў, паколькі тут своечасова чысцяцца ўсе дарогі. І людзі вельмі ўдзячныя за гэта работнікам адпаведных службаў.

Без цяжкасцяў усе жадаючыя дабяруцца на навагоднюю ёлку ў пасёлак Мір. Там на спорткомплексе “Лыжаролерная траса” работнікі аддзела культуры арганізуюць для дзяцей свята ля ёлкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі са шматдзетных і няпоўных сем’яў, адораныя дзеці, запэўніў Іван Вікенцьевіч, доўга не забудуць гэты навагодні сюрпрыз.

“Усе рыхтуемся да Новага года і спадзяёмся, што ён прынясе толькі добрае”, — дадаў ён.

У свяце і наш уклад

Новы Быхаў — цікавы населены пункт. У ім пражывае 800 чалавек. А раней гэта было вялікае мястэчка ў Быхаўскім раёне, у якім размяшчаліся дзве сінагогі і праваслаўная царква. На жаль, гэтыя помнікі не захаваліся. “Але памяць пра іх захоўваюць людзі, памятаюць аднавяскоўцы і іншыя гістарычныя падзеі, — адзначае ляснічы Навабыхаўскага лясніцтва Віктар Шушлакоў. — Напрыклад, у 2012 годзе, калі прайшло 200 год пасля Айчыннай вайны, у Новым Быхаве адкрылі памятны знак, прысвечаны пераправе цераз Днепр войскаў Баграціёна.

Канец года заўсёды звязаны з многімі клопатамі. У нашага суразмоўцы яны былі не толькі прыемныя. Шмат клопатаў прычыняе снег. Пад снежнымі шубамі ламаюцца галіны і пакутуюць тонкія дрэвы. Даводзіцца тэрмінова наводзіць у лясной гаспадарцы парадак. У лясніцтве выпісваюць лесарубачныя білеты, хутка пачнецца ўборка пашкоджаных дрэваў.

Новы год, зразумела, нельга ўявіць без лясной прыгажуні. І дзве ёлкі — у мясцовую школу і Дом культуры — работнікі лясніцтва ўжо даставілі. “Будзе радасць і дзятве, і дарослым, і ў гэтым ёсць наш уклад”, — радуецца ляснічы Шушлакоў.

А потым кожны праводзіць стары год і сустрэне новы з сям’ёй. “Мы чакаем у госці дзяцей з Мінска, але калі ў іх не атрымаецца прыехаць, сустрэнем свята з жонкай, — гаворыць Віктар Васільевіч. — Мая Святлана Сцяпанаўна родам з Украіны, таму пачастуе рознымі прысмакамі”.

Год, багаты на юбілеі

Найбольш знакавай падзеяй у адыходзячым годзе для супрацоўнікаў прыпыначнага пункта Новае жыццё, які знаходзіцца ў горадзе Крупкі, як і для ўсіх чыгуначнікаў краіны стала 150-годдзе Беларускай чыгункі. Яшчэ адзін, уласны, своеасаблівы юбілей адзначыла і білетны касір прыпыначнага пункта Новае жыццё Алена Панкавец: вось ужо год яна працуе на гэтым рабочым месцы. Да гэтага знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку.

— На працу выходзіла з задавальненнем: у апошнія месяцы дэкрэта адчувала, што ўжо заседзелася дома, — гаворыць Алена. — Тым не менш уся наша сям’я з нецярплівасцю чакае вялікіх выхадных і Новы год. Я лічу, што гэтае свята трэба адзначаць з сям’ёй — з самымі дарагімі і блізкімі людзьмі. Таму гэты год не стане для нас выключэннем: будзем сустракаць Год Змяі разам з мужам, дзіцем і маім татам.

Паводле слоў Алены Панкавец, для кожнай маці самае галоўнае — каб яе дзіця не хварэла, таму менавіта гэтае жаданне яна загадае пад бой курантаў. Не забудзецца і аб прыпыначным пункце Новае жыццё: лепшае пажаданне для яго працы — паболей пасажыраў.

— Яшчэ хочацца, каб у наступныя гады было паменей размоў пра канец свету, — жадае Алена Панкавец.

— Вядома ж, у нас на станцыі ніхто ў гэта не верыў, але жартаў на гэтую тэму 21 снежня было нямала. Але я лічыла, што ў свеце было шмат людзей, якія ўсур’ёз рыхтаваліся да канца свету.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навагрудскія выратавальнікі ў навагоднюю ноч жадаюць землякам дабрабыту, а на вуліцы Новай у Мінску ў наступным годзе чакаецца бэбі-бум
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика